21 Верасень, пятніца

Вы тут

Як банкі вучаць дзяцей фінансавым ведам


У Нацбанку ўпэўнены, што першыя крокі знаёмства з грашовай тэмай нашы дзеці павінны рабіць у пачатковых класах.

Ужо на працягу трох гадоў Белаграпрамбанк рэалізуе ўнікальны праект па павышэнні фінансавай адукаванасці «Твае першыя фінансы». За час яго існавання больш за 200 тысяч вучняў сельскіх і гарадскіх школ па ўсёй краіне атрымалі ў падарунак ад банка аднайменны зборнік казак на фінансавую тэму. Днямі ў Мінску падводзілі папярэднія вынікі гэтай штогадовай рэспубліканскай праграмы, у якой у 2016 годзе прынялі ўдзел каля 96 тысяч беларускіх дзяцей. За гэты час у рамках праекта работнікі банка правялі больш як 300 адкрытых інтэрактыўных урокаў у школах ва ўсіх рэгіёнах краіны.


Папулярна і на мове

У кнізе «Твае першыя фінансы», якая прадстаўляе сабой маляўнічы зборнік казак для дзяцей на беларускай мове, у цікавай і даступнай форме апавядаецца пра гісторыю з'яўлення грошай, пра карысць і патрэбнасць банкаў, пра тое, як правільна карыстацца грашыма, што значыць быць фінансава адукаваным і сучасным, пра тое, што такое ўклады, крэдыты, банкаўская плацежная картка, і многае іншае. А расказвае ўсё гэта на старонках кнігі ўжо вядомы фірменны персанаж дзіцячай зберагальнай праграмы Белаграпрамбанка Агрык.

З пачатку існавання акцыі быў значна пашыраны фармат кнігі, у ёй з'явіўся слоўнік фінансавых тэрмінаў. Сёння кніга «Твае Першыя фінансы» — гэта яркае нацыянальнае выданне, якое выдатна дапоўніць бібліятэку пяцікласніка. «Мы спадзяёмся, што чытанне казак стане займальным заняткам для дзяцей, і многія для сябе знойдуць масу карысных звестак, якімі абавязкова захочацца падзяліцца з сябрамі, бацькамі і настаўнікамі», — сказаў намеснік старшыні праўлення Белаграпрамбанка Віталь Крук.

Вучымся лічыць

Згодна з праведзеным маніторынгам насельніцтва па лініі прыкладных фінансаў мы з вамі сёння сталі амаль на 35% лепш разбірацца ў фінансавай матэматыцы, чым тры гады таму. Ужо больш свабодна падлічваем працэнты па дэпазітах і крэдытах, разбіраемся ў розных відах картак і спосабах аплаты. Цяпер людзі сапраўды сталі актыўней цікавіцца гэтымі пытаннямі, паведаміла карэспандэнту «Звязды» начальнік аддзела фінансавай адукаванасці ўпраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў Нацыянальнага банка Беларусі Юлія Саковіч.

На яе думку, за гэты час яшчэ больш па банкаўскай тэматыцы падцягнуліся і нашы дзеці. Штогод у краіне праходзяць спецыялізаваныя алімпіяды па фінансавай адукаванасці для старэйшых класаў, дзе вучні паспяхова адказваюць на даволі сур'ёзныя пытанні. Школьнікі часам лепш разбіраюцца ў фінансавых нюансах і ведаюць адпаведныя нормы заканадаўства, чым дарослыя.

Асобны ўрок ці факультатыў

Спадарыня Саковіч адзначыла, што Нацбанк падтрымлівае любыя ініцыятывы банкаў па лініі фінансавай адукацыі насельніцтва, аднак сёння яго галоўнай задачай з'яўляецца ўкараненне гэтай тэматыкі ў навучальны працэс школьнай праграмы на пастаяннай аснове, як гэта цяпер практыкуецца ў нашых суседзяў (у Расіі, Арменіі і Украіне).

Цяпер спецыялістамі разглядаецца некалькі варыянтаў. Па-першае, сёння не выключаецца магчымасць увядзення асобнага прадмета падобнай спецыялізацыі, як гэта зроблена ва Украіне. Па-другое, разглядаецца магчымасць укаранення элементаў фінансавай адукацыі ў матэматыку (стварэнне задач з падлікам працэнтаў ці даходаў), гісторыю, грамадазнаўства і нават у літаратуру. «Мы прапануем, каб пры падрыхтоўцы новых падручнікаў улічваўся менавіта такі тэматычны кірунак», — кажа Юлія Саковіч. Зразумела, што асобны ўрок і новыя падручнікі — гэта толькі перспектыўная задача найбліжэйшых гадоў. Сёння больш рэальна разглядаць увядзенне пастаяннага факультатыва на спецыяльную фінансавую тэматыку, лічыць суразмоўніца. У Нацбанку гатовыя разглядаць любыя з гэтых варыянтаў і абавязкова будуць дапамагаць школам адпаведнымі папулярнымі матэрыяламі і кансультацыямі. А пакуль Нацбанк прапануе настаўнікам карыстацца сайтам адзінага інтэрнэт-партала фінансавай адукаванасці насельніцтва (http://fіngramota.by), дзе ёсць шмат цікавых матэрыялаў. У гэтых артыкулах падрабязна расказваецца аб крэдытах, дэпазітах, страхаванні, падатках, а таксама даецца шмат розных практычных парад. Напрыклад, аб тым, на што трэба звяртаць увагу пры выбары таго ці іншага фінансавага прадукту і г.д.

