Вы тут

Замова на шчасце


Аб чым прамаўчала бабуля-шаптуха.


Чамусьці менавіта сёння прыгадалася бабуля Шура з невялікай лясной вёсачкі Рудня, што на Лагойшчыне. Можа, таму, што акурат у гэтыя дні самы чароўны і таямнічы час, калі сняцца незвычайныя сны, ва ўсім бачацца нейкія знакі — пэўна, прачынаецца памяць продкаў, якія на Каляды варажылі на будучыню. А тут трынаццатае чысло на носе, ды яшчэ пятніца. Карацей, дні самыя што ні ёсць містычныя. А можа, успомніла я тую бабцю, бо менавіта ў такое надвор'е — золкае і пранізліва-халоднае, і менавіта ў сярэдзіне студзеня ўжо дакладна не памятаю, якога года, шыбавала ад яе напрасткі па сцежцы ў незнаёмым заснежаным лесе, спадзеючыся паспець на апошні аўтобус у бок сталіцы. Сонца ўжо схавалася сярод калматых елак, мароз крапчэў, на нагах былі нейкія студэнцкія яшчэ чаравікі, вушы адубелі ад сіверу, бо шапкі на галаве не было ўвогуле. Не ведаю, чаго больш тады баялася: спазніцца на аўтобус і застацца начаваць у чужой вёсцы, ці прастыць і захварэць, бо назаўтра была назначана нейкая жыццёва важная сустрэча. А тут яшчэ ўбаку заскавытала нейкая жывёліна, і было незразумела, ці сабака гэта дзе ў вёсцы голас падае, ці скрыгоча зубамі галодны воўк, які напаў на след збянтэжанай падарожніцы.

Тая першая «дарослая», з усімі належнымі рэдакцыйнымі дакументамі, камандзіроўка скончылася надзвычай удала: ваўкі не дагналі, на аўтобус паспела (і ў ім была ўключана печка), вушы не адмерзлі, дома нават не кашлянула, матэрыял напісаўся лёгка, начальства яго не пакрэсліла, а старэйшыя калегі пахвалілі. Я і сёння ўпэўнена, што гэта быў не шчаслівы збег абставін, не простае шанцаванне. Гэта ўсё бабуля Шура — яна замовіла мне тады здароўе і ўдачу.

Бабуля Шура была шаптуха. Не чараўніца, не варажбітка, — яна дапамагала людзям замовамі ды яшчэ гаючымі травамі, што духмянымі букетамі звісалі на сценах у сенцах яе хаты. Спачатку гэта звычайная вясковая бабця з добрым тварам і спрацаванымі парэпанымі рукамі, даведаўшыся пра мэту майго прыезду (а рэдакцыйнае заданне было — напісаць пра яе і пра яе здольнасці), толькі з прыкрасцю адмахнулася: маўляў, што яшчэ надумала! Гаварыць аб сваім незвычайным уменні адмовілася наадрэз, а вось накарміць мяне наважылася з не меншай катэгарычнасцю. Спрытна выцягнула з печы гаршок варанай кіслай капусты, паставіла на стол місу бульбы ў мундзірах. «Адкуль толькі такія худэрбы бяруцца!»—жаласліва прыгаворвала, гледзячы, як з апетытам уплятаю яе пачастунак. Пакрысе разгаварыліся, бабуля расказала і пра свайго дзеда, які атрымаў здольнасць лекавання, убачыўшы аднойчы незвычайнае святло ля калодзежа, і пра тое, як уменне дапамагаць перайшло ад яго ў спадчыну. І пра тое, як важна быць чыстым душою, маючы гэта ўменне, інакш яно стане працаваць не на дабро, а наадварот, і пра тое, што патрэбна моцная вера ва Усявышняга, які даў гэту сілу і які з такой жа лёгкасцю можа яе забраць. І пра тое, што здарыцца гэта можа гарантавана, калі браць з людзей, якія прыйшлі па дапамогу, грошы ці якую іншую ўзнагароду па нейкай пэўнай таксе.

А яшчэ мне тады пашчасціла паглядзець, як бабуля замаўляе. Па дарозе на работу да яе забегла сваячка: забалеў зуб. Бабка Шура наліла ў місу ваду і пачала даволі гучна шаптаць над ёй. І былі ў той замове такія прыгожыя і родныя беларускія словы — бы паэму бабуля складала.

Яна, зусім ужо зміласцівіўшыся, і мне тады прапанавала пашаптаць — на кавалера. Шаптала на шакаладную цукерку, якой я павінна была ўпадабанага небараку пачаставаць. (Нічога, праўда, з гэтай авантуры не выйшла: цукерку са стала ўхапіў і з'еў зусім іншы, і давялося пасля два гады ад яго палкіх пачуццяў, што невядома адкуль узяліся, ледзь не адбівацца.) І паабяцала мне, як пайду, замовіць на добрую дарогу і на ўдачу (мяркуючы па ўсім, і гэта абяцанне бабуля выканала).

Пасля давялося гаварыць з даследчыкамі народнай культуры менавіта пра сілу замоў. Яны расказалі, што мала ведаць, у якім парадку і якія словы вымаўляць — нашмат важней тое, з якім настроем, з якімі пачуццямі, з якой энергетыкай ты іх гаворыш. Нават пажаданне добрага дня можа мець абсалютна процілеглы вынік, калі адрасавалі яго чалавеку, якому зайздросціце ці якога люта ненавідзіце... Не кажучы ўжо пра важнасць таго слоўнікавага запасу, якім мы карыстаемся ў зносінах штодня. А здольнасць дапамагаць словам іншым людзям маюць тыя, у каго да станоўчай энергетыкі і да гэтага самага запасу дадаецца яшчэ і шчырая безумоўная любоў да тых, хто вакол. Вось і ўвесь сакрэт «феномену шаптух»...

І яшчэ адна тэорыя мне падалася надзвычай цікавай: мы ўсе крыху чараўнікі. Асабліва ў цесным асяроддзі — у сям'і, у калектыве. Сказанае намі, незаўважна для нас саміх, накіроўваецца на нейкага чалавека і або перашкаджае, або спрыяе яму ў жыцці і справах. Галоўнае, зноў жа, ЯК і ШТО гаворым.

«Як» — хай застанецца на сумленні кожнага. А вось «што»... Знайшла ў Сеціве цікавую статыстыку — самыя папулярныя словы, сэнс якіх шукалі карыстальнікі на адным з самых буйных рускамоўных сайтаў у мінулым годзе. На першым месцы — «лабутэны». А далей — «глютэн», «метафара», «сквірт»... З нармальных, чалавечых слоў у тым «хіт-парадзе» толькі два. Але затое якія! «Талерантнасць» і «любоў».

Добрая аснова для замовы на шчасце і сабе, і ўсяму свету.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

alena@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.