Вы тут

Абітурыент-2017: новыя правілы


Абітурыенты, якія будуць здаваць будучым летам ЦТ і якім не пашчасціць стаць студэнтамі, пры жаданні змогуць паспрабаваць паступіць са сваімі сертыфікатамі і ў наступным годзе. Прыёмныя камісіі будуць прымаць у абітурыентаў у 2018 годзе сертыфікаты як узору 2018 года, так і вынікі здачы ЦТ у 2017 годзе. Таксама ў прэтэндэнта на студэнцкі білет будзе магчымасць выбраць з вынікаў здачы ЦТ за два гады сертыфікаты з найлепшымі для сябе баламі і заявіць у прыёмную камісію, скажам, сертыфікат па матэматыцы за 2017 год, а па фізіцы за 2018 год. Павелічэнне тэрміну дзеяння сертыфікатаў ЦТ на два гады — адно з галоўных новаўвядзенняў, запісаных у новых Правілах прыёму ў ВНУ і ССНУ, якія былі зацверджаны Указам кіраўніка нашай дзяржавы 9 студзеня.


— Гэта мера дапаможа абітурыентам больш спакойна ставіцца да прыёмнай кампаніі і зменшыць нервознасць, — упэўнены першы намеснік міністра адукацыі Вадзім БОГУШ.

Каб не застацца за бортам

Яшчэ адно важнае новаўвядзенне — магчымасць здачы цэнтралізаванага тэсціравання па чатырох вучэбных прадметах. Адказны сакратар прыёмнай камісіі БДУ, дэкан факультэта даўніверсітэцкай адукацыі Вячаслаў МАЛАФЕЕЎ патлумачыў, што наяўнасць чацвёртага сертыфіката асабліва важная для спецыяльнасцяў, якія знаходзяцца на стыку галін ці прадметных абласцей. Скажам, пры паступленні на хімічны факультэт БДУ на спецыяльнасць «хімія лекавых злучэнняў» трэба здаваць хімію і біялогію, а на «хімію высокіх энергій» — хімію і матэматыку. І калі абітурыент не праходзіць па сваіх балах на запатрабаваную ў моладзі першую спецыяльнасць, то ён не можа падаць свае дакументы на іншую спецыяльнасць хімічнага факультэта. На геаграфічным факультэце ёсць спецыяльнасці, дзе профільнымі дысцыплінамі з'яўляюцца геаграфія і матэматыка, а ёсць спецыяльнасць, дзе трэба прад'явіць сертыфікаты па геаграфіі і фізіцы (надзвычай рэдкі набор сертыфікатаў, які больш нідзе не патрабуецца). Цяпер абітурыенты, маючы на руках чатыры сертыфікаты, змогуць спакойна выбіраць з пераліку спецыяльнасцяў у межах аднаго факультэта.

А вось баяцца змяненняў у структуры ЦТ у гэтым годзе не варта. Частка А ( з варыянтамі адказаў) і В (без прадастаўлення выбару) застаюцца ва ўсіх тэстах. З'яўленне часткі С, дзе абітурыент павінен даць разгорнуты адказ ці напісаць міні-эсэ, якая ёсць у тэстах расійскага Адзінага дзяржаўнага экзамену, пакуль нашым абітурыентам не пагражае.

Дадатковы шанц

Істотным плюсам можна лічыць з'яўленне трох рэзервовых дзён для здачы ЦТ. Раней быў прадугледжаны ўсяго адзін такі дзень, і калі абітурыент захварэў і прапусціў, напрыклад, два ЦТ, ён вымушаны быў страчваць цэлы год. Да таго ж спартсмены маглі прапусціць здачу ЦТ з-за важных спаборніцтваў, музыканты — з прычыны ўдзелу ў фестывалях і г.д. Цяпер у іх будзе магчымасць скарыстацца рэзервовымі днямі. Таксама тры рэзервовыя дні для правядзення ЦТ дадуць шанц паўдзельнічаць у конкурсе на бюджэтныя месцы абітурыентам з Расіі, Казахстана, Кыргызстана і Таджыкістана, якія не паспявалі прыехаць у Беларусь у чэрвені, каб здаць ЦТ разам з беларусамі, паколькі ў гэты ж час яны здавалі свае нацыянальныя экзамены. У іх была адзіная магчымасць стаць студэнтам беларускай ВНУ — праходзіць субяседаванне восенню і паступаць на платную форму навучання як замежным грамадзянам з адпаведнымі «расцэнкамі» за вучобу.

Начальнік упраўлення вышэйшай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей КАСПЯРОВІЧ расказаў, што пры паступленні на скарочаную форму навучання ў ВНУ выпускнікам каледжаў цяпер не трэба будзе здаваць ЦТ.

