У сям'і Вольгі і Уладзіслава ШАРАПАВЫХ трое дзяцей. Васьмікласнікі Мікіта і Лёша (сын Вольгі ад першага шлюбу і сын Уладзіслава і яго першай жонкі адпаведна), маленькая Юля (агульнае дзіця). Летась, калі нарадзілася дачка, бацькі звярнуліся ў адміністрацыю раёна, каб атрымаць пасведчанне шматдзетнай сям'і. Але чыноўнікі адмовілі. Прычына — адсутнасць блізкага сваяцтва. «Якая розніца? — здзіўляецца Вольга, якая цяпер спрабуе аспрэчыць гэта рашэнне. — Мы аднолькава клапоцімся пра ўсіх дзяцей».
Некалькі трактовак аднаго закона
Сям'я Шарапавых жыве ў сталічным мікрараёне Лошыца. Вольга, якая цяпер знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску (малодшай Юлі ўсяго восем месяцаў), сустракае нас у прасторнай кватэры і расказвае ўсю гісторыю па парадку.
У маі жанчына падала заяву ў адміністрацыю Ленінскага раёна Мінска аб выдачы пасведчання шматдзетнай сям'і. Сабрала таксама дакументы для налічэння сямейнага капіталу. Парадокс, але адкрыць рахунак для капіталу адміністрацыя дазволіла, а вось выпісаць пасведчанне адмовілася.
— Спачатку думала: не дык не, напэўна, яны маюць рацыю. Але потым глядзела адну беларускую перадачу па тэлебачанні, там выступаў адвакат якраз па маім пытанні. І ён сказаў, што не важна, родныя дзеці ці не, галоўнае — што яны знаходзяцца на ўтрыманні ў адной сям'і. І я пачала «капацца» ў гэтай тэме, — расказвае Вольга.
Яна сама юрыст па адукацыі, таму хутка разабралася ў заканадаўстве. Так, у артыкуле 62 Кодэкса аб шлюбе і сям'і запісана, што шматдзетнай лічыцца сям'я, дзе на ўтрыманні і выхаванні знаходзяцца трое і больш непаўналетніх. Ні слова пра сваяцтва. Вольга званіла таксама ў тэрытарыяльныя цэнтры сацабслугоўвання насельніцтва іншых раёнаў, дзе толькі пацвердзілі: яна мае рацыю. І нават адзначылі, што ў іх у падобных выпадках сем'і атрымлівалі пасведчанне.
— Чаму тады адным выдаюць, а другім — не? — задаецца лагічным пытаннем мінчанка. — Трактуюць закон, як каму захочацца.
«Мы не прэтэндуем на льготнае жыллё»
Вольга напісала скаргу ў Камітэт па працы, занятасці і сацабароне Мінгарвыканкама. Адтуль прыйшоў адказ, што пытанне аб прызнанні сям'і шматдзетнай павінна вырашацца мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі індывідуальна ў кожным канкрэтным выпадку. У сітуацыі Вольгі варта прыняць да ўвагі тое, што маці Лёшы памерла, а для дзяцей цяпер створаны добрыя ўмовы жыцця. Да таго ж у выпадку няяснасці прававога акта рашэнні павінны прымацца з максімальным улікам інтарэсаў зацікаўленых асоб.
Скаргу пераслалі ў адміністрацыю Ленінскага раёна. 28 лістапада Вольгу запрасілі на пасяджэнне. Настойвалі, каб яна ўсынавіла Лёшу, — тады не будзе ніякіх праблем.
На тым пасяджэнні кіраўнік адміністрацыі паабяцаў, што да канца тыдня прымуць рашэнне. Пазней жанчыне патэлефанавала дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра Ленінскага раёна, сказала, што пасведчанне сям'я ўсё ж такі атрымае. Маўляў, ужо ўсе паперы падрыхтаваны, кіраўніку адміністрацыі засталося толькі подпіс паставіць. А праз колькі дзён зноў званок: пасведчанне вырашылі не выдаваць.
Ні ў школы, ні ў тэрытарыяльнага цэнтра нараканняў на сям'ю няма. У кожнага хлопчыка ёсць асобны пакой, а бацькі клапоцяцца аб іх здароўі і развіцці, рыхтуюць да самастойнага жыцця.
— У Мікіты шмат грамат па матэматыцы, фізіцы, шахматах. Ён прадстаўляў школу на рэспубліканскім конкурсе «100 ідэй для Беларусі», атрымаў прыз на конкурсе «Ратавальнікі вачыма дзяцей». Нам з мужам школа выдала грамату за выдатнае выхаванне, — паказвае Вольга ўзнагароды, каб пацвердзіць: у іх прыстойная сям'я.
Пасведчанне мінчанка хоча атрымаць, каб у школе не плаціць за харчаванне.
— У месяц сто рублёў ідзе на дваіх дзяцей, — падлічвае яна кошт сняданкаў. — Мы маглі б купіць на гэтыя грошы памперсы і дзіцячае харчаванне для малой. Цяпер муж адзін працуе, заробак невялікі, і цяжкавата жыць на дапамогу. Ні на які льготны крэдыт на жыллё мы не прэтэндуем. У нас сваіх 97 «квадратаў», нам і так па метражы хапае.
У снежні Вольга падала скаргу ў Мінгарвыканкам, спадзяецца, што яе справу нарэшце пераглядзяць. «Лічу, што нам адмовілі незаконна. Мае аргументы не прынялі да ўвагі».
Ірына ДУДКА, намеснік старшыні Камітэта па працы, занятасці і сацабароне Мінгарвыканкама:
— Мы ведаем пра гэту сітуацыю і знаёмы з сям'ёй Шарапавых: дзеткі цудоўныя, бацькі добра спраўляюцца са сваімі абавязкамі. Рашэнне аб выдачы пасведчання шматдзетнай сям'і прымаецца мясцовымі органамі, у дадзеным выпадку адміністрацыяй Ленінскага раёна, але мы здзіўлены, што нашы рэкамендацыі аб станоўчым рашэнні на карысць бацькоў не прынялі да ўвагі. Нашы юрысты цяпер прапрацоўваюць гэта пытанне, падключылася Міністэрства працы і сацабароны. Гарадская ўлада дзейнічае ў інтарэсах сям'і, і мы будзем дабівацца таго, каб пасведчанне Шарапавым было выдадзена.
Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ
Фота Надзеі БУЖАН
Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».
Каментары