Вы тут

Якія цацкі рабілі удзельнікі конкурсу «Навагодняя тэатральная лялька»


Шчаўкунок на ёлцы. А таксама Каламбіна, П'еро, Сіньёр Памідор, карэта для Папялушкі, Планета Маленькага прынца... Больш за 90 крэатыўных цацак упрыгожылі ёлку ў фае Вялікага тэатра оперы і балета.


На­сця Ту­зік ра­зам са сва­ёй ка­ра­ле­вай.

Самай маленькай удзельніцы конкурсу «Навагодняя тэатральная лялька» — усяго чатыры годзікі: Сафійка Цвірко пры дапамозе мамы зрабіла балерыну-анёла. Самага ж вялікага тэатральнага героя давялося размясціць побач з ёлкай: і не дзіўна, бо памерам Шчаўкунок, якога пашыў Саша Пастушкоў, — у палову дарослага чалавека. Цацкі зроблены з самых розных матэрыялаў: паперы, пап'е-машэ, гліны, тканіны, ваты...

Карэта для Папялушкі Кацярыны Шафранскай.

— А вось, паглядзіце, якая арыгінальная ёлка... з макаронаў, — усміхаецца намеснік генеральнага дырэктара Вялікага тэатра оперы і балета Святлана Казюліна. — Першае месца заняла вось гэтая тэмпераментная Кармэн сям'і Сінкэ, другое — карэта для Папялушкі Кацярыны Шафранскай, трэцяе — Шчаўкунок Міхаіла Клімава. Гран-пры журы прысудзіла Анастасіі Тузік за ляльку «Каралева». Асабіста ж мяне ўразіла філігранная работа пад назвай «Ноч перад Раством»: унутры шклянога шарыка з пластыліну дзесяцігадовая дзяўчынка разам з бацькамі вылепіла казачны дамок і ялінку. Як бачыце, дзіцячая фантазія не мае межаў...

Самымі папулярнымі сярод канкурсантаў былі вобразы Шчаўкунка, Жар-птушкі і Кармэн.

Шчаў­ку­нок Мі­шы Клі­ма­ва.

— Гэтыя лялькі зрабілі, бясспрэчна, нашы пастаянныя гледачы, — кажа Святлана Казюліна. — Конкурс «Навагодняя тэатральная лялька» праводзіцца ў межах адукацыйнага праекта «Вялікі тэатр — дзецям». Штомесяц мы бясплатна знаёмім нашу юную аўдыторыю з шэдэўрамі сусветнай класікі, распавядаем пра кампазітараў, музычныя інструменты. Прычым робім гэта ў інтэрактыўнай форме. Мне пашчасціла вырасці ў сям'і з цудоўнай традыцыяй. Штомесяц як мінімум адзін раз мы наведвалі нейкія ўстановы культуры: музей, цырк... Але ў тэатры оперы і балета бывалі значна часцей. Гэта і не дзіўна (усміхаецца). Мама нават за некалькі гадзін да таго, як мяне нарадзіць, глядзела «Лебядзінае возера» ў Марыінскім тэатры (я нарадзілася ў Санкт-Пецярбургу). Сёння разумею, што менавіта гэтая цудоўная сямейная традыцыя паўплывала на мой выбар прафесіі. Я вельмі хацела б, каб іншыя дзеткі прыходзілі ў наш тэатр як мага часцей разам з бацькамі, бабулямі і дзядулямі і адчувалі тут атмасферу свята. Менавіта, каб зацікавіць іх, тры гады таму і нарадзілася ідэя конкурсу на лепшую тэатральную сямейную ляльку. Нашы гледачы яго вельмі чакаюць. Той факт, што дзеці ўжо ў кастрычніку, калі мы яшчэ не аб'явілі конкурс, прыходзячы ў тэатр, прыносяць свае цацкі, кажа сам за сябе. Калі летась было 10 намінацый, сёлета зрабілі 22. Асабліва кранальна было бачыць акуратна запакаваныя пасылкі, на якіх вялікімі дзіцячымі літарамі было выведзена: «Калі ласка, асцярожна!» Традыцыйна ўсе рукатворныя тэатральныя цацкі мы перададзім сталічнай дапаможнай школе-інтэрнату №10.

Кар­мэн сям'і Сін­кэ.

Нягледзячы на тое, што пераможцаў толькі чацвёра, ні адно дзіця не пайшло з тэатра без падарунка. Абсалютна ўсе ўдзельнікі атрымалі ад Дзеда Мароза і Снягуркі дыпломы і памятныя сувеніры. І дружна пайшлі глядзець разам са сваімі бацькамі казачны балет «Жар-птушка». «Вось сёння паглядзім «Жар-птушку», — выпадкова пачула ўрывак з размовы бабулі са сваімі двума ўнукамі, што разглядалі цацкі на ёлцы, — а потым на балет «Шчаўкунок» абавязкова вас зваджу...

Надзея ДРЫЛА

dryla@zviazda.by

Фо­та Наталлі Баграцовай

Загаловак у газеце: Шчаўкунок... на ёлцы

Выбар рэдакцыі

Культура

Кіно, якога не чакалі — 3. Завяршаем падборку драйвовых беларускіх фільмаў

Кіно, якога не чакалі — 3. Завяршаем падборку драйвовых беларускіх фільмаў

Сфера культуры ярчэй за іншыя паказвае, што калі не працуюць традыцыйныя схемы, прыходзіцца шукаць чорны ўваход. Пошукі часам нараджаюць эксперыменты і выкруты, якія абыходзяць абмежаванні, патэрны і завядзёнку і становяцца найлепшымі знакамі свайго часу. 

Грамадства

Як біятэхналогіі паляпшаюць якасць жыцця і здароўя чалавека?

Як біятэхналогіі паляпшаюць якасць жыцця і здароўя чалавека?

Па прагнозах спецыялістаў, не менш як 20 працэнтаў ад аб'ёму тавараў у XXІ стагоддзі будзе за біятэхналогіямі.

Грамадства

Збіраем гардэроб школьніка разам са стылістам

Збіраем гардэроб школьніка разам са стылістам

Пошукі і набыццё «школьнай формы», як па старой звычцы кажуць мамы і таты, — тая яшчэ галаваломка! 

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.