Вы тут

Вынаходка тысячагоддзя паводле версіі газеты Thе Tіmеs — унітаз


Славутая брытанская газета Thе Tіmеs падводзіць вынікі мінулага тысячагоддзя і адзначае вялікія падзеі або з'явы ў гісторыі чалавецтва. Адно з іх носіць даволі забаўны характар — найстарэйшае і самавітае выданне ўключыла ў дзясятак найвялікшых вынаходак — што б вы думалі? — унітаз! Хоць гістарычныя карані яго стварэння, напэўна, як раз і сталі для гэтага падставай.


Сучасны гламурны варыянт з крышталямі Swarovski  з Японіі коштам 128 000 долараў.

Канструкцыя гэтай прылады мае ў літаральным сэнсе каралеўскія карані. Упершыню стульчак з чарай і вадзяным змывам прадэманстраваў у 1596 годзе англійскай каралеве Елізавеце яе хроснік Джон Харынгтан. Паводле легенды каралева была вельмі акуратнай і высока ацаніла прыладу, загадаўшы ўсталяваць такія ж у Рычмандскім замку і Вэстмінстэры. Аднак вяльможы палічылі гэта вельмі непрыстойным, а прыход да ўлады набожнага Якава І паклаў канец ідэям «ватэрклазетызацыі» Англіі. Вынаходка Харынгтана была забыта амаль на два стагоддзі на карысць начных гаршкоў, якія ў тыя часы ў гарадах было прынята спусташаць проста на вуліцы (праз вокны).

У ХVІІ—ХVІІІ стагоддзях на густанаселеныя гарады Еўропы адна за адной накатваліся хвалі халеры, адбіраючы дзясяткі тысяч жыццяў. Прычынай хваробы лічыліся «атрутныя міязмы», і толькі ў канцы ХVІІІ стагоддзя ўрачы пачалі здагадвацца, што дрэнны стан каналізацыі мае да эпідэмій самае прамое дачыненне. Пасля эпідэміі 1848 года, якая забрала жыцці каля 14 000 лонданцаў і больш як 55 000 жыхароў краіны, заклапочаны пытаннямі грамадскай гігіены брытанскі ўрад прыняў шэраг законаў і вылучыў грошы на сур'ёзную мадэрнізацыю лонданскай каналізацыйнай сістэмы, якой, у прыватнасці, прадугледжвалася абавязковая наяўнасць у гарадскіх дамах ватэрклазетаў.

Вынаходніцкая думка ўвесь гэты час не драмала. Першую рэвалюцыю здзейсніў шатландскі механік і гадзіншчык Аляксандр Камінгс — у 1775 годзе ён атрымаў брытанскі патэнт на засаўку зліўной адтуліны і S-вобразны патрубак (вадзяны затвор), якія перашкаджалі пранікненню паху ў памяшканне. Праз тры гады сістэму ўдасканаліў механік Джозэф Брама (будучы вынаходнік гідраўлічнага прэса) — ён прапанаваў адкідную засланку, а таксама распрацаваў паплаўковую сістэму для бачка.

Сістэма дазіраванага зліву вады Крэпера.

Уладаранне каралевы Вікторыі стала залатым векам для брытанскай сантэхнікі. У 1852 годзе Джордж Джэнінгс сканструяваў чару з клапанам, які адчыняўся толькі на час змыву пад цяжарам вады, а астатні час надзейна перакрываў зліўную адтуліну. У 1870-х сантэхнік і прадпрымальнік Томас Крэпер прапанаваў падняць зліўны бачок да столі для ўзмацнення напору вады, а да рычага працягнуць ланцужок з ручкай. Ён таксама цалкам адмовіўся ад механічных засавак і засланак на карысць вадзяной засаўкі і ўпершыню шырока выкарыстаў сіфонную сістэму замест пастаянна падцякаючых паплаўковых клапанаў. Апошні штрых унёс у 1883 годзе Томас Твайфард, прадставіўшы свой шэдэўр — адзіную канструкцыю з чары і гідразасаўкі не з металу, а з куды больш эстэтычнага і гігіенічнага фаянсу. Агрэгат пад назвай Unіtаs (у перакладзе з латыні «Адзінства») быў абсталяваны верхнім бачком канструкцыі Крэпера, а таксама пад'ёмным драўляным сядзеннем. Гэты шэдэўр стаў сапраўднай зоркай міжнароднай выставы 1884 года ў Лондане, прысвечанай ахове здароўя. Менавіта гэтая мадэль і вызначыла аблічча сучаснага «белага керамічнага сябра» чалавека і, па адной з версій, дала яму імя. Ёсць, праўда, і іншая версія — нібыта імя сваё ўнітаз атрымаў ад назвы (такой жа па напісанні) іспанскай кампаніі Unіtаs, якая пастаўляла ватэрклазеты ў Расію.

Іван КУПАРВАС

hvir@zviazda.by

Загаловак у газеце: Вынаходка тысячагоддзя

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.