Вы тут

Як падымалі сельскую гаспадарку ветэраны Міншчыны


Старшыня Мінаблвыканкама Сямён Шапіра сустрэўся з ветэранамі сельгасвытворчасці цэнтральнага рэгіёна. Два гады таму такія сустрэчы вырашана было зрабіць традыцыйнымі. І вось паважаныя людзі Міншчыны — былыя кіраўнікі раёнаў, калгасаў, жывёлаводы, механізатары, спецыялісты — сабраліся ў гарналыжным комплексе «Сілічы» трэці раз. Такія мерапрыемствы — добрая нагода для былых калег сабрацца разам, згадаць гады сумеснай працы, поспехі, а то і няўдачы і проста пабачыцца адзін з адным.


— Гэтыя сустрэчы даюць магчымасць яшчэ раз аддзячыць вам за нялёгкую працу на зямлі і вернасць сваёй прафесіі, — падкрэсліў Сямён Шапіра. — Мы расцэньваем іх, як своеасаблівую справаздачу пра тое, як развіваецца Мінская вобласць, якіх поспехаў дасягнулі аграрыі, якія праблемы неабходна сёння вырашаць, каб рухацца далей.

Ветэранам, якія лепшыя гады свайго жыцця аддалі Міншчыне, сапраўды неабыякава было пачуць аб стане спраў у рэгіёне, аб тых падзеях, што адбываюцца тут. А яшчэ, як прызнаваліся многія, прыемна, што пра іх помняць, з павагай ставяцца да іх працоўных заслуг.

— Мінская вобласць сёлета, як і мінулыя гады, унесла дастойны ўклад у харчовую бяспеку краіны. Па выніках работы за 11 месяцаў тэмп росту вытворчасці валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі склаў 105%. На працягу апошняга дзесяцігоддзя рэгіён трывала трымае рэпутацыю галоўнай жытніцы краіны. У мінулым годзе ў засекі краіны з палёў Міншчыны паступіла чвэрць валавога збору рэспублікі. Сёння ў Мінскай вобласці выпускаецца каля 15% усёй прамысловай прадукцыі краіны і 25% сельскагаспадарчай. Кожны пяты квадратны метр жылля, якое ўводзіцца ў дзеянне ў Беларусі, пабудаваны ў нашай вобласці, — канстатаваў старшыня аблвыканкама.

Канешне, за некалькі гадзін, што працягвалася сустрэча, нельга расказаць пра кожнага з 280 ветэранаў, якія сабраліся ў зале. Яшчэ кіраўнік цэнтральнага рэгіёна згадаў пра тых, чые імёны ў свой час былі вядомыя не толькі ў роднай Беларусі, але і ў Савецкім Саюзе.

У васямнаццаць гадоў Тамаш Дзятко пайшоў на фронт, быў цяжка паранены. Вярнуўся дадому ў студзені 1945-га з двума баявымі ордэнамі — Айчыннай вайны І і ІІ ступеняў. А ў красавіку, калі яшчэ ішла вайна, сабраў жанчын і сказаў самую кароткую прамову ў сваім жыцці: «Вашы мужы і сыны перамаглі ворага-фашыста. А мы з вамі павінны перамагчы іншага ворага — голад і разруху». Так пачалася працоўная біяграфія 23-гадовага франтавіка, у брыгадзе якога былі толькі адны жанчыны і падлеткі. Працаваць даводзілася шмат і цяжка.
А хутка прыйшоў і поспех.

У 1972 годзе ў калгас «Маяк» Барысаўскага раёна прыехаў першы сакратар ЦК КПБ Пётр Міронавіч Машэраў, каб асабіста павіншаваць з працоўнай перамогай Тамаша Антонавіча і яго брыгаду. Яны атрымалі небывалы па тых часах для Беларусі ўраджай пшаніцы «міронаўская-80»: на круг па 56 цэнтнераў, амаль у чатыры разы больш за сярэднерэспубліканскі паказчык.

Больш як 40 гадоў ён працаваў брыгадзірам, намеснікам старшыні ў адной і той жа гаспадарцы. Да баявых узнагарод дадаліся высокія ўзнагароды за працу: ордэны Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга і Кастрычніцкай рэвалюцыі, пяць залатых і сярэбраных медалёў ВДНГ. Хутка Тамаш Антонавіч будзе сустракаць свой 93-і дзень нараджэння.

Сорак два гады запар кожную раніцу Аліна Іосіфаўна Лагацкая запрагала кагаснага каня і цэлы дзень на гэтым няхітрым, але надзейным транспарце аб'язджала свой вытворчы ўчастак. Дзесяць гадоў таму яна выйшла на пенсію, але працягвае працаваць у той жа гаспадарцы, дзе пачынала сваю дзейнасць, — у адкрытым акцыянерным таварыстве «Кастрычніцкая рэвалюцыя» Дзяржынскага раёна. Калі яе праводзілі на пенсію — сярод іншых падарункаў аднагалосна рашэннем праўлення жанчыне ўручылі і незвычайны — каня з брычкай.

У былога старшыні калгаса «Цімкавіцкі» Капыльскага раёна Віктара Коласа сярод некалькіх узнагарод ёсць рэдкая — Залаты медаль імя Мікалая Вавілава — за заслугі ў галіне раслінаводства і селекцыі.

Мікалай Васілевіч у 1976 годзе ўзначаліў адну з самых адсталых гаспадарак Слуцкага раёна — калгас «Ленінскі шлях» і за некалькі гадоў зрабіў яго адным з лепшых не толькі ў Беларусі, але і ў былым Савецкім Саюзе.

У калгасным музеі Працоўнай славы беражліва захоўваецца памятны знак «Рубінавая зорка», якім гаспадарка ўзнагароджана за высокую эфектыўнасць работы па выніках X і XІ пяцігодак. Калгас быў занесены на Дошку гонару ВДНГ СССР.

Дадам, што сустрэчы з ветэранамі сельгасвытворчасці ладзяцца толькі ў Мінскай вобласці.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Загаловак у газеце: Конь і брычка ў падарунак

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».