Вы тут

Як прыватны інвестар паставіў на ногі стратную гаспадарку


Вёска Цеплень Уздзенскага раёна месціцца ўздоўж ажыўленай аўтатрасы Мінск—Слуцк—Салігорск—Мікашэвічы. Здавалася б, зручнае месца, блізкасць да вялікіх гарадоў павінны былі найлепшым чынам уплываць на жыццё тутэйшых людзей. Аднак раней сельскагаспадарчы кааператыў з аднайменнай назвай  літаральна ляжаў: ні паказчыкаў, ні работы, ні зарплаты. Пра які дабрабыт можна было казаць.


Фота belita.by

З прыходам новага гаспадара, як запэўнілі местачкоўцы, населены пункт нібы нарадзіўся другі раз. Пачыналася ўсё з Указа Прэзідэнта «Аб некаторых мерах па фінансавым аздараўленні сельскагаспадарчых арганізацый і прыцягненні інвестыцый у сельскагаспадарчую вытворчасць». Менавіта тады адсталую гаспадарку прапанавалі ўзяць закрытаму акцыянернаму таварыству «Вітэкс».

— Мы займаліся касметыкай. І я не ўяўляў: якая сувязь можа быць з каровамі, угнаеннямі, прывагамі. Але выехалі на месца, каб на свае вочы пабачыць, якая спадчына нам дасталася. Усё было не ў самым лепшым стане. Ураджайнасць усяго 11—13 цэнтнераў з гектара, надой на карову 1100—1200 кілаграмаў у год. Акрамя таго, гаспадарка была ўкамплектаваная персаналам на 50%, адсутнічалі ветэрынарная, заатэхнічная, інжынерная службы, знос тэхнікі складаў 80—90%. Жывёла на фермах стаяла пад дзіравым дахам, па калена ў жыжы. Закрэдытаванасць на той час была велізарная — каля 3 млрд рублёў, людзі па некалькі месяцаў не атрымлівалі зарплату, — успамінае генеральны дырэктар ЗАТ «Вітэкс», старшыня праўлення сумеснага прадпрыемства «Беліта» Віктар Цярэшчанка. — Але што рабіць, закасалі рукавы і ўзяліся за справу.

— Мы не сельгасвытворцы. Не ведалі, як адрозніць карову ад каня, — жартуе Віктар Цярэшчанка. — Таму давялося чытаць спецыяльную літаратуру, вывучаць вопыт іншых.

Віктар Аляксеевіч пабываў у Ізраілі, наведаў кібуцы. На вочы трапіла інфармацыя, што гэта краіна першая ў свеце па надоях, тут кожная рагуля дае па 11 тысяч літраў малака штогод. Усё лепшае, што яму паказалі, пра што расказалі, паступова пачаў укараняць у сельскагаспадарчым філіяле ЗАТ «Вітэкс» — СГК «Вітэкс». Як кажуць, малако ў каровы на языку. Перш за ўсё надоі залежаць ад якасных кармоў.

— Мы стварылі лабараторыю па кантролі якасці, распрацавалі збалансаваную рэцэптуру з улікам усіх неабходных мікраэлементаў. Прынялі цэлы комплекс мер. Нічога складанага ў гэтым няма. Проста ва ўсім трэба захоўваць тэхналогію: карміць карову як патрабуецца, даглядаць яе, абразаць капыты, своечасова праводзіць прафілактыку.

За першае паўгоддзе летась гаспадарка выйшла на першае месца ў Беларусі па надоях малака на карову — 5200 кілаграмаў. А па выніках года надаілі больш як 10 200 кілаграмаў. Ураджайнасць збожжавых склала каля 50 цэнтнераў з гектара. Хтосьці на Міншчыне атрымаў на круг і больш. Але з улікам нізкай бальнасці зямлі — 27—28 працэнтаў, гэта добры вынік. Па асобных відах прадукцыі, у прыватнасці вытворчасці малака, прадпрыемства дасягнула рэнтабельнасці 30%, у цэлым працуе з прыбыткам.

У гаспадарцы пабудаваны рабатызаваны малочнатаварны комплекс, разгадавалі сад, узвялі сховішча для прадукцыі. Наладзілі вытворчасць натуральных сокаў прамога адціскання, яблычных чыпсаў, у тым ліку і з карыцай. Традыцыйна лічыцца, што чыпсы шкодныя для арганізма. Але, як сцвярджаюць вытворцы, яблычныя чыпсы FRUTTA VІT — знаходка для тых, хто клапоціцца аб сваёй фігуры і здароўі. Яны вырабляюцца без дабаўлення цукру, кансервантаў, фарбавальнікаў, араматызатараў, без сарцавіны і шалупіння, якія пасля перапрацоўкі ідуць на корм жывёле. На ўласнай пасецы здабываюць мёд і прадукты пчалярства для патрэб касметычнай галіны.

У вытворчасць, мадэрнізацыю, сацыяльную сферу тут уклалі шмат сродкаў. «Але адчуваем задавальненне ад таго, што калісьці ледзь не самую бедную ў вобласці гаспадарку ўдалося паставіць на ногі, што ў людзей з'явіўся настрой, — кажа Віктар Цярэшчанка. — У іх ёсць работа, дастойная зарплата».

Нават маладыя сем'і не рвуцца ў сталіцу да даброт цывілізацыі. Ад дабра, