Вы тут

Анжаліка Пушнова верыць у цуд сацсетак і марыць сабраць «Мінск-Арэну»


Украінскі кампазітар Аляксей Малахаў — не брат, не сват і наогул не сваяк ніводнаму з тэле-Малахавых, але тым не менш персанаж у медыяпрасторы СНД добра вядомы. Рэч у тым, што поп-хіты ад Малахава вельмі запатрабаваныя ў вядомых расійскіх артыстаў першага эшалона — Алы Пугачовай, Мікалая Баскава, Дзіяны Гурцкой. А для Філіпа Кіркорава аўтар напісаў каля 50 песень, у тым ліку практычна ўсё шоу «Я»... Словам, заказваць песні ў Малахава — модна, прэстыжна і, пэўна ж, нятанна? Апошняе пытанне «Звязда» адрасавала маладой беларускай спявачцы Анжаліцы Пушновай, якая сёлета пачала супрацоўніцтва з кампазітарам.


— Грошы тут сыгралі далёка не першую ролю, — запэўнівае артыстка, — і наогул, як паказала практыка, у шоу-бізнесе не ўсё так адназначна, як падаецца на першы погляд. Заўжды можна дамовіцца, калі вельмі да чагосьці імкнешся. Лічу, сацыяльныя сеткі робяць нейкі цуд: мы ніколі не бачыліся асабіста, але знайшлі кантакт, нейкія кропкі судакранання — і Аляксей напісаў для мяне выдатную песню «Мой дзень пачынаецца нанова»! І сёлета якраз за гэту кампазіцыю я атрымала прэмію «Песня года Беларусі» (вельмі даўно марыла пра гэту ўзнагароду і шчаслівая, што ў маім рэпертуары з'явілася вартая яе песня).

А напачатку снежня, расказвае Анжаліка, таксама праз сацыяльныя сеткі яе знайшлі арганізатары дабрачыннага праекта «Майстры Дабрыні» і запрасілі на пераднавагодні фестываль у Маскву. «Мяркую, што ад падобных прапаноў, скіраваных на дапамогу дзецям, адмаўляцца проста нельга, якой бы велічыні ты не быў, — сур'ёзна заўважае дзяўчына, — таму пагадзілася з задавальненнем і ні хвілінкі не шкадавала».

— І што далей — чакаць новых цудаў ад сацыяльных сетак альбо прабівацца «ў тэлевізар», каб заваяваць свайго слухача?

— Вельмі малы працэнт артыстаў, у тым ліку нашых, беларускіх, сёння становяцца папулярнымі без удзелу ў міжнародных конкурсах, шоу і тэлепраектах. Я гэта добра разумею і, калі ўсё складзецца як след, налета паспрабую свае сілы ў расійскім «Голасе». А пакуль што радуюся чарговаму дасягненню — выхаду ў фінал нацыянальнага адбору «Еўрабачанне-2017», і, каб не распыляцца па дробязях, усе сілы аддаю падрыхтоўцы да вырашальнага канцэрта. Пра што яшчэ марыць у 2017-м, калі 2016-ты і без таго быў для мяне вельмі ўдалым? (Смяецца.) Ну, хіба пра тое, каб патэлефанаваў замежны прадзюсар з такой цікавай прапановай, ад якой немагчыма адмовіцца... Хаця, шчыра кажучы, мне вельмі пашанцавала: выдатны прадзюсар у мяне ўжо ёсць — гэта мой бацька, прафесійны музыкант, які з'яўляецца адначасова і маім дырэктарам, і прадзюсарам, і абаронцам інтарэсаў, без дапамогі якога я не дасягнула б значнай долі таго, што цяпер маю.

— На свята дазваляеце сабе творчыя канікулы ці, як большасць артыстаў, занятыя «ёлкамі»?

— Безумоўна, Новы год — гэта заўжды свята... і праца. Памятаю, яшчэ ў 9-м класе, пакуль аднакласнікі хадзілі у кіно, каталіся на лыжах, я працавала на рэспубліканскім свяце «Галоўная ёлка краіны» і выконвала там адну з галоўных роляў. Атрымалася так, што зімовых канікул у мяне наогул не было — як усе артысты, я іграла 3 спектаклі ў дзень, уключаючы 31 снежня, 2 і 3 студзеня. Але ніякай крыўды, маўляў, усе дзеці як дзеці, а я на рабоце, — такога не было, бо я займалася любімай справай і знаходзілася ў такой цудоўнай атмасферы, пра якую дагэтуль узгадваю з цеплынёй. Так што традыцыя працаваць на ёлках засталася — напрыклад, нядаўна я была Снягуркай для дзяцей спартсменаў на свяце ў Нацыянальным алімпійскім камітэце.

* * *

Застаецца нагадаць, што за плячыма 19-гадовай спявачкі Анжалікі Пушновай — не толькі 14 гадоў заняткаў музыкай, але таксама ўдзел у гуртах «Какеткі» і «Нясумны ўзрост», фіналы нацыянальных адбораў «Дзіцячай Новай хвалі» і «Дзіцячага Еўрабачання» і першы сольны канцэрт. «Канешне, гэта толькі першы крок — у будучыні я мару сабраць «Мінск-Арэну», — прызнаецца артыстка.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

tselyashuk@zviazda.by

Загаловак у газеце: Мой найлепшы прадзюсар — тата

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Падаткі на зямлю і нерухомасць трэба заплаціць да 15 лістапада

Падаткі на зямлю і нерухомасць трэба заплаціць да 15 лістапада

Тым, хто пратэрмінуе або забудзе ўнесці падатак, пагражаюць штраф, пені і ў выключных выпадках вас могуць не выпусціць з краіны.

Спорт

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

Ці так небяспечны парашутны спорт, як здаецца на першы погляд?