Вы тут

Беларускі герой-панфілавец Павел Гундзіловіч вяртаецца з небыцця


Недзе ў сярэдзіне 80-х, адпраўляючы мяне ў войска, мой зямляк, ветэран вайны, поўны кавалер ордэна Славы Уладзімір Аляксандравіч Амельяновіч, выказаў такую пранізлівую і нават страшную, як мне падалося тады і падаецца сёння, праз трыццаць гадоў, думку: «У галоўным парадзе ў гонар Перамогі 24 чэрвеня 1945 года, — казаў ён, — удзельнічалі дзесяць тысяч салдат, афіцэраў, генералаў армій і франтоў. І праходзілі яны па Краснай плошчы 30 мінут. Ведаеш, пра што я падумаў? За чатыры гады вайны нашы ваенныя страты склалі амаль дзевяць мільёнаў забітых. І кожны з іх быў бы дастойны таго, каб прайсці ў тым парадным страі. Ды вось, каб усіх, хто загінуў на фронце, у партызанах, нямецкім палоне, паставіць у парадныя «каробкі», то ішлі б яны па плошчы дзевятнаццаць сутак...» Я не ведаю, як ён гэта падлічыў, бо не меў нават сярэдняй адукацыі, але...

Тут я, як наяве, уявіў гэты парад.

Парадныя «каробкі» дваццаць на дзесяць.

Сто дваццаць крокаў у хвіліну.

У абмотках і ботах, шынялях і ватоўках, у пілотках і касках, бесказырках і фуражках...

І дзевятнаццаць дзён і начэй праз Красную плошчу ішоў бы гэты паток паўшых батальёнаў, палкоў, дывізій. Парад пераможцаў.

Задумайцеся: дзевятнаццаць сутак!..

Крочыў бы ў гэтым страі і капітан Павел Міхайлавіч Гундзіловіч, камандзір 4-й роты 2-га батальёна 1075-га стралковага палка 316-й стралковай дывізіі. Той самай, Панфілаўскай дывізіі. Менавіта ён, капітан Гундзіловіч, кіраваў абаронай у Дубасекава (Валакаламскі раён), дзе 16 лістапада 1941 года яго рота разам з іншымі падраздзяленнямі дывізіі адбівала ўдары нямецкіх танкаў, якія рваліся да Масквы.

Пра подзвіг 28 герояў-панфілаўцаў сёння ведае кожны з нас. Яшчэ са школьнай праграмы вядомы імёны камандзіра 316-й стралковай дывізіі генерал-маёра Івана Васільевіча Панфілава і камісара 4-й роты 1075-га стралковага палка Васіля Клачкова. І да апошняга часу неяк вельмі сціпла, нават сарамліва, узгадвалі камандзіра той самай 4-й роты, у складзе якой змагаліся і загінулі героі, беларус Павел Міхайлавіч Гундзіловіч.


Нарадзіўся ён у маі 1902 года ў вёсцы Літвяны Уздзенскага павета Мінскай губерні. Дарэвалюцыйнае дзяцінства нічым не адрознівалася ад лёсаў соцень і тысяч такіх жа вясковых хлапчукоў — звычайныя сялянскія турботы. У 1927 годзе закончыў Аб'яднаную беларускую ваенную школу. З гэтай навучальнай установы выйшлі многія вядомыя савецкія палкаводцы. Дастаткова толькі ўзгадаць Маршала Савецкага Саюза Івана Якубоўскага ці легендарнага дэсантніка Васіля Маргелава. Нейкі час школай камандаваў праслаўлены герой грамадзянскай вайны Ян Фабрыцыус. У музеі Вялікай Айчыннай вайны ёсць фотаздымак выпускнікоў школы. Сярод іх і Павел Гундзіловіч.

