Вы тут

Уведзены бязвізавы рэжым для 80 краін


Прэзідэнт дзяржавы Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ №8 «Аб устанаўленні бязвізавага парадку ўезду і выезду замежных грамадзян». Дакумент устанаўлівае адпаведную магчымасць наведвання нашай краіны на тэрмін не большы за 5 сутак для грамадзян 80 дзяржаў. Умова — уезд праз Нацыянальны аэрапорт Мінск.


Указ распаўсюджваецца на 39 краін Еўропы, уключаючы ўвесь Еўрасаюз, а таксама Бразілію, Інданезію, ЗША, Японію і іншыя дзяржавы. Як гаворыцца ў дакуменце, у першую чаргу, гэта спрыяльныя ў міграцыйным плане дзяржавы, стратэгічныя партнёры Беларусі і краіны, што ў аднабаковым парадку ўвялі бязвізавы рэжым у дачыненні да беларускіх грамадзян. Новыя правілы ахопліваюць таксама такую катэгорыю, як неграмадзяне Латвіі і асобы без грамадзянства Эстоніі.

Паведамляецца, што такое рашэнне накіравана на актывізацыю падарожжаў бізнесменаў, турыстаў, прыватных асоб, якія маюць агульнаграмадзянскія пашпарты. Дзеянне дакумента не будзе распаўсюджвацца на замежнікаў, што ажыццяўляюць афіцыйныя паездкі.

Як адзначыў начальнік галоўнага консульскага ўпраўлення Міністэрства замежных спраў Ігар ФІСЕНКА, 80 дзяржаў — гэта асноўныя партнёры Беларусі ў свеце — усе еўрапейскія краіны, развітыя эканомікі свету, найбуйнейшыя краіны, якія развіваюцца.

«Спіс краін, натуральна, не выпадковы, і гаворка ідзе пра тое, каб адкрыць нашу краіну фактычна для ўсяго свету», — сказаў Ігар Фісенка. Ён таксама растлумачыў, чаму магчымасць бязвізавага знаходжання ў Беларусі ўстаноўлена на пяць сутак. «Гэта менавіта той тэрмін, на працягу якога замежніку няма неабходнасці рэгістравацца ў органах унутраных спраў. Такім чынам, у тых замежнікаў, якія будуць прыбываць без віз праз Нацыянальны аэрапорт Мінск, не будзе неабходнасці наогул выконваць нейкія фармальнасці: ні атрымліваць візу, ні рэгістравацца», — заявіў Ігар Фісенка.

«У плане афіцыйных кантактаў мы лічым, што неабходна прытрымлівацца правілаў узаемнасці. Гэта значыць, мы будзем адкрывацца для афіцыйных кантактаў роўна настолькі, наколькі да гэтага будуць гатовы нашы партнёры. Такія прапановы намі накіраваныя. Спадзяёмся, што ў найбліжэйшы час мы атрымаем рэакцыю», — дадаў начальнік галоўнага консульскага ўпраўлення МЗС.

Ён нагадаў, што на працягу апошніх некалькіх гадоў Беларусь паслядоўна ішла да гэтага кроку. Спачатку было прынята рашэнне аб устанаўленні бязвізавага ўезду ў Белавежскую пушчу, а затым — у рэгіён, які прылягае да Аўгустоўскага канала. Вяршыняй гэтага працэсу, па словах Ігара Фісенкі, стала рашэнне, якое адкрывае фактычна ўсю краіну для бязвізавага ўезду.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Адкрытыя практычна для ўсяго свету

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.