Вы тут

Маміны дзённікі


«Афіцыянт, вады!»

Сын еў суп з мясам і знайшоў костачку.

— О, я яе памыю і пакажу свайму сябру ў садзіку. Скажу, што гэта костка дыназаўра, — «загарэліся» вочы ў выдумшчыка.

* * *

Мы з Данем доўга займаліся кожны сваёй справай. Сын, напэўна, стаміўся і кажа:

— Можа, зробім перадых?

* * *

Даня распавядае:

— Дзеці ў садзіку кідаліся снежкамі. А я пачаў ім свістаць у свісток.

— А выхавальніца што рабіла?

— Яна па тэлефоне размаўляла. Вось я і вырашыў, пакуль яна занятая, усіх выхаваць.

* * *

— Заўтра ўвечары бацькоўскі сход, — кажу я Даню. — Будуць расказваць, як ты сябе паводзіш. Ты ж слухаешся выхавальніц?

— Так, — кажа Даня. — Толькі давайце не пойдзем на гэты сход.

* * *

Да нас прыехаў дзядуля ў госці.

— Хадзем пакажу табе сюрпрыз, — павёў Даня дзядулю ў свой пакой.

— І дзе сюрпрыз? — азіраецца той па баках.

— Вось! Чысціня!

* * *

Трохі пазней.

— Давай будзем заўсёды ў зале гуляць, — прапануе сын дзядулю.

— А чаму не ў тваім пакоі?

— Каб у мяне заўсёды чысціня была.

* * *

Даня з дзядулем гуляюць у «ядомае-неядомае». Унук загадвае:

— Яблык і дзве цагліны!

* * *

Муж захварэў. Кажа:

— Я сабе асобны посуд паставіў, і дай мне ручнік для твару асобны.

— Мама, давай яго пену для галення таксама асобна паставім, — прапанаваў сын.

* * *

— Мама, калі нараджаецца малы, ён пачынае ўсё грызці, — раптам кажа Даня.

— Нічога страшнага, у яго рэжуцца зубкі. Ты таксама ўсё грыз.

Даню, здаецца, не задаволіў такі адказ, бо ён раз'юшана запытаў:

— Ты што, хочаш пагрызенымі патэльнямі карыстацца?

* * *

Даня вярнуўся пасля заняткаў гімнастыкай.

— Ну што, будзем вячэраць?

— Не, я не галодны, я ў садзіку еў «бабку».

— Яна падчас трэніроўкі не «выйшла»? — пытаюся, маючы на ўвазе, што шмат энергіі затраціў.

— Не, я не хадзіў у прыбіральню.

* * *

Даню пасадзілі за святочны стол, павязалі сурвэтку вакол шыі.

— Як у рэстаране! — каменціруе бабуля.

— Афіцыянт, вады! — тут жа адрэагаваў малы.

Запісала Яна ЛЫЧКОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.