Да 1938 года Павел Міхайлавіч праходзіў службу на Далёкім Усходзе. Быў камендантам участка ў порце Находка Уладзівастоцкага пагранатрада. 29 мая 1938 года арыштаваны і ў красавіку 1940-га асуджаны па артыкулах 58-1б, 58-9 і 58-11 КК РСФСР (здрада, прычыненне шкоды сістэме транспарту, водазабеспячэння, дзяржаўнай або грамадскай маёмасці). Артыкулы гэтыя прадугледжвалі вышэйшую меру пакарання — расстрэл. Аднак нечакана крымінальная справа была спынена, і ён быў вызвалены з-пад варты. Паўла Міхайлавіча цалкам рэабілітавалі, аднавілі ў воінскім званні. Да таго часу ён перабраўся ў Казахстан, дзе ўзначаліў вінаградна-садаводчую гаспадарку.

Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, у жніўні 1941-га, яго накіравалі ў 316-ю стралковую дывізію, якую фарміраваў з жыхароў казахскай Алма-Аты і кіргізскага Фрунзе, а таксама станіц Надзеждзінскай і Сафійскай ваенны камісар Кіргізскай ССР Іван Панфілаў. Ён быў прызначаны камандзірам роты.

Ужо ў першых баях пад Масквой (кастрычнік 41-га) рота капітана Гундзіловіча праявіла высокую мужнасць і храбрасць, утрымліваючы рубяжы на валакаламскім напрамку.

З баявога данясення камісара палка Мухамедзьярава ў палітаддзел дывізіі:

«4 кастрычніка 4-я рота вяла бой у раёне вёскі Русь Балотная. Камандзір роты і яе камісар паказалі сябе валявымі і адказнымі камандзірамі. Рота першай падставіла сябе смерчу куль, асколкаў і агню з боку праціўніка».

Камандзір 316-й страл­ко­вай ды­ві­зіі Іван Панфілаў.

Камандуючы 16-й арміяй тады яшчэ генерал-лейтэнант Канстанцін Ракасоўскі ў дакладзе камандуючаму Заходнім фронтам Георгію Жукаву палічыў неабходным адзначыць:

«Рота П.М. Гундзіловіча па-ранейшаму на перадавой. Лёс палка залежыць ад таго, ці будзе ўтрыманы рубеж у раёне вёскі Фядосьіна. Рота таварыша Гундзіловіча першай з усіх рот вяла бой з праціўнікам. Рота страціла значную частку свайго асабовага складу, але баявыя пазіцыі ўтрымала».

У канцы кастрычніка генерал І.В. Панфілаў таксама высока адзначыў дзеянні роты і, што называецца, «паставіў на від» камандзіру 1075-га палка І. В. Капрову: «Бярыце прыклад з 4-й роты Гундзіловіча, а яго салдат прадстаўце да ўзнагарод». Павел Міхайлавіч быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, хоць камандаванне хадайнічала пра ордэн Чырвонага Сцяга. (Так, дарэчы, будзе і надалей: прадставяць Паўла Гундзіловіча да ордэна Леніна, а яму — Чырвонага Сцяга даюць, на прыступку ніжэй узнагарода. Судзімасць, хоць і цалкам знятая, сумна вядомы 58-ы артыкул так і будуць вісець над ім да апошніх дзён жыцця і нават далей.)

Слава герояў пачалася з нумара газеты «Красная звезда» за 28 лістапада 1941 г.

Наступленне на маскоўскім напрамку фашысты рыхтавалі як генеральнае, вырашальнае. Для знішчальнага ўдару па савецкіх войсках, якія стаялі на шляху да Масквы, нямецкае камандаванне засяродзіла ў трох ударных групоўках тры палявыя арміі, тры танкавыя групы і вялікую колькасць часцей узмацнення — усяго 77 дывізій (больш за 1 млн чалавек), амаль 14,5 тысячы гармат і мінамётаў і 1700 танкаў. Падтрымку сухапутных войскаў з паветра ажыццяўлялі 2-гі паветраны флот, 8-ы авіяцыйны корпус, якія мелі 950 баявых самалётаў. Войскамі камандавалі генерал-фельдмаршалы Бок і Клюге, генералы Штраус, Гудэрыян, Гот і іншыя.

