Вы тут

Пра Янку Купалу разважаюць нашы сябры з Расіі


Купалаўскі год — выдатная асветніцкая, духоўная ініцыятыва. Народны пясняр у сваё 135-годдзе павінен выйсці за сцены музеяў і бібліятэк. Яго вершы павінны судакрануцца з душамі і сэрцамі беларусаў. І не толькі жыхароў Беларусі... Сёння пра Янку Купалу разважаюць нашы сябры з Расіі.


Сяргей Кандыбовіч, старшыня ФНКА «Беларусы Расіі» (Масква):

— Я асабіста атаясамляю Беларусь, сваю родную старонку, з праявамі культуры, духоўнасці. Таму лічу, што вобраз Янкі Купалы — самы каштоўны вобраз для захавання ў кожным з беларусаў прысутнасці сваёй Радзімы. Быў бы рады, калі б і сёлета ў Расіі, напрыклад, у Татарстане, з'явіўся яшчэ адзін помнік аўтару неўміручых вершаў. Тых вершаў, многія з якіх сталі песнямі, многія з якіх гучаць на ўвесь свет. Мне асабліва імпануе купалаўскае слова, агучанае вялікім ураджэнцам Расіі Уладзімірам Мулявіным, яго ансамблем «Песняры».


Лула Куні, паэт, галоўны рэдактар часопіса «Нана» (Чачэнская Рэспубліка, Грозны):

— Феномен высокай запатрабаванасці паэтычнай спадчыны Янкі Купалы, мяркую, — у акумуляванні ў ім своеасаблівага кода беларускага этнасу. Праўдзівасць паэтычнай інтанацыі, вернасць народнай мове, жаданне жыць і ствараць у адным «рытме сэрца» са сваім народам ставяць вялікага беларускага паэта ў адзін рад са знакавымі імёнамі класікаў сусветнай паэзіі. Доўгае існаванне ў цісках таталітарнай сістэмы прывучала нас да вострага ўспрымання глыбінных сэнсаў літаратуры. Вось таму такой актуальнай падаецца творчасць знакавых асоб у нацыянальных літаратурах савецкай дзяржавы ў сённяшняй культурнай прасторы постсавецкага перыяду. Гэта ж не толькі наша ўчора. Гэта наша сёння. Не ў выніку нейкай палітычнай рэмінісцэнцыі — а ў знак разумення пераемнасці выклікаў часу і наступальнага развіцця грамадскай самасвядомасці. Мо, таму такімі блізкімі кожнаму з нас падаюцца радкі Янкі Купалы, напісаныя яшчэ ў пачатку мінулага стагоддзя: «Хто ты гэткі?/ — Свой, тутэйшы. / Чаго хочаш?/ — Долі лепшай./ Якой долі?/ — Хлеба, солі. / А што болей?/ — Зямлі, волі. / Дзе радзіўся?/ — Ў сваёй вёсцы./ Дзе хрысціўся?/ — Пры дарожцы. / Чым асвенчан?/ — Кроўю, потам./ Чым быць хочаш?/ — Не быць скотам».

Высокі трагізм паэзіі Янкі Купалы прыцягвае ўвагу новых і новых пакаленняў чытачоў, робіць яе сучаснай і актуальнай сёння.


Роберт Мінулін, народны паэт Татарстана (Рэспубліка Татарстан, Казань):

— Янка Купала судакрануўся з нашай старонкай у ваенным ліхалецці. Народнага песняра Беларусі і цяпер памятаюць у Татарстане. Шмат перакладаў Купалу наш вядомы літаратар Закі Нуры, які, дарэчы, партызаніў у Беларусі ў складзе атрада Канстанціна Заслонава. Ды і іншыя татарскія мастакі слова былі ўважлівыя да творчай спадчыны сусветна вядомага творцы. Чым асабіста мне дарагі Купала? Не будзе перабольшаннем сказаць, што яго паэзія надзвычай зразумелая мне, як і кожнаму простаму чалавеку. У вершах беларускага паэта ёсць галоўнае — спрадвечнае імкненне людзей да лепшага і адкрытага, шчырага, сумленнага жыцця. Веру, што Янку Купалу будуць яшчэ доўга і доўга чытаць пакаленні нашых наступнікаў. Неўміручасць сапраўднай паэзіі грунтуецца на тым, што з вершаў легендарнага майстра нацыянальнай літаратуры крынічыць святло мар і памкненняў, жаданне зазірнуць за далягляды.

Запісаў Кастусь ЛАДУЦЬКА

Загаловак у газеце: Спасціжэнне народнага характару

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.