Вы тут

«Педагагічнае валанцёрства — найлепшая практыка»


За актыўнае развіццё і папулярызацыю валанцёрскага руху сярод студэнцкай моладзі прэміяй Прэзідэнта «За духоўнае адраджэнне» быў адзначаны калектыў Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.


Рэктар БДПУ, прафесар Аляксандр ЖУК лічыць такія чалавечыя якасці, як міласэрнасць, дабрыня, цярплівасць, любоў да бліжняга, абавязковымі для будучых педагогаў, бо перш, чым выхоўваць і вучыць дзіця, яго трэба палюбіць.

— Актыўны ўдзел нашых студэнтаў у валанцёрскай дзейнасці спрыяе фарміраванню ў іх не толькі прафесійных кампетэнцый, але і актыўнай грамадзянскай пазіцыі, развіццю духоўна-маральных і гуманістычных каштоўнасцяў, засваенню найважнейшага сацыяльнага досведу, — падкрэслівае ён. — Зараз ва ўніверсітэце дзейнічаюць 10 валанцёрскіх клубаў і аб'яднанняў, якія ахопліваюць больш як 1300 студэнтаў. Валанцёры ўніверсітэта забяспечваюць сацыяльнае патранаванне выхаванцаў дзіцячых дамоў, школ-інтэрнатаў, прытулкаў, цэнтраў рэабілітацыі, аказваюць дапамогу пажылым людзям, інвалідам і ветэранам, арганізуюць педагагічнае суправаджэнне дзяцей і падлеткаў, удзельнічаюць у рэстаўрацыйных работах і гэтак далей. Пры гэтым у нас ёсць і свая спецыфіка: веды, якія студэнты атрымліваюць на вучэбных занятках, дазваляюць ім ажыццяўляць псіхолага-педагагічнае суправаджэнне дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця (АПФР), дзяцей-інвалідаў, дзяцей-сірот і дзяцей, што засталіся без бацькоўскай апекі. Асабліва актыўна педагагічнае суправаджэнне дзяцей з АПФР забяспечваюць студэнты Інстытута інклюзіўнай адукацыі з валанцёрскага аб'яднання «Роўнасць». Менавіта яны аказваюць сацыяльна-псіхалагічную падтрымку і дапамогу дзецям з цяжкімі і множнымі парушэннямі псіхафізічнага развіцця, аўтызмам, сіндромам Даўна, парушэннямі апорна-рухальнага апарату, слыху, зроку, маўлення.

Добраахвотніцтва ў педагагічным універсітэце грунтуецца на спалучэнні традыцый, пераемнасці і інавацыйных формаў дабрачыннасці. Найстарэйшае наша валанцёрскае аб'яднанне — агульнаўніверсітэцкі клуб «Міласэрнасць». Мэта яго ўдзельнікаў — дапамагчы наладзіць узаемаадносіны паміж грамадствам і асаблівымі дзецьмі. Дзіцячыя дамы, Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр дзіцячай анкалогіі і гематалогіі ў Бараўлянах, адаптацыйна-аздараўленчая ўстанова «Востраў надзеі», дзіцячы дом-інтэрнат для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ў Навінках — вось далёка не поўны пералік арганізацый, дзе нашы студэнты ўжо даўно сталі частымі гасцямі. З верасня 2014 года рэалізуецца праект «Бальнічны клоўн», скіраваны на сацыяльна-псіхалагічную рэабілітацыю дзяцей, якія знаходзяцца на лячэнні ў стацыянарах сталічных бальніц.

Два гады таму ў БДПУ адкрыўся валанцёрскі Цэнтр псіхалагічнай дапамогі замяшчальным сем'ям. На базе цэнтра дзейнічае пастаянны семінар-практыкум «Свет замяшчальнай сям'і» для прыёмных сем'яў і сем'яў усынавіцеляў.

Яшчэ адзін унікальны праект — валанцёрскі атрад «Дзеці сталіцы». У цэнтры ўвагі студэнтаў аказваюцца тыя дзеці, якія засталіся на лета ў горадзе. Валанцёры ходзяць па дварах, збіраюць школьнікаў, арганізуюць для іх спаборніцтвы, майстар-класы, конкурсы і гульні. Дзякуючы падтрымцы камісіі па справах непаўналетніх у работу праекта ўключаюцца дзеці і падлеткі з дэвіянтнымі паводзінамі.

Па словах Аляксандра Жука, валанцёрства стала адным з відаў педагагічнай практыкі студэнтаў. Выкладчыкі заўважылі, што першакурснікі і другакурснікі, якія займаюцца педагагічным валанцёрствам, сталі зусім па-іншаму ставіцца да лекцый па педагогіцы і псіхалогіі, іх матывацыя павысілася. Непасрэдная праца з дзецьмі — гэта найлепшая практыка, без якой любая тэорыя не мае сэнсу.

А ў апошнія два гады ў БДПУ стала актыўна развівацца яшчэ і спартыўнае валанцёрства: будучыя педагогі ахвотна ўдзельнічаюць у правядзенні гарадскіх і рэспубліканскіх спартыўных мерапрыемстваў і спаборніцтваў, у тым ліку і для асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkаlаеvа@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?