Гітлер у звароце да войск 2 кастрычніка заявіў: «За тры з паловай месяцы створаны нарэшце перадумовы для таго, каб пры дапамозе магутнага ўдару сцерці саперніка яшчэ да наступлення зімы. Уся падрыхтоўка, наколькі гэта было ў чалавечых сілах, скончана. Сёння пачынаецца апошняя вырашальная бітва гэтага года».

15 лістапада гітлераўскае камандаванне павяло свае войскі ў «апошняе» наступленне на Маскву. Яно перагрупавала сілы так, каб большасць танкавых і механізаваных дывізій знаходзілася на флангах Цэнтральнага фронту і вяло наступленне на Маскву з поўначы і поўдня, спрабуючы абхапіць яе жалезнымі ацугамі. Пачалася вырашальная фаза Маскоўскай бітвы. У айчынную гістарыяграфію яна ўвайшла пад назвай Клінска-Сонечнагорская абарончая аперацыя.

Панфілаўская дывізія заняла абарону на самым небяспечным участку. Рота капітана Гундзіловіча займала рубяжы на ўчастку каля Дубасекава. Яе асноўнай задачай было ўтрымаць тактычна важную вышыню 251 і асабліва раз'езд, дзе чыгуначны насып перасякаў шашу з Валакаламска на Маскву. На падраздзяленне, у якім налічвалася 120 салдат, прыпадала больш як кіламетр фронту ў чыстым полі. У баявым парадку палка яно было правафланговым. Далей, у лясах, абарону трымалі коннікі яшчэ аднаго беларуса — генерала Даватара.

Раніцай 15 лістапада генерал Панфілаў асабіста наведаў пазіцыі роты — прадчуваў, што тут, на флангу-стыку з суседзямі, быць першай спробе прарыву ворага. Палкавое, батальённае, ротнае начальства, а сярод іх і ён, Павел Гундзіловіч, выслухалі неабходныя парады і ўказанні.

Другая палова дня. Палкавы афіцэр Б. Джэтпысбаеў піша ва ўспамінах: «Пайшоў у 4-ю роту. Насустрач мне Гундзіловіч. Пытаюся, дзе палітрук Клачкоў. Капітан паказаў на правы фланг, у бок раз'езда Дубасекава: «Там ён, у 2-м узводзе, знаёміць людзей з бранябойкай...»

Раніца 16 лістапада. Немцы вось-вось рушаць наперад танкі. Палітрук палка Мухамедзьяраў засведчыў: «Трэба паглядзець, што і як у Гундзіловіча. Удалечыні паказаўся чалавек. Клачкоў. «Куды?» — «Ды там камандзір узвода цяжка паранены. Ну мы вырашылі з Гундзіловічам, трэба мне пайсці. Там, відаць, сёння нясоладка будзе».

Палітрук 4-й роты Васіль Клачкоў.

Вось як яно было «нясоладка» на самай справе. (Урывак са стэнаграмы гутаркі з байцом-панфілаўцам І.Р. Васільевым, запісанай у шпіталі ў Маскве 22 снежня 1942 года):

«16-га чысла гадзін у 6 раніцы немец стаў бамбіць наш правы і левы флангі, і нам моцна даставалася. Самалётаў з 35 нас бамбіла. Пасля паветранай бамбардзіроўкі выйшла калона аўтаматчыкаў з вёскі Красікава. Мы па аўтаматчыках адкрылі агонь. Гэта было гадзін у 7 раніцы. Аўтаматчыкаў мы адбілі.

Пасля гэтай атакі палітрук Клачкоў падабраўся да нашых акопаў, павітаўся з намі. «Як вытрымалі сутычку?» — «Нічога, кажам, вытрымалі». — «Рухаюцца танкі, прыйдзецца яшчэ нам тут бой трымаць. Танкаў шмат ідзе, але нас больш. 20 танкаў, не хопіць нават на кожнага брата па танку».

Мы ўсе навучаліся ў знішчальным батальёне. Таму страху такога не было, каб адразу ў паніку ўдарыцца. Мы ў акопах сядзелі. «Нічога, — кажа палітрук, — здолеем адбіць атаку танкаў. Адступаць няма куды».

