Вы тут

Жыллёвы квадрат да лета можа патаннець яшчэ на 10%


Аднак спецыялісты не выключаюць, што ўжо ў ліпені-жніўні сітуацыя з цэнамі можа кардынальна змяніцца і жыллё пачне... нават даражэць

Аналітыкі жыллёвай сферы адзначаюць, што мінулы год для другаснага рынку жылля стаў даволі ўдалым. Пасля працяглага зацішша менавіта летась пакупнікі пачалі актыўна набываць у Мінску кватэры. А ў выніку ў сталіцы за 2016 год было зафіксавана крыху больш за 15 тысяч здзелак куплі-продажу жыллёвай нерухомасці, што з'яўляецца рэкордам за апошнія 5 гадоў. Напрыклад, у 2014 і 2015 гадах фіксавалася толькі каля 13 тысяч падобных здзелак. Каб прафесійна ацаніць сітуацыю на мінскім рынку жылля і скласці прагноз на бліжэйшыя 6—8 месяцаў, карэспандэнт «Звязды» пагутарыў з вядомым экспертам у сферы жыллёвай нерухомасці — старшынёй савета Беларускай асацыяцыі «Нерухомасць» (БелАН) Мікалаем ПРАСТАЛУПАВЫМ.


Маленькія аднапакаёўкі — каля 35 тысяч долараў

Зразумела, што гэта мінімальны кошт самых «слабенькіх» і малых па плошчы аднапакаёвых кватэр. Па такім цэнніку прапануюцца кватэры з агульнай плошчай да 35 квадратных метраў у старых пяціпавярховых дамах на крайніх паверхах. Крыху лепшае жыллё ў стандартных дзевяціпавярховых панэльках выстаўляецца на продаж ужо за 42—45 тысяч долараў. Сапраўды прасторныя аднапакаёўкі з палепшанай планіроўкай у дастаткова маладых дамах спальных раёнаў могуць прапанавацца нават і цяпер па цане да 60 тысяч долараў.

Самыя танныя двухпакаёвыя кватэры маюць цэннік ад 36 да 42 тысяч долараў. Плошча такога бюджэтнага жылля звычайна складае ад 45 да 49 квадратных метраў. Кватэры гэтага цанавога ўзроўню будуць абавязкова мець вельмі маленькую кухню (да 6 «квадратаў») і прапіску ў не самым прэстыжным раёне сталіцы, напрыклад у Заводскім. Стандартныя двухпакаёвыя кватэры з агульнай плошчай да 50—52 квадратных метраў прапануюцца цяпер за 45—55 тысяч долараў. Сучасныя двухпакаёўкі з прасторнымі кухнямі і агульнай плошчай да 70 квадратных метраў выстаўляюцца на продаж ужо па цане ад 65 да 75 тысяч долараў і нават даражэй.

Найбольш за апошнія тры тыдні ў Мінску патаннелі трохпакаёвыя кватэры. У старых дамах на крайніх паверхах сёння магчыма набыць такое жыллё плошчай да 55—58 квадратных метраў па цэнніку ў межах ад 48 да 55 тысяч долараў. Толькі за першы тыдзень новага года квадратны метр трохпакаёвых кватэр патаннеў адразу на 15 долараў. Самы масавы цэннік трохпакаёвых кватэр сярэдніх плошчаў знаходзіцца ў дыяпазоне ад 65 да 85 тысяч долараў.

Старое жыллё таннее хутчэй

Цяпер на рынку ўзнікае ўпэўненая тэндэнцыя патаннення стандартных кватэр менавіта ў пяціпавярховых дамах старых серый, якія не дачакаліся цеплавой рэабілітацыі. Узровень аплаты жыллёва-камунальных паслуг (ЖКП) у гэтых дамах ужо сёння часам істотна адрозніваецца ад больш новых серый. Акрамя таго, прадаўцы і пакупнікі разумеюць, што сёлетняе павелічэнне тарыфаў ЖКП не апошняе. Было аб'яўлена, што ўжо праз год жыхары шматпакаёвак пачнуць аплачваць паслугі камунальшчыкаў на 100%, у тым ліку і па ацяпленню. Таму ўласнікі падобнага жылля пры продажы такога «неліквіду» часам згаджаюцца на даволі істотныя зніжкі. А вось попыт на яго менавіта зімой сёлета мінімальны.

