Вы тут

Як у XX стагоддзі цярпелі за рэлігію будынкі


Храмы, саборы, цэрквы, касцёлы, базілікі, кірхі — незлічоная колькасць культавых збудаванняў, якія з'яўляюцца галоўнымі славутасцямі таго ці іншага месца. Уражвае не толькі іх прыгажосць, але і здольнасць выстаяць: усе захопнікі, каб пазбавіць народ духоўнай апоры, заўсёды імкнуліся разбурыць іх у першую чаргу. У Мінска — свая карта гонару, на якой магло б быць значна больш аб'ектаў, калі б не нягоды гісторыі. «Звязда» даведалася, якія архітэктурныя скарбы страціла сталіца ў мінулым стагоддзі, што сталася з намоленымі месцамі і якія сляды згубленай велічы яшчэ можна адшукаць у пейзажах сучаснага горада.


Та­тар­ская мя­чэць.

Ад манахаў — афіцэрам. Пасля — музыкам?

У час Вялікай Айчыннай вайны ні адзін сталічны храм не быў цалкам разбураны: усе пашкоджанні можна было ліквідаваць з дапамогай рэстаўрацыі. Аднак ліквідаваць вырашылі не разбурэнні, а самі, бескарысныя ў гэты перыяд з пункту гледжання прамога прызначэння, збудаванні.

Так, у 1950 годзе быў знішчаны касцёл святога Тамаша Аквінскага, які знаходзіўся каля сучаснага будынка Палаца Рэспублікі з боку вуліцы Энгельса і быў галоўным храмам кляштара дамініканцаў. Як расказаў экскурсавод Аляксей Завадскі, яго пабудавалі ў самым пачатку XVІІ стагоддзя — у 1605 годзе. Непадалёк, у вусці Свіслачы, знаходзілася застава, дзе сплачвалі так званы «капытковы збор» за права ўезду ў горад. На гэтыя падаткі і пабудавалі вытанчаны, прыгожы, але ў той жа час вельмі ўмацаваны касцёл. Бо, акрамя сваёй галоўнай функцыі, ён выконваў яшчэ і абарончую: таўшчыня сцен складала 3 метры, былі нават спраектаваны спецыяльныя байніцы для гармат. Касцёл уваходзіў у абарончы перыметр: замест гарадскіх сцен выкарыстоўваліся добра ўмацаваныя каменныя храмы, якія знаходзіліся ў розных канцах горада. І гэтая функцыя была зусім не фармальнай: пры даследаванні касцёла на яго тэрыторыі выявілі вялікую колькасць чалавечых парэшткаў, пашкоджаных халоднай і агнястрэльнай зброяй. У XІX стагоддзі дамініканцы за падтрымку паўстання 1831 года страцілі месца набажэнстваў і касцёл быў прыстасаваны пад афіцэрскі клуб.

Ужо ў савецкія часы, у 1926 годзе, будынак у стылі барока ўнеслі ў спіс гістарычных каштоўнасцяў. Менавіта таму за пашкоджанні, нанесеныя яму падчас вайны, былі выплачаныя нямецкія рэпарацыі. Аднак на аднаўленне храма гэтыя грошы так і не пайшлі: змяніўся план горада, на Цэнтральнай (цяпер Кастрычніцкай) плошчы павінен быў з'явіцца манумент Сталіну, а касцёл, на думку праекціроўшчыкаў, быў не лепшым для яго фонам. Таму за адну ноч архітэктурны помнік знішчылі, а ўсяго праз некалькі гадоў таксама пад покрывам цемры прыбралі і постаць «правадыра народаў». На шчасце, цалкам ацалелі падземныя збудаванні касцёла, якія самі па сабе таксама з'яўляюцца каштоўнасцю. Пры ўзвядзенні Палаца Рэспублікі яны былі закансерваваны, так што пры жаданні храм можна аднавіць на тым жа месцы. Дарэчы, праект ужо існуе. Ён распрацаваны Грамадскім аб'яднаннем «Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры». Адзін з варыянтаў — задзейнічаць яго пад свецкія мэты, у прыватнасці, як «базу» для Прэзідэнцкага сімфанічнага аркестра.