Прынялі бой з гэтымі танкамі, атаку адбілі, 15 танкаў знішчылі. Танкаў 5 адступілі назад, у вёску Жданава. Палітрук Клачкоў заўважыў, што рухаецца другая партыя танкаў, і кажа: «Таварышы, напэўна, паміраць нам тут прыйдзецца ў славу Радзімы. Хай Радзіма даведаецца, як мы б'ёмся, як мы абараняем Маскву. Масква — ззаду, адступаць нам няма куды»... Калі наблізілася другая партыя танкаў, Клачкоў выскачыў з акопа з гранатамі. Байцы — за ім».

Прыкладна праз 40—50 хвілін бою абарона палка была ўсё ж прарвана, рэшткі нашых падраздзяленняў адышлі на некалькі кіламетраў. Па ацэнцы кампалка Капрова, у баі больш за ўсіх пацярпела рота Гундзіловіча. Са 120 чалавек ацалела ўсяго 20—25 байцоў разам з камандзірам роты. Клачкоў загінуў, кінуўшыся са звязкай гранат пад варожую машыну.

Тым не менш рота сваю задачу выканала.

Пісь­мо Га­лоў­на­га ва­ен­на­га пра­ку­ро­ра ге­не­рал-лей­тэ­нан­та юс­ты­цыі М.П. Афа­нась­е­ва сак­ра­та­ру ЦК ВКП(б) А.А. Жда­на­ву.

Чатыры з паловай гадзіны бою, выйграныя ў ворага... Яны далі магчымасць іншым узводам, ротам і батальёнам дывізіі паспяхова манеўраваць. Фашысты да Масквы не прарваліся...

Калі вызвалілі ад немцаў Дубасекава, у размяшчэнне палка прыехаў карэспандэнт «Красной звезды» А. Крывіцкі. Разам з кампалка І. Капровым, камісарам А. Мухамедзьяравым і камандзірам 4-й роты капітанам П. Гундзіловічам выехаў на месца бою. Але Капроў не змог назваць імёны герояў, даручыўшы гэта зрабіць камандзіру роты. Павел Міхайлавіч па памяці 28 чалавек назваў. Цяпер, вядома, можна ўшчуваць журналіста, чаму паверыў на слова, чаму не зверыў спісы ў штабе? Але ж — ці да папер было ў той цяжкай сітуацыі? Склад роты і ўзвода пастаянна мяняўся: адны байцы выбывалі са строю, іншыя іх замянялі. Гэта быў не 1945 год, а 1941-ы, калі людзей, якія паступалі ў дывізію, не паспеўшы аформіць, паставіць на забеспячэнне (не да таго!), кідалі ў бой. І тыя сотнямі гінулі, знікалі без вестак. Да гэтага часу не можам сабраць іх косці.

Так, не ўдакладніў, але не ён, а вайна ў тым вінаватая. Ды і ці віна гэта? Надрукаваны 28 лістапада 1941 года ў «Красной звезде» нарыс Крывіцкага пад загалоўкам «Запавет 28 паўшых герояў», які паклаў пачатак афіцыйнай версіі аб 28 героях-панфілаўцах, як і яго аўтар, не маюць патрэбы ў апраўданні. Калі і маюць патрэбу, то ў разуменні. У разуменні таго, што газетнае слова часам было не менш неабходнае, чым бомбы, патроны, міны і снарады. Таленавіта напісанае, яно біла дакладна ў цэль.

Што было далей. Калі вораг быў адкінуты ад Масквы, менавіта Гундзіловіч адшукаў па снежнай цаліне акопы сваіх салдат. Адкапалі магілы. Быў мітынг. Камроты таксама выступіў. Ён жа асабіста піша ўдаве Клачкова — мала здалося звычайнай пахаванкі за подпісам штабіста: «Хай будзе адзіным суцяшэннем вашай цяжкай страты тое, што Радзіма ніколі не забудзе гераічных подзвігаў Васіля Георгіевіча, яго імя ўвойдзе ў гісторыю найлепшых людзей, якія загінулі, абараняючы Радзіму ад фашысцкай сволачы».