Акрамя таго, цяпер на другасным рынку жылля сталіцы больш упэўнена таннеюць кватэры вялікіх плошчаў. Справа ў тым, што за мінулыя 8—9 месяцаў на рынку актыўна набываліся выключна танныя кватэры. Такія кватэры былі часткова павымываныя з рынку, а ў выніку прапанова аднапакаёвых кватэр цяпер істотна скарацілася. Але гэта не значыць, што маленькія кватэры хутка пачнуць даражэць, бо іх мала. Мікалай Прасталупаў лічыць, што цяпер на рынку не хапае кліентаў з сур'ёзнымі грашыма, якія маглі б ажыццяўляць чыстую куплю (без папярэдняга продажу сваёй кватэры) двухпакаёвых і трохпакаёвых кватэр вялікай плошчы. Попыт на падобнае жыллё сёння мінімальны, таму яно і будзе таннець у першую чаргу.

Гэты зменлівы рынак...

Наш эксперт упэўнены, што прыкладна да сярэдзіны лета цэны на кватэры на другасным рынку сталічнага жылля з пачатку года знізяцца на 7—10%. На яго думку, гэта цалкам рэалістычны сцэнарый, бо ў работнікаў большасці сектараў эканомікі працягваюць зніжацца рэальныя даходы. Акрамя таго, сёння ў фінансавага сектара дзяржавы не існуе дастатковага аб'ёму грашовых абаротных сродкаў. Менавіта таму насельніцтву цяпер не прапануюцца і танныя крэдыты на будаўніцтва ці набыццё жылля. А без павелічэння даходаў і даступных крэдытаў попыт на дарагое сталічнае жыллё будзе памяншацца. Таму цэны на яго знізяцца. Аб якіх рэальных лічбах можа ісці гаворка пры аб'яўленым узроўні патаннення?

Мікалай Прасталупаў паведаміў, што сёння ў рэальных здзелках тыпавая двухпакаёвая кватэра агульнай плошчай 50 квадратных метраў прадаецца толькі ў тым выпадку, калі квадратны метр такога жылля ацэньваецца прадаўцом на ўзроўні 1050 долараў. Спецыяліст упэўнены, што ўжо летам квадратны метр падобнага жылля будзе мець цэннік не больш за 900—950 долараў. Разам
з тым уласнікі кватэр на другасным рынку жылля заўсёды прыглядаліся да цэн, якія назіраюцца на першасным рынку. А вось тут камерцыйныя забудоўшчыкі працягваюць трымаць учарашнія цэны на новае жыллё. Гэта пры тым, што ў адзначаным сектары попыт на новабудоўлі істотна скараціўся, а ў арганізатараў будаўніцтва «падвісла» на працяглы тэрмін больш чым 500 пустых кватэр. Справа ў тым, што кватэры ў новабудоўлях прадаюцца дынамічна толькі тады, калі квадратны метр у гэтым сектары прыкладна на 50—100 долараў таннейшы, чым на другасным рынку жылля.

Наш суразмоўца паведаміў, што падобную цанавую карэкціроўку летась прадэманстравалі забудоўшчыкі абласных цэнтраў, дзе жыллёвы «квадрат» сёння прапануецца спажыўцам за 550—600 долараў. Гэта пры тым, што ў пачатку мінулага года квадратны метр там ацэньваўся на ўзроўні 800 долараў.

Свой прагноз па рынку нерухомасці Мікалай Прасталупаў вырашыў пабудаваць у тым ліку і праз аналіз геапалітычных тэндэнцый, якія датычацца фінансава-эканамічных перспектыў Расіі. Ужо зразумела, што эканамічныя санкцыі ЗША супраць Расіі да 1 ліпеня захаваюцца, бо іх правяла яшчэ старая адміністрацыя прэзідэнта. Аднак ужо хутка рэальна кіраваць палітыкай гэтай далёкай дзяржавы пачне новы прэзідэнт. У гэтым выпадку можа быць перагледжана фінансавая палітыка ЗША ў адносінах да Расіі. У ідэале, ужо ў ліпені-жніўні Расія можа атрымаць сур'ёзныя крэдытныя рэсурсы, тэхналогіі і аднаўленне сумесных праектаў не толькі з Амерыкай, але і з большасцю краін Заходняй Еўропы. А ўслед за Расіяй пачне падымацца і эканоміка нашай краіны. У гэтым выпадку другасны рынак сталічнага жылля адрэагуе новымі цэнавымі тэндэнцыямі амаль імгненна, лічыць наш эксперт. Спачатку цэны на жыллё стабілізуюцца, а праз пэўны час пачнецца чарговая хваля — ужо на падаражанне.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Жыллёвы квадрат да лета можа «схуднець» яшчэ на 10%

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».