Вы тут

Выстаўка работ Уладзіміра Акулава працуе ў НЦСМ


Асобу мастака-авангардыста Уладзіміра Акулава ў айчынным творчым асяроддзі ўспрымаюць з павагай. Выклікае цікавасць як шматгранная творчасць, так і сама асоба аўтара. У Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў дэманструецца выстаўка мастака «Здабыццё легенды», на адкрыцці якой госці планавалі пабачыць творцу асабіста, аднак іх спадзяванне не спраўдзілася — выстаўку прэзентаваў мастацтвазнаўца, сябар, і, як кажуць, «галоўны спецыяліст» па Акулаве Яўген Ксяневіч, які за адзін год арганізаваў шэсць персанальных выставак майстра.


«Двое на фо­не во­да­ру вяс­ко­вых да­хаў», 2009 г.

Пад філасофскія творы Уладзіміра Акулава ў Цэнтры сучасных мастацтваў адведзены ўвесь другі паверх. Тут экспануюцца работы, створаныя ў розныя перыяды творчасці за апошнія трыццаць гадоў. Большасць з іх прадстаўлены публіцы ўпершыню. У аснове экспазіцыі — партрэты сучаснікаў, гістарычных дзеячаў, пейзажы і нацюрморты. Калі пабачыш выстаўку майстра, яго індывідуальная стылістыка, мастацкі почырк моцна засядаюць у памяці. Пасля разглядання рэлігійных сюжэтаў Уладзіміра Акулава немагчыма застацца абыякавым, немагчыма не ўбачыць глыбіню яго ўспрымання адносін чалавека да Бога, свету, да самога сябе.

Мастацтвазнаўцы кажуць: Уладзімір Акулаў валодае моцнай энергетыкай, здзіўляе працавітасцю. Ён вельмі хутка піша карціны, карыстаючыся адначасова натхненнем, імгненнай задумай і назапашаным досведам.

— Праз творчасць Уладзіміра Акулава, безумоўна, можна прагледзець яго стаўленне да мастацтва і жыцця, — расказаў Яўген Ксяневіч. — Мастацтва і ўласнае жыццё ён не падзяляе, і ўсё яго існаванне змяшчаецца ў творчасці. Нейкага іншага жыцця, у тым ліку бытавога, сямейнага, за межамі мастацтва ў яго проста няма. Легендарнасць Уладзіміра Акулава выяўляецца ў мастацкай моцы таго, што ён напісаў. Яго творы вельмі маляўнічыя, пераканальныя, абсалютна пазнавальныя. Яны лёгка і надоўга запамінаюцца, захоўваюцца ў памяці. Акулава немагчыма з кімсьці зблытаць, ён упэўнена ідзе ўласным шляхам, выпрацаваў асаблівы мастацкі стыль. Уладзімір Іванавіч з удзячнасцю ставіцца да мастацтва, служыць яму. Яго не хвалююць узнагароды, званні і любыя іншыя знешнія праявы поспеху, а па-сапраўднаму турбуе толькі рэалізацыя самім сабой пастаўленых творчых задач. Яму важна паспець зрабіць тое, што ён задумаў і запланаваў у жыцці як мастак. І важна жыць у згодзе са светам, самім сабой і творчасцю.

«Парт­рэт аца­лен­ня», 1994 г.

Нягледзячы на вядомасць і прызнанне, Уладзімір Акулаў зрэдку з'яўляецца на публіцы, не прымае ўдзел у творчых тусоўках. Ён, можна казаць, жыве ў пэўным адасабленні ад сучасных модных тэндэнцый, захоўвае душэўную гармонію, якая на працягу творчага шляху дапамагала ствараць і рэалізоўваць мастацкія задумы.

Яўген Ксяневіч упэўнены: час Уладзіміра Акулава прыйшоў, і аўтар прэтэндуе на сусветную вядомасць, бо працягвае традыцыі мастацкай школы, закладзеныя калісьці Маркам Шагалам, Казімірам Малевічам, Элем Лісіцкім.

Як адзначае мастацтвазнаўца Наталля Шаранговіч, мастакі другой хвалі авангарду заўсёды ведалі, як зачапіць гледача, як рэалізаваць ідэю з дапамогай колеру і эмоцый. Так і Уладзімір Акулаў абсалютна дакладна ведае магчымасці колеру, яго псіхалагічнае ўздзеянне і выдатна карыстаецца ведамі.

Уладзімір Акулаў сапраўды чалавек-легенда, многія гады застаецца на слыху: мастак можа знікнуць на некалькі гадоў, а пасля вярнуцца ў творчую прастору з мноствам новых работ. Ён інтрыгуе і гэтым абуджае цікавасць да сябе, сваёй непаўторнай творчасці і філасофскіх герояў у ёй.

Вікторыя АСКЕРА

Загаловак у газеце: «Яму важна жыць у згодзе са светам, самім сабой і творчасцю»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».