Не захапляцца крэдытамі і ўмець размяркоўваць

Цяпер кіраўніцтва Нацбанка лічыць, што першыя элементы фінансавай адукаванасці нашы дзеткі павінны атрымліваць у школах нават з шасці гадоў. Гэта патрабаванне часу. Галоўнай мэтай дзяржавы па лініі фінансавай адукаванасці насельніцтва з'яўляецца не толькі глабальны пераход краіны ў сістэму масавага выкарыстання безнаяўных плацяжоў. Таксама сур'ёзным кірункам з'яўляецца тэма правільнага складання персанальных фінансаў і планаванне асабістага бюджэту. Сучасны работнік павінен добра разбірацца ў новых банкаўскіх прадуктах, каб не памыліцца ў выбары, а часам і не трапіць у цяжкае фінансавае становішча.

Сёння Нацбанк асобна звяртае ўвагу на тэму спажывецкіх крэдытаў. Фінансавы рынак у нас адкрыты, таму тут дзейнічае і шмат розных сумесных банкаў з замежным капіталам. Нашы людзі павінны быць дастаткова адукаванымі, каб не трапіць у фінансавую пастку банкаўскіх структур. Спецыялісты рэгулятара рэкамендуюць не браць крэдыты пад уплывам эмацыянальнага парыву непасрэдна на пляцоўцы гандлёвых цэнтраў. Менавіта хуткія крэдытныя прадукты маюць самыя высокія працэнты, а таксама ў іх могуць існаваць і іншыя падводныя камяні. Юлія Саковіч лічыць, што ў сённяшні няпросты ў эканамічным сэнсе час людзі перад заключэннем крэдытных дагавораў павінны сто разоў падумаць і рэальна ацаніць свае фінансавыя магчымасці. Ім неабходна папярэдне ўзяць яшчэ не падпісаны дагавор дадому, каб у сям'і сумесна вывучыць усе пункты дакумента і цалкам зразумець сваю адказнасць.

Юлія Саковіч упэўнена, што першыя крокі ў свеце фінансаў дзеці павінны рабіць у сям'і. «Мы прапануем бацькам навучаць сваіх малых кіраванню грашыма паступова», — кажа яна. Напрыклад, вучням малодшых класаў лепш даваць невялікія сумы кішэнных грошай, але часта. Старшакласнікам трэба выдаваць ужо большыя сумы, але раз на месяц ці на два тыдні. У гэтым выпадку дзеці атрымаюць магчымасць прымаць самастойныя рашэнні па размеркаванні грошай і пачнуць больш асэнсавана кіраваць уласным бюджэтам.

Грошы павінны працаваць

Спецыялісты банкаўскай сферы адзначаюць, што фінансава адукаваныя людзі менш схільныя верыць нейкім чуткам і страхам. Віталь Крук звярнуў увагу, што змена стаўкі рэфінансавання ўплывае не толькі на дэпазітны рынак. Былі асцярогі, што праз зніжэнне стаўкі рэфінансавання і адпаведна ставак па дэпазітах людзі перастануць несці грошы ў банкі, прызнаў намеснік старшыні Белаграпрамбанка. «Але мінулы год паказаў, што асцярогі былі марныя. Насельніцтва нясе грошы, і тэндэнцыі першых дзесяці дзён гэтага года паказваюць, што прытокі рублёвых дэпазітаў не зніжаюцца, а наадварот растуць», — паведаміў ён.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Загаловак у газеце: Сябраваць з фінансамі — з шасці гадоў

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чаму ў Беларусі варта аптымізаваць колькасць сельсаветаў

Чаму ў Беларусі варта аптымізаваць колькасць сельсаветаў

І павышаць эфектыўнасць работы мясцовых органаў улады.

Грамадства

Якіх педагогаў  хочуць бачыць дзеці ў аб'яднаннях па інтарэсах?

Якіх педагогаў хочуць бачыць дзеці ў аб'яднаннях па інтарэсах?

​Для сістэмы дадатковай адукацыі ўласцівы адкладзены ў часе эфект.

Грамадства

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Толькі Ньютан і толькі хардкор!