Вы тут

Як дзеці робяць лялькі ў Слуцкім цэнтры традыцыйнай культуры


Са Слуцкага цэнтра традыцыйнай культуры я вярнулася не з пустымі рукамі. А з зайчыкам на пальчыку, якога навучыла мяне рабіць Таццяна Германовіч, кіраўнік калектыву аматарскай мастацкай творчасці «Беларуская лялька». У той жа вечар я даслала сваёй сястры ў Амерыку падрабязную відэаінструкцыю па вырабе гэтай абярэжнай цацкі. Праз некалькі гадзін атрымала ад яе ў адказ здымак з Мацвейкавым зайчыкам. Кажа, сын у захапленні.


Ма­ша рас­каз­вае пра сваю пер­шую ка­лек­цыю аб­ра­да­ва-абя­рэж­ных ля­лек, што ства­ры­ла пры да­па­мо­зе ма­мы.

У захапленні пакідалі заняткі Таццяны Міхайлаўны і дзяўчаткі. Кожная таксама панесла дадому па зробленым уласнаручна зайчыку.

— Зараз у крамах вельмі шмат розных цацак. Большасць з іх хутка ламаецца. Бацькі, як правіла, тут жа набываюць новыя забаўкі. Не дзіўна, што дзеці іх не цэняць. А вось калі сваімі рукамі зробяць — іншая справа. Бывае, занясуць дадому ляльку, а назаўтра прыбягаюць і кажуць: «Таццяна Міхайлаўна, тут я нешта пацягнула, і нітачка развязалася, трэба наладзіць».

Кабінет, дзе звычайна праводзіць заняткі Таццяна Германовіч, нагадвае сапраўдны музей. Якіх лялек там толькі няма! І батлеечныя, і пальчаткавыя, і, асабліва любімыя дзеткамі, абрадава-абярэжныя. У адных тварыкі тэкстыльныя, у іншых — выразаныя з дрэва ці адлітыя з пластыку... Але, што прыемна, большасць з іх маюць адзенне з беларускім каларытам.

— Мы з дзеткамі пастаянна эксперыментуем. Вось нядаўна апускалі ў ёмістасць з заваранай кавай тканіну, з якой потым шылі лялек. У выніку кожная мела свой непаўторны ўзор. Робім і папулярныя апошнім часам замежныя «тыльды», але выглядаюць яны ў нас, як сапраўдныя беларусікі (усміхаецца).

...Увесь той час, што мы разглядалі лялек, за сталом ціха сядзела дзяўчынка і дарабляла зайчыка (як высветлілася, гэта трэцякласніца Маша — дачушка Таццяны Міхайлаўны). Я ахвотна прыняла прапанову далучыцца да яе і атрымала невялічкі кавалачак тканіны.

— Акрамя тканіны, нам яшчэ спатрэбяцца ніткі, сінтэпон і маленькі бубенчык, — кажа Таццяна. — Зайчык на пальчык робіцца досыць лёгка. Як, прынамсі, і большасць абярэжных лялек. Тым не менш, кожная з іх мае глыбокае сімвалічнае значэнне. Праўда, Машуля? Раскажаш дзяўчатам пра лялькі, якія мы з табой рабілі на конкурс «Калыска талентаў»?

Маша ахвотна дастае з паліцы льняную падстаўку, на якой пяць прыгожых лялек у льняных строях з вышыўкай. І пачынае расказваць пра кожную (што парадавала) па-беларуску.

Вось та­ко­га зай­чы­ка на паль­чык зра­бі­ла мая сяст­ра для свай­го ма­лень­ка­га сы­на.

— Гэта Трохкольца. У яе (прапаноўвае памацаць) галава зроблена з пустога грэцкага арэха. Унутр яго я паклала 7 зярнятак грэчкі. Чуеце (трасе ляльку) ціхі і прыемны глухі гук? Ён супакойвае хворага чалавека. Часам гэтую ляльку давалі ў ручкі маленькім дзеткам, каб яны хутчэй засыналі.

— Трохкольцу таксама можна даваць дзеткам, у якіх рэжуцца зубкі, — дадае Таццяна. — Але больш за ўсё мае дзяўчаткі любяць рабіць ляльку на шчасце.

— Шчаслівіца, хоць сама і маленькая, але мае вельмі доўгую касу, — працягвае Маша. — Апошняя сімвалізуе шчасце, таму чым яна даўжэйшая і таўсцейшая — тым лепш.

— Нашы продкі косы звычайна рабілі з ільняной кудзелі, а лён, як вы ведаеце, мае вызначаную даўжыню, — кажа Таццяна. — Мы ж з дзеткамі бяром вязальныя ніткі. Дык дзяўчаты гатовыя гэтыя косы зрабіць на ўсю даўжыню кабінета.

— Касу абкручвалі вакол тулава Шчаслівіцы (паказвае) і насілі ляльку з сабой у кішэні, асабліва калі адпраўляліся ў падарожжа.

— Маша, а якая твая сама любімая лялька? — цікаўлюся.

— Пажадальніца. Бо ў яе шмат упрыгожванняў...

— Як і ўсім дзеткам, Машы падабаецца тое, што блішчыць, — усміхаецца Таццяна.

