Вы тут

Захваральнасць на грып знаходзіцца на нізкім узроўне


Выяўляюцца ў першую чаргу адэнавірусы і некаторыя іншыя, у тым ліку адзінкавыя выпадкі віруса грыпу А (H3N2) і В. Піка захваральнасці будзем чакаць, па традыцыі, у канцы студзеня — пачатку лютага. Сітуацыя пакуль нічым не адрозніваецца ад некалькіх папярэдніх гадоў, калі нават ніводная школа не закрывалася ў сувязі з павелічэннем выпадкаў інфекцыі. Паводле слоў кіраўніка Нацыянальнага цэнтра па грыпе РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі Наталлі ГРЫБКОВАЙ, вірус грыпу А (H3N2) упершыню прыйшоў у цыркуляцыю яшчэ ў 1968 годзе і з таго часу нікуды не знікаў, адзінае, што пастаянна мяняўся. Кантроль за распаўсюджваннем захваральнасці ажыццяўляецца ў 18 гарадах, дзе пражываюць 53 працэнты насельніцтва. Звесткі збіраюць эпідэміялагічныя дазорныя цэнтры.


Як высвятляецца, першыя ў гэтым сезоне захварэлыя на грып праігнаравалі вакцынацыю. Раскайвацца позна, неабходна вытрымліваць пасцельны рэжым, каб не нанесці арганізму яшчэ больш значную шкоду, звязаную з ускладненнем якога-небудзь хранічнага захворвання. Як толькі мы слабеем пад націскам вірусаў, ажыўляюцца следам і мікробы, а там і да пнеўманіі недалёка, а то і да лятальнага канца. Здаецца, якія яшчэ аргументы патрэбны ў падтрымку вакцынацыі ад адной з самых сур'ёзных інфекцый? Тым не менш сёлета зноў прышчапіліся каля 40 працэнтаў насельніцтва (таксама няблага, але ў гэтым выпадку чым больш, тым лепш), у тым ліку дзяцей.

«Працэс вакцынацыі дзяцей ідзе досыць цяжка, нягледзячы на ўсю асветніцкую работу, — кажа намеснік начальніка аддзела гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Іна КАРАБАН. — Вакцынацыя не выкараняе грып, але дакладна зніжае цяжкасць працякання захворвання — без высокай тэмпературы, тым больш, без сур'ёзных ускладненняў. Арганізм лягчэй з ім спраўляецца. Але мы чамусьці слухаем суседку, якая вырашыла, што ў яе сям'і ўсе прышчапіліся і паляглі ад грыпу. Інфекцый шмат, у тым ліку падобных на грып. Немагчыма вось так проста паглядзець на чалавека і паставіць яму дыягназ грыпу».

Прышчэплівацца ўжо позна, а вось аптымальныя мінімальныя меры засцярогі ніхто не адмяняў і для вакцынаваных у тым ліку. Часцей мыем рукі, праветрываем памяшканні, праціраем рабочыя сталы і дзвярныя ручкі. А вось глытаць пры першым чханні супрацьгрыпозныя прэпараты не варта. Наогул змагацца менавіта з вірусамі грыпу здольныя толькі інгібітары нейраменідазы, ужываць якія неабходна па рэкамендацыі ўрача. Бескантрольнае іх прымяненне здольнае зніжаць адчувальнасць нашага арганізма — накшталт таго, што мы маем сёння з антыбактэрыяльнымі лекамі. Тым не менш антывірусныя сродкі прадаюцца пакуль без рэцэпта, каб не зніжаць даступнасць у нейкіх экстранных выпадках, калі побач з'явіліся хворыя на грып і патрабуецца тэрміновая прафілактыка. А лепш за ўсё паралельна знайсці час і распытаць урача аб яе мэтазгоднасці ў такім варыянце.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Загаловак у газеце: Грып таксама быў на канікулах

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».