...Зіма 1942-га. Камандзір 2-га батальёна 23-га гвардзейскага стралковага палка капітан П.М. Гундзіловіч прымаў удзел у контрнаступленні пад Масквой. У ходзе наступлення ў снежні 1941-га-лютым 1942-га яго батальён вызваліў 18 населеных пунктаў. 8 лютага 1942-га ў баі за сяло Барадзіно (тое самае, за 30 кіламетраў ад горада Старая Руса) адбіў дзве атакі праціўніка сілай да палка, які спрабаваў злучыцца са сваімі асноўнымі сіламі. Вораг страціў да 800 чалавек забітымі, у тым ліку і камандзіра палка. За гэты эпізод Павел Міхайлавіч быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга.

Загінуў ён 10 красавіка 1942 года. Абставіны гібелі камбата апісаў былы камісар 1075-га стралковага палка палкоўнік у адстаўцы А. Мухамедзьяраў так: «За паўгадзіны да яго гібелі я быў у яго зямлянцы. У 10 раніцы камбат Гундзіловіч П. М. сабраў у сваёй зямлянцы ўсіх старшын рот. Гэта быў апошні інструктаж перад тым, як ён павінен быў адправіцца на новае месца службы — намеснікам камандзіра палка. У гэты час прама ў зямлянку трапіў цяжкі артылерыйскі снарад. 11 чалавек загінулі, у тым ліку і Павел Міхайлавіч».

Пасмяротна ён быў прадстаўлены камандаваннем палка да звання Героя Савецкага Саюза, аднак узнагародзілі толькі ордэнам Леніна.

Мемарыял на месцы бою.

Але вернемся крыху назад. Насуперак агульна прынятаму меркаванню, не ўсе 28 панфілаўцаў загінулі ў баі — з 2-га ўзвода выжылі сямёра байцоў, і ўсе былі сур'ёзна параненыя. Гэта Натараў, Васільеў, Шамякін, Шадрын, Цімафееў, Кажубергенаў і Дабрабабін.

Па-рознаму склаліся іх лёсы. Данііл Кажубергенаў, кантужаны пад Дубасекава, ачнуўся, калі бой скончыўся. Адкапаў яго пуцявы абходчык. У цемры натыкнуўся на нямецкі патруль, быў схоплены. Яго пасадзілі ў хлеў, адкуль ён уначы з іншымі палоннымі збег у адной гімнасцёрцы, па снезе басанож. Яго падабралі кавалерысты генерала Льва Даватара, з якімі ён праваяваў да вясны 1942 года, калі ім заняліся следчыя за тое, што трапіў у палон.

Пасля вайны ўспомнілі і пра Івана Дабрабабіна (сапраўднае прозвішча Дабрабаба), які да таго часу адседзеў частку тэрміну за палон і службу ў сельскай паліцыі. Таму, што ён служыў паліцаем у інтарэсах партызан, следчы не паверыў, да таго ж партызанскі атрад быў разгромлены карнікамі. Чырвонаармеец, пазбаўлены звання Героя, увайшоў у гісторыю як здраднік.

Да прыходу немцаў мясцовыя жыхары паспелі даставіць у медсанбат найбольш цяжкапараненых Натарава і Васільева. Шамякін, цяжка кантужаны, поўз па лесе ад вёскі, дзе і быў знойдзены кавалерыстамі генерала Даватара. Немцам удалося захапіць у палон дваіх — Шадрына (ён быў без прытомнасці) і Цімафеева (цяжкапаранены). Натараў, дастаўлены ў медсанбат, неўзабаве памёр ад ран. Перад смерцю ён паспеў сёе-тое расказаць пра бой каля Дубасекава. Гісторыя выпадкова дайшла да літаратурнага рэдактара «Красной звезды» А. Крывіцкага.