Кас­цёл свя­то­га Та­ма­ша Аквін­ска­га.

Тутэйшыя: іўдзеі і мусульмане

Дарэчы, з'ява, калі на месцы разбуранага храма так і не ўзнікае новае збудаванне, даволі распаўсюджаная. Так, да гэтага часу пустуе тэрыторыя, якую раней займала Халодная сінагога: яна з'явілася ў Мінску ў канцы XVІ стагоддзя і доўгі час лічылася самым старым мураваным будынкам у горадзе. У 1965 годзе яна была знішчана, засталіся толькі рэшткі падмурка пад зямлёй, бо нібыта замінала будаўніцтву новай магістралі — дублёра галоўнага праспекта, з той жа прычыны быў знесены і цэлы раён — старая Няміга.

Сінагога ў гатычным стылі атрымала такую назву з-за сваёй значнасці. Звычайна іўдзеі дзяліліся на прыходы па прафесійнай прыкмеце, але існавала некалькі галоўных сінагог, дзе ўсе збіраліся разам толькі падчас вялікіх свят. Халодная — была адной з іх: у астатні час яна не абагравалася, таму тэмпература тут была сапраўды нізкай. Усяго ж у пачатку XX стагоддзя на тэрыторыі Мінска было 83 сінагогі. Адной з самых цікавых з архітэктурнага пункту гледжання з'яўлялася харальная сінагога на цяперашняй вуліцы Валадарскага. Яе пабудавалі ў 1906 годзе ў нетыповым для Беларусі маўрытанскім стылі. Фармальна ў савецкі час яна не была знішчана, аднак цалкам страціла сваё рэлігійнае прызначэнне: спачатку тут размясціўся самы вялікі на той момант кінатэатр, а пасля — драматычны тэатр, які цяпер носіць імя М. Горкага. Як адзначыў Аляксей Завадскі, ад незвычайнага стылю зараз нічога не засталося, а вось аб праўдзівым прызначэнні будынка ўсё ж можна здагадацца: на гэта паказваюць тры характэрныя акны, размешчаныя на другім паверсе.

А вось татарам, якія, як і яўрэі, пасяліліся на тэрыторыі Беларусі па запрашэнні вялікага князя Вітаўта, доўгі час не дазвалялася будаваць мураваныя храмы. І таму першая мураваная мячэць з'явілася ў Мінску толькі ў пачатку XX стагоддзя — у 1901 годзе. Яна выстаяла ў вайну, але стала ахвярай новай гарадской забудовы: неабходна было ўладкаваць рэстаран каля гасцініцы «Юбілейная». Адноўлена мячэць толькі летась — праз паўстагоддзя: практычна ў тым жа выглядзе, толькі павялічаная ў 4 разы, аднак на новым месцы — па вуліцы Грыбаедава. Туды ж былі перанесены камяні, якія засталіся ад разбуранай «папярэдніцы».

Лю­тэ­ран­ская кір­ха.

Гісторыя ў руінах

На тэрыторыі Беларусі ўжываліся прадстаўнікі як розных рэлігій, так і розных хрысціянскіх канфесій. У сярэдзіне XІX стагоддзя насупраць цяперашняга ўніверсама «Цэнтральны» была пабудавана лютэранская кірха ў класічным стылі. Яна моцна пацярпела падчас вайны, і яе вырашылі не аднаўляць. Зноў успомнілі аб мінскіх лютэранах летась, калі падчас дарожных работ на вуліцы К. Лібкнехта знайшлі парэшткі з могілак раёна Нямецкай слабады, якія зраўнялі з зямлёй у 1970-я. Некаторы час гарадскія ўлады не маглі прыняць рашэнне, што рабіць з астанкамі, аднак пасля адвялі ім месца на Паўночных могілках, дзе цяпер усталяваны памятны знак.