— Размова ідзе пра выпускнікоў каледжаў, якія паступаюць на роднасныя спецыяльнасці ў ВНУ, — патлумачыў ён. — Для гэтай катэгорыі абітурыентаў прадугледжаны два ўступныя экзамены па дысцыплінах вучэбнага плана сярэдняй спецыяльнай адукацыі, што вызначаюцца прыёмнай камісіяй ВНУ. Раней абітурыенты павінны былі здаваць ЦТ па рускай ці беларускай мове, а таксама непасрэдна ў ВНУ вуснае або пісьмовае выпрабаванне па профільным прадмеце, які яны вывучалі ў каледжы. Цяпер сітуацыя для іх змяняецца....

Значна спрашчаюцца ўмовы для паступлення абітурыентаў на спецыяльнасці сельскагаспадарчага профілю.

— Яны змогуць здаваць па выбары або цэнтралізаванае тэсціраванне і падаваць у прыёмную камісію свае сертыфікаты, або здаваць унутраныя экзамены, — праінфармаваў Сяргей Каспяровіч. — Для ўсіх, хто паступае ў ВНУ сельскагаспадарчага профілю, а таксама ў ВНУ іншага профілю, але на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці, вызначаны адзіны падыход. Абітурыенты будуць здаваць толькі два ўступныя іспыты па профільных прадметах. Здаваць экзамен па дзяржаўнай мове ім не давядзецца.

Льгота... па рэкамендацыі

Вельмі важнае змяненне ў новай рэдакцыі правілаў тычыцца выпускнікоў педагагічных класаў. Сёння ў 11-х класах профільнай педагагічнай накіраванасці навучаюцца каля 1,5 тысячы чалавек па ўсёй краіне. Яны змогуць паступаць на педагагічныя спецыяльнасці без здачы ЦТ па выніках субяседавання. Але для таго, каб скарыстацца такой прывілеяй, выпускнікі павінны будуць выканаць шэраг даволі жорсткіх патрабаванняў.

Адзнакі па профільных прадметах у іх павінны быць не ніжэй за 8 балаў, а па ўсіх астатніх прадметах школьнай праграмы — не ніжэй як 7 балаў. Акрамя таго, старшакласнікі павінны абавязкова засвоіць праграму факультатыва «Увядзенне ў педагагічную прафесію» аб'ёмам 140 вучэбных гадзін за два гады. І, нарэшце, кожны прэтэндэнт на льготу павінен будзе атрымаць разгорнутую характарыстыку-рэкамендацыю, зацверджаную педсаветам. А яна выдаецца па выніках створанага адзінаццацікласнікам уласнага партфоліа. Гэта значыць, што школа нясе поўную адказнасць за аб'ектыўнасць выдадзенай рэкамендацыі. Уключэнне гэтай нормы ў Правілы прыёму дазволіць вырашыць задачу, пастаўленую Прэзідэнтам, — адабраць на педагагічныя спецыяльнасці добра матываваных і падрыхтаваных абітурыентаў.

Але ёсць тут і «лыжка дзёгцю». Выпускнікам педагагічных класаў, якія будуць паступаць па выніках субяседавання, трэба будзе адпрацаваць па размеркаванні пяць гадоў, а не два, як абітурыентам, якія паступаюць на агульных падставах.

Адказны сакратар прыёмнай камісіі, дэкан факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі БДПУ імя М.Танка Сяргей ЯКАВЕНКА лічыць, што пяцігадовая адпрацоўка па размеркаванні не адштурхне абітурыентаў з ліку выпускнікоў педагагічных класаў.

— Мы праводзілі маніторынг і ўстанавілі, што 65—80% выпускнікоў, адпрацаваўшы два гады пасля заканчэння ўніверсітэта, застаюцца ў той жа школе. Напрыклад, у Клецкім раёне засталіся 100%, у Бярэзінскім — 91%, у Мядзельскім — 83%, — прывёў ён свае аргументы. — Не варта забываць, што ў невялікіх населеных пунктах школа з'яўляецца надзейным працоўным месцам. У гэтым пытанні таксама многае залежыць ад падтрымкі маладых спецыялістаў мясцовымі ўладамі. Разам з тым, калі выпускнікі педкласаў не пажадаюць паступаць ва ўніверсітэт на такіх умовах, яны змогуць удзельнічаць у агульным конкурсе і здаваць пры паступленні цэнтралізаванае тэсціраванне.

Захавалася льгота на паступленне без экзаменаў на педагагічныя спецыяльнасці таксама і для ўладальнікаў школьных медалёў, дыпломаў аб заканчэнні ССНУ з адзнакай і пераможцаў алімпіяд.

