Вы тут

Аўтарцы слоў знакамітых песняроўскіх «Ручнікоў» сёння споўнілася б 75


Памятаецца, у Доме творчасці пісьменнікаў у Перадзелкіне, што непадалёк ад Масквы, мы разам з іншымі ўдзельнікамі міжнароднай нарады маладых літаратараў з задавальненнем разглядалі фотаздымкі, якія зафіксавалі імгненні жыцця таго слаўнага дома. Славутыя і ўганараваныя, маладыя і сціплыя, здаецца, усе тут былі за адно і забываліся пра канкурэнцыю. Мы ж, творцы з Беларусі, заўважылі, як годна побач з вядомымі аўтарамі выглядае наша Гертруда Сакалова, на час, калі былі зробленыя здымкі, вельмі запатрабаваная паэтка. Аўтарка, якая сваім творчым псеўданімам абрала лірычнае спалучэнне Вера Вярба, у свой час дзёрзка ўварвалася ў беларускую паэзію. Такой жа дзёрзкай, непрадказальнай, кплівай яна заставалася фактычна да канца жыцця. Праўда, у апошнія дзесяцігоддзі амаль не пісала вершаў і большасць часу бавіла далёка ад шумлівых літаратурных «тусовак», застаючыся на адзіноце.


Ве­ра Вяр­ба і Яра­слаў Еў­да­кі­маў.

Пра тое, якой напраўду была Вера Вярба, сёння наўрад ці нехта дакладна раскажа. Кожны з яе знаёмцаў згадае нейкія асобныя рысы і абавязкова дадасць: паэтка асабліва блізка ні з кім не сябравала, была досыць закрытым чалавекам, але ў сямейных справах, побыце ў гады маладосці мела блізкія зносіны з калегамі-пісьменніцамі. Яны дапамагалі адна адной з дзецьмі і па гаспадарцы. Успамінаюць, што Вера Вярба часцей за ўсё сама выбірала рэдактараў для сваіх кніг, смела паводзілася са старэйшымі калегамі, вельмі любіла, калі яе паэтычныя зборнікі аздабляў мастак Арлен Кашкурэвіч.

Беларускія творцы згадаюць мноства вясёлых гісторый, звязаных са славутай песняроўскай песняй «Ручнікі», аўтарам слоў якой з'яўляецца Вера Вярба. Нехта ад пачатку запісаў падчас экспедыцый яе як фальклорную, а нехта доўга не мог паверыць, як у такога абсалютна народнага верша можа быць аўтар.

А вось што прыгадвае паэт Сяргей Панізнік:

«Помніцца вясёлая сустрэча з Верай Вярбой у сакавіку 2004 года на юбілейным святкаванні дня нараджэння кнігазбораўскага тытана Кастуся Цвіркі. Уявіце бераг Скачальскага возера недалёка ад Зялёнай Дубровы Старадарожскага раёна, дзе супыніўся мой «гнеды» пад вярбой густой. Каля вогнішча бачу Эдуарда Зарыцкага, Анатоля Клышку, Уладзіміра Карызну, Алеся Ставера... Нехта з гасцей да рэчкі Пціч яшчэ не дакрыліў. І раптам чуецца лірычны ўсплёск. Гэта над прысеўшай на падсцілачку Верай Вярбой нахіліўся не то Вадзянік, не то Лясун. Аказваецца, упільнаваў у паэтычным настроі творцу яшчэ адзін народны творца — Яраслаў Еўдакімаў. І на гэтым фотаздымку назіраем, як далікатна, па-шляхецку вітаецца новы Каруза і цалуе пантопалік Веры Вярбы. Лірычны барытон Яраслава зліўся з узнёслым выгукам паэтэсы і з радаснымі воплескамі прыазёрнай сябрыны».

На жаль, няма ў Беларусі ўжо Яраслава Еўдакімава, а сама гераіня гэтай гісторыі пайшла з жыцця праз колькі гадоў.

Што да ўласна творчасці, то паэтычны голас маладой жанчыны адразу загучаў ярка, смела і па-новаму. У беларускай паэзіі па форме і змесце верша досыць лёгка «вылічыць» час, калі ён быў напісаны.

Але вершы Веры Вярбы ўжо з яе дэбютнага зборніка «Вочы вясны», што пабачыў свет у 1962 годзе, калі паэтцы было ўсяго 20, збянтэжаць такога паэтычнага «дэтэктыва». Некаторыя з іх гучаць як напраўду народныя песні, як наследаванне Канстанцыі Буйло, а некаторыя — уражваюць сучаснасцю поглядаў і могуць быць актуальнымі сёння.

Аўтарка ўдала падбірае эпітэты, знаходзіць трапныя метафары і нават у простыя словы і выразы закладае складаныя сэнсы, пачуцці. Напрыклад:

Як ісці мне, такой маленькай,

Адной, з невыказным болем?

Шчыра, пачуццёва, шчымліва яна піша пра трагедыі асабістага жыцця, пра стасункі з каханым, пра шчасце, якое не адбылося. Тут ёсць і шкадаванне пра хвіліны цеплыні, якія засталіся ў мінулым, і рэўнасць да наступных каханых, якія ў будучыні з'явяцца ў яе ўжо «былога». Зараджэнне пачуцця вясной, яго росквіт улетку традыцыйна супрацьпастаўляецца стану восеньскай слоты:

Васількі апошнія ў полі

Адцвітаюць колерам сівым.

Нехта скажа, што Вера Вярба засталася ў беларускай паэзіі яркай зоркай толькі дзякуючы аднаму ўдаламу вершу, таленавіта ператворанаму ў песню. Мне ж падаецца, што ў кожным яе паэтычным зборніку можна знайсці ўдалы твор, нават хай іх з кожнай наступнай кнігай станавілася ўсё менш і менш.

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Загаловак у газеце: «Вось я зноў дзяўчынка, босенькія ножкі...»

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.