Дарэчы, з могілкамі суседнічаў кляштар бенедыкцінак, які знаходзіўся там, дзе цяпер Генпракуратура і кінатэатр «Перамога». Калі некропаль быў зачынены ў канцы XVІІІ стагоддзя, то будынку кляштара прыйшлося «заснуць вечным сном» у 1960-я. У XVІ стагоддзі на гэтым месцы размяшчаўся кальвінскі збор — першы пратэстанцкі храм Мінска. Адсюль пайшла і надоўга замацавалася і назва вуліцы — Зборавая, цяпер — Інтэрнацыянальная.

Яшчэ да вайны ў 1936 годзе была знішчана Казанская царква, якая знаходзілася на сучаснай плошчы Мяснікова. У народзе яна атрымала іншую назву — Чыгуначная, яе пабудавалі пры падтрымцы прадстаўнікоў гэтай транспартнай сферы. Гэта быў адзін з першых маштабных падрываў гістарычных будынкаў на тэрыторыі Беларусі, таму да яго правядзення рыхтаваліся грунтоўна: запрасілі спецыялістаў з Масквы і зладзілі «паказальны выступ» для кіраўніцтва рэспублікі, якое назірала за працэсам з балкона Дома ўрада. Тэрыторыя, якая вызвалілася, пустуе па сённяшні дзень, аднак убачыць царкву на свае вочы можна і цяпер: яе «блізняты» ў неавізантыйскім стылі ўпрыгожваюць вуліцы Вільні, Рыгі і Таліна.

А візітнай карткай Мінска «для сваіх» да гэтага часу застаюцца рэшткі Архірэйскага падворка. За Домам афіцэраў прытаіўся будынак былога царкоўна-гістарычнага музея, які адметны наяўнасцю дзвюх вежаў: праваслаўнага і каталіцкага тыпу. Комплекс з'явіўся ў Мінску ў пачатку XІX стагоддзя пасля далучэння беларускіх зямель да Расійскай імперыі і стварэння мясцовай епархіі. Пасля рэвалюцыі некаторы час тут размяшчаўся ўрад Беларусі. У 1934 годзе ў сувязі з узвядзеннем Дома афіцэраў падворак практычна цалкам быў знесены, аднак падмурак і некалькі сцен сталі асновай для новага збудавання.

Дар'я КАСКО

kasko@zvіazda.by

Загаловак у газеце: З агню ды ў полымя

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Большасць пацыентаў дыягназ успрымаюць адэкватна». Як працуюць выязныя брыгады, што лечаць пацыентаў з COVID-19 дома

«Большасць пацыентаў дыягназ успрымаюць адэкватна». Як працуюць выязныя брыгады, што лечаць пацыентаў з COVID-19 дома

З канца красавiка пацыентаў, хворых на каранавiрусную iнфекцыю ў лёгкай i бессiмптомнай форме, лечаць амбулаторна. 

Культура

Марыя Касцюковіч: Спачатку дзiцячае кiно было вялiкiм выхавальнiкам, а потым стала часткай дзяцiнства

Марыя Касцюковіч: Спачатку дзiцячае кiно было вялiкiм выхавальнiкам, а потым стала часткай дзяцiнства

У сферы нашай культуралагiчнай лiтаратуры чакаецца прыбаўленне: праз пэўны час пад цвёрдай вокладкай мы зможам знайсцi грунтоўнае i займальнае даследаванне беларускага дзiцячага кiно — таго, што ў савецкiя i постсавецкiя часы адмыслова стваралася для вельмi асаблiвай аўдыторыi. 

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

«...Мне ў той час было гадоў, можа, з дзесяць — многага не ведаў, не разумеў»...