Дарэчы сказаць, лёс менавіта гэтых «уваскрэслых з мёртвых» панфілаўцаў паслужыў нагодай для напісання ў маі 1948 года пісьма Галоўнага ваеннага пракурора генерал-лейтэнанта юстыцыі М.П. Афанасьева сакратару ЦК ВКП(б) А.А. Жданаву, дзе паведамлялася, што частка 28 герояў, якія лічацца загінулымі, засталіся жывымі, а сам расказ аб подзвігу з'явіўся ў лістападзе 1941 года з падачы аднаго з ваенных карэспандэнтаў.

«Матэрыяламі расследавання ўстаноўлена, што подзвіг 28 гвардзейцаў-панфілаўцаў, асветлены ў друку, з'яўляецца вымыслам карэспандэнта Карацеева, рэдактара «Красной звезды» Ортэнберга і ў асаблівасці літаратурнага сакратара газеты Крывіцкага, — сцвярджаецца ў дакуменце. — Гэты вымысел быў паўтораны ў творах пісьменнікаў М. Ціханава, У. Стаўскага, А. Бека, М. Кузняцова, В. Ліпко, Святлова і іншых і шырока папулярызаваўся сярод насельніцтва Савецкага Саюза».

Тут і пачаліся ў некаторых «правалы» ў памяці. Падчас следства палкоўнік Капроў (звольнены на той час з арміі па стане здароўя), КП якога знаходзіўся за 1,5 км ад пазіцыі 4-й роты, заявіў: «Ніякага бою 28 панфілаўцаў з нямецкімі танкамі каля раз'езда Дубасекава 16 лістапада 1941 года не было — гэта выдумка». Ён прызнаўся следчаму, што ў яго каманднага пункта сувязі з Гундзіловічам не было, што ён упершыню пачуў пра ўсе падзеі ад журналіста Крывіцкага.

«У красавіку 1942 года са штаба дывізіі даслалі гатовыя ўзнагародныя лісты на 28 чалавек. Я падпісаў...»

Вось як усё проста, аказваецца.

Трэба сказаць, што Андрэй Аляксандравіч Жданаў не даў ходу дакументу з ваеннай пракуратуры. Ён палічыў, што ўсе матэрыялы «расследавання справы 28 панфілаўцаў», выкладзеныя ў лісце Галоўнага ваеннага пракурора, падрыхтаваны занадта паспешліва, без высвятлення ўсіх акалічнасцяў, а высновы, што называецца, «шытыя белымі ніткамі». Работнікі ваеннай пракуратуры відавочна перастараліся, імкнучыся прадэманстраваць палітычнаму кіраўніцтву краіны сваю звышпільнасць. У выніку «справа» была проста адпраўлена ў архіў.

Як бы там ні было, подзвіг герояў-панфілаўцаў (не важна, колькі іх было на самай справе — 28 ці 128) у гады вайны адыграў выключную мабілізуючую ролю. Ён стаў прыкладам стойкасці для абаронцаў Сталінграда і Ленінграда, з іх імем нашы байцы адбівалі атакі ворага на Курскай дузе.

На наш погляд, подзвіг байцоў, якія спынілі ворага каля раз'езда Дубасекава, бясспрэчны. Спаленыя варожыя танкі гавораць самі за сябе. Іншае пытанне, што колькасць герояў не варта абмяжоўваць лічбай 28. У паласе абароны 316-й дывізіі, у тым ліку каля раз'езда Дубасекава, як сведчаць ваенныя гісторыкі, эфектыўна спрацавала сістэма супрацьтанкавай абароны, створаная пад кіраўніцтвам генерала Панфілава. Танканебяспечныя напрамкі закрываліся не толькі атрадамі знішчальнікаў варожых машын, але і артылерыяй, і інжынернымі перашкодамі.