З іншых змяненняў, якія былі ўнесены ў новы парадак прыёму, варта адзначыць магчымасць паступаць на завочную форму навучання жанчынам, якія знаходзяцца ў водпуску па доглядзе за дзіцем, без наяўнасці ў іх стажу працы па профілю будучай спецыяльнасці. А пры паступленні на спецыяльнасці сацыяльнага профілю ўладальнікі валанцёрскіх кніжак будуць мець пераважнае права на залічэнне пры іншых роўных умовах.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Чатыры тэсты і партфоліа

Каментары

Будзем шчырымі -- нашы адзінаццацікласнікі, што навучаюцца ў педагагічным класе, расчараваныя: калі ім абяцалі прадастаўленне льготы ў выглядзе гутаркі замест здачы ЦТ, ніхто не казаў пра тое, што за “прывілею” давядзецца потым адпрацоўваць пяць гадоў па месцы, куды размяркуюць маладога настаўніка. Прашу заўважыць: пяць гадоў у аднаго наймальніка павінны адпрацаваць і выпускнікі, якія заключылі дагавор аб мэтавым накіраванні. Яны таксама знаходзяцца падчас прыёмнай кампаніі ў прывілеяваным становішчы, ідуць фактычна па-за конкурсам. Але няўжо да прэтэндэнтаў на мэтавую падрыхтоўку прад’яўляюцца такія жорсткія патрабаванні, якія будуць прад’яўляцца да выпускнікоў педагагічных класаў: па паспяховасці, па балах у атэстаце, па наяўнасці ў іх партфоліа і рэкамендацыі ад педсавета школы? Не сакрэт, што “мэтавікі” – далёка не самыя моцныя абітурыенты. А з педагагічнымі спецыяльнасцямі цяпер складваецца дзіўная сітуацыя: школьныя медалісты і пераможцы алімпіяд паступаюць туды без экзаменаў і ім не ставяць умову – адпрацавць пяць гадоў на адным месцы, плюс ёсць “мэтавікі”, плюс па выніках гутаркі будуць паступаць выпускнікі педагагічных класаў. А калі яны не захочуць скарыстацца такой сумнеўнай прывілеяй? Ці застануцца месцы на агульны конкурс? У БДПУ ўжо летась не хапіла месца пераможцу абласной алімпіяды па гісторыі на гістарычным факультэце… Мне могуць запярэчыць: ідэя стварэння педагагічных класаў заключалася як раз у тым, каб на педагагічныя спецыяльнасці паступалі матываваныя абітурыенты. Так няўжо іх напужаюць пяць гадоў абавязковай адпрацоўкі на заказчыка кадраў? Тут ёсць нюансы: добра, калі малады настаўнік, а, хутчэй, маладая настаўніца, зможа змяніць школу, раён ці вобласць, калі зменяцца яе сямейныя абставіны. Што для нашага міністэрства галоўнае: каб малады педагог застаўся працаваць у сістэме адукацыі ці каб ён застаўся працаваць па месцы свайго размеркавання? Выпускнікі педкласа, якія будуць рабіць свой выбар на карысць педагагічнай спецыяльнасці, павінны быць упэўненыя, што ў іх будзе магчымасць пераразмеркавацца. У рэшце рэшт, можа, малады настаўнік захоча змяніць школу, у якой ён адчувае сябе няўтульна, дзе не ствараюць умовы для яго прафесійнага росту? Ці многія адважацца пасля школы прапісаць свой жыццёвы сцэнарый на шмат гадоў наперад? А, галоўнае, ці дазволяць ім зрабіць гэта бацькі? І ці захочуць у наступным годзе выпускнікі базавай школы выбраць педагагічны клас? Вельмі трывожна за добрую ідэю ў выглядзе педагагічных класаў…
Дзіўна, новы міністр адукацыі быццам бы выказваўся супраць выпадковага выбару прафесіі, зыходзячы з балаў ЦТ. А тут дазволілі здаваць ажно чатыры прадметы. Ну і мітусня цяпер чакае прыёмныя камісіі. Будуць падаваць і забіраць дакументы бясконца. А тут яшчэ і два паларылі. Выходзіць, што ляжаў абітурыент на печке, ні на што не прэтэндаваў, і тут раптам заўважыў, што ў гэтым годзе ён і са сваімі мінулагоднімі сертыфікатамі праходзіць. І напружвацца не трэба. Не трэба нават падручнікі гартаць. І вось гэта цяпер будзе лічыцца свядомым выбарам???? Дзе справядлівасць? Раней мы паступалі некалькі гадоў запар. І мала хто адмаўляўся ад свайго выбару. Медыцынскі інстытут штурмавалі па чатыры--пяць гадоў. Так давайце проста запісваць усіх ахвотных на першы курс. Як бачна, справа менавіта да гэтага ідзе. А потым проста адлічваць слабых студэнтаў пасля першай сесіі, а не цягнуць іх праўдамі-няпраўдамі да апошняга курса. Абы толькі грошы плацілі.

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

У свеце

Навошта Нарвегія назапасіла рэкордную «заначку»?

Навошта Нарвегія назапасіла рэкордную «заначку»?

​Актывы суверэннага фонду каралеўства Нарвегія перавысілі трыльён долараў.

Грамадства

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Дзет­ка­ві­чы

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Дзет­ка­ві­чы

У Дзеткавічах хоць і зарэгістравана сем чалавек, пастаянна пражываюць тры жанчыны. 

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра настаўніка года, непрадугледжаныя паводзіны і англійскі кампот.