— Гэтую ляльку трэба ўпрыгожваць гузікамі, стужачкамі, пацеркамі і пры гэтым загадваць жаданне. Каб яно споўнілася, лепш схаваць Пажадальніцу ў шафу ці куфар, падалей ад чужых вачэй.

Паказала нам Маша і анёла з крыльцамі. Ён таксама, як і зайчык, надзяваецца на пальчык. Праўда, анёлак атрымліваецца крыху цяжэйшым, таму яго звычайна рабілі для старэйшых дзетак.

— Самае складанае ў зайчыку — гэта правільна замацаваць ніткай вушкі, — расказвае і паказвае Таццяна. — Дарэчы, пры вырабе абярэжных лялек ёсць правіла: вузлоў павінна быць тры. Гэта сакральная лічба, лічылася, што яна таксама здольная абараніць. А цяпер вазьміце кавалачак сінтэпону і сфармуйце галаву свайму зайчыку. Можна, як рабілі гэта нашы продкі, набіць яе абрэзкамі тканіны ці кавалачкам ільняной кудзелі. Але вату выкарыстоўваць не раю, бо цацка тады атрымаецца занадта цяжкай для маленькага дзіцяці.

На сва­іх за­ня­тках Тац­ця­на Гер­ма­но­віч зна­ё­міць дзе­так  і з тра­ды­цы­я­мі прод­каў. Вось гэ­та, на­прык­лад, ка­ля­доў­шчы­кі.

Упершыню Таццяна даведалася пра зайчыка на пальчык ад сваёй прабабулі. У вёсцы Семежава, адкуль яна родам, усе рабілі такія лялькі.

— Памятаю, прабабуля падштурхоўвала зайчыка рукой. І мне здавалася, што ён жывы. Бывала, яна якую-небудзь казку складзе на хаду пра зайчыка. Раю матулям, выпраўляючыся ў дарогу з малечай класці зайчыка з сабой ў кішэню. Як толькі дзіця пачне капрызіць — можна дастаць і пагуляць з ім.

Першую ж сваю ляльку Таццяна пашыла, калі яшчэ вучылася ў першым класе. Потым бабуля, майстрыха на ўсе рукі, навучыла яе вышываць.

— Калі вырасла, я таксама вучыла тут, у слуцкім цэнтры традыцыйнай культуры, дзяўчынак вышываць крыжыкам. У вольны ж час рабіла адзенне для пальчаткавых лялек, якія ўдзельнічалі ў пастаноўках нашага тэатра «Пралеска». Калі дырэктар даведалася, што ў Слуцку будзе праводзіцца першы абласны конкурс «Беларуская лялька», прапанавала паспрабаваць свае сілы. Тады я зрабіла па старадаўняй тэхналогіі вось гэтыя батлеечныя лялькі па матывах народнай казкі «Дзед і жораў». І атрымала за іх Гран-пры. Пасля гэтага мне прапанавалі весці гурток па вырабе беларускай лялькі.

— Чаму вы параіце бацькам запісваць сваіх дзетак у падобны гурток? — цікаўлюся ў Таццяны Міхайлаўны.

— У першую чаргу, тут развіваецца дробная маторыка. Мая дачка змалку шмат часу бавіць у цэнтры традыцыйнай культуры. Займаецца не толькі лялькамі, але і саломкай. І я бачу, што гэта добра адбіваецца на яе поспехах у школе. Акрамя таго, эстэтычны густ развіваецца. Спачатку ў дзяўчатак, калі яны бачаць шмат яркіх кавалачкаў тканіны — вочы разбягаюцца. Першыя лялькі ў іх атрымліваюцца, як правіла, занадта стракатыя. З цягам часу пачынаюць прыглядацца: а можа, тут гэтыя блішчынкі будуць лішнімі? Акрамя таго, выраб лялек — выдатная магчымасць далучыць дзетак да нашай спадчыны.

Беларускія лялькі ў свой час былі незаслужана забытыя. Зараз цікавасць да іх вяртаецца. Прычым не толькі ў дзетак. Лізу да мяне ў гурток прыводзіць бабуля. Пакуль я займаюся з дзяўчынкамі, Ніна Іванаўна, як правіла, сядзіць і вяжа. Дык вось нядаўна яна мяне прыемна здзівіла. Натхнілася нашымі заняткамі і зрабіла ўласнаручна дома вось гэтую скарбонку-траўніцу (яна напаўняецца духмянымі зёлкамі і кладзецца побач з ложкам, каб чалавеку сніліся добрыя сны), якую падарыла цэнтру.

На развітанне Таццяна з Машай падарылі нам з фатографам па Божаму воку. Гэта традыцыйная абярэжная беларуская лялька, падобная да ўсходняй мандалы. Вешалася яна ў прыхожай, якраз насупраць уваходных дзвярэй. Так, каб калі нейкі чалавек заходзіў, то яго погляд спачатку падаў на Божае вока. Лічылася, што яно забірае негатыўную энергетыку і засцерагае ад суроку.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

nadzieja@zviazda.by

Мінск—Слуцк

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Зайчык на пальчык

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.