Неангажаваным гісторыкам вядомыя таксама і процілеглыя доказы: у прыватнасці, дакументы з навуковага архіва Інстытута расійскай гісторыі РАН, якія ўключаюць стэнаграмы гутарак з панфілаўцамі, удзельнікамі баёў пад Масквой, запісаныя супрацоўнікамі Камісіі па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў 1942—1947 гадах. «На іх падставе робіцца заключэнне, што бой быў, а высновы ваеннай пракуратуры паспешлівыя», — адзначыў, у прыватнасці, навуковы дырэктар Расійскага ваенна-гістарычнага таварыства Міхаіл Мягкоў.

Па словах М. Мягкова, набор дакументаў і сведчанняў, якія сёння маюцца ў распараджэнні гістарычнай навукі, не дазваляе абвергнуць ні факт бою каля раз'езда Дубасекава, ні тым больш подзвіг салдат-панфілаўцаў. Як ён кажа, прыведзеныя крыніцы не дазваляюць усумніцца, што 28 чалавек, якія ўдзельнічалі ў няроўным баі з нямецкімі танкамі, — рэальныя людзі.

«Так, не ўсе яны загінулі, але хіба ад гэтага іх подзвіг становіцца меншым? Наяўныя ж разыходжанні ў трактоўцы фактаў і лічбаў, а таксама акалічнасці, якія сталі вядомыя пазней (напрыклад, пра лёс сяржанта І. Дабрабабіна) тлумачацца не «злым намерам журналістаў «Красной звезды», а тым, што на момант напісання свайго матэрыялу ў іх распараджэнні па зразумелых аб'ектыўных прычынах меліся менавіта тыя звесткі, якія меліся», — растлумачыў расійскі гісторык.

На думку Мягкова, дзіўным таксама ўяўляецца пафас «аднаўлення справядлівасці»: маўляў, не толькі гэтыя 28 герояў абаранялі Маскву, і нельга замоўчваць імёны іншых байцоў і камандзіраў, якія загінулі, але не прапусцілі на ўсход нямецкія танкі. «Адказ тут просты: мы павінны спрабаваць сёння аднаўляць імёны ўсіх герояў, рабіць так, каб за выразам «Масавы подзвіг у баі» стаялі тысячы рэальных прозвішчаў. Колькі іх — не ёсць прадмет для дыскусіі. Усе яны — нашы, усіх іх трэба шукаць у архівах, працаваць «у полі» ў складзе пошукавых атрадаў, падымаць астанкі непахаваных салдатаў і выяўляць іх імёны».

Праца на гады і дзесяцігоддзі? Так. Але іншага шляху аддаць доўг памяці загінулых за сваю Радзіму ў нас няма.

Анатоль СЛАНЕЎСКІ

slaneuski@zviazda.by

Загаловак у газеце: Павел Гундзіловіч, адзін з дваццаці васьмі

Каментары

Всё-таки, уважаемый Анатолий, официальный миф про бой у Дубосеково довлеет над вами, не даёт возможности разобраться объективно. Я, откровенно говоря, не вполне верю результатам прокурорского расследования: мой дед был прокурором в годы войны, отец - следователем прокуратуры в конце 1940 г., многое знаю из первых уст. Производство по такому поручению не могло не быть политически ангажированным. Также с сомнением отношусь к записанным гораздо позже ноября 1941 г. интервью - людям уже промыли мозги политработники. Есть и бесспорные свидетельства - донесения 316 сд и 16 армии, из них чётко до километра и часа видна динамика отступления армии до Ленинградского шоссе. Сейчас укажу на ваши две ошибки, на мой взгляд - серьёзные, непростительные для солидной статьи. Вы пишете: "Прыкладна праз 40—50 хвілін бою абарона палка была ўсё ж прарвана, рэшткі нашых падраздзяленняў адышлі на некалькі кіламетраў". Чуть дальше: "Чатыры з паловай гадзіны бою, выйграныя ў ворага... Яны далі магчымасць іншым узводам, ротам і батальёнам дывізіі паспяхова манеўраваць. Фашысты да Масквы не прарваліся..." Вторая цитата - полностью ошибочная. Посмотрите доклады штаба 316 дивизии в штаб Рокоссовского. Там есть короткое упоминание об утреннем бое 1075 полка. Дальше легко проследить по передвижению линии фронта. К обеду немцы занимают Матрёнино, Дубосеково - в тылу, примерно 2.5 км. Прорвались самые танки, что были "остановлены" и "уничтожены" у Дубосеково. На следующий день немцы успешно развивают наступление, берут следующий рубеж панфиловцев - Лысцево. Откатываясь назад, дивизия оголяет фланги соседей. На её левом фланге вынуждена отступить 1 гв тбр от с трудом захваченного Скирманово, на правом в тяжёлое положение попадает 58 тд, воследствии полностью разгромленная. 18 ноября немцы подходят к Гусенево и убивают Панфилова, дивизия продолжает отступать. Фашысты да Масквы не прарваліся???!!! Да вы посмотрите на карте, сколько ещё километров до Москвы! Сколько ещё боёв, на фоне которых Дубосеково - только один из эпизодов, просто самый распиаренный! То есть сначала вы написали правильную вещь, что на взлом линии обороны 1075 полка понадобилось несколько десятков минут, потом словно цитируете бредни российских псевдопатриотов из обсуждения киноопуса "28 панфиловцев", где показано, как дубосековский бой растянулся на полдня. Вторая ошибка, совсем уж нелепая. "Калі вызвалілі ад немцаў Дубасекава, у размяшчэнне палка прыехаў карэспандэнт «Красной звезды» А. Крывіцкі. Разам з кампалка І. Капровым, камісарам А. Мухамедзьяравым і камандзірам 4-й роты капітанам П. Гундзіловічам выехаў на месца бою. <...> Надрукаваны 28 лістапада 1941 года ў «Красной звезде» нарыс Крывіцкага пад загалоўкам «Запавет 28 паўшых герояў», які паклаў пачатак афіцыйнай версіі аб 28 героях-панфілаўцах, як і яго аўтар, не маюць патрэбы ў апраўданні". Анатолий, уважаемый! Вчитайтесь, у вас вышло, что автор статьи в "Красной звязде" (ИМХО - абсолютно гениальной с точки зрения агитационного воздействия и вклада в Победу) побывал у Дубосеково ДО 28.11.41 года!!! Как???!!! То есть как Штирлиц был внедрён глубоко во вражеский тыл? Или ползал по снегу с Зоей Космодемьянской, поджигая деревянные строения? Наступление РККА в направлении Волоколамска началось только 5 декабря!!! Это из школьного курса истории известно, не надо в архивы лезть... И, наконец, вы упустили один грустно-ироничный факт. 29.11.41, на следующий день после выхода статьи о панфиловцах, Рокоссовский доложил Жукову: 8 гв сд (бывшая 316 сд) беспорядочно отступает. Это уже было в районе Крюково, современный Зеленоград. Из беллетристики о Волоколамке, по-моему, самое правдивое - это "Волоколамское шоссе" про Бауыржана Момышулы. Жёстко, без прикрас, даже не верится, что это опубликовали в советское время. Из мемуаров Рокоссовского видно, что 316/8 сд - не главный "герой" Волоколамки. Корпус Доватора и 1 гв тбр Катукова сыграли ничуть не меньшую роль. Просто их так не распиарили.
Міф аб 28 панфілаўцах,як тыповая праява так называемага сацыялістычнага рэалізма, у рамках якога карысна любая хлусня, калі яна служыла перамозе сацыялізма. Сёння не той час, каб за гэтым міфам шукаць штосьці станоўчае.

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як у Слаўгарадскім раёне апякуюць пенсіянераў

Як у Слаўгарадскім раёне апякуюць пенсіянераў

Дом у Лапацічах нічым асабліва не выдзяляецца сярод іншых...

Палітыка

Аб чым дамовіліся прэзідэнты Беларусі і Азербайджана?

Аб чым дамовіліся прэзідэнты Беларусі і Азербайджана?

Па выніках перамоў у Мінску яны прынялі сумесную заяву.

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.

Грамадства

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

На юбілейнай выстаўцы Нацыянальнай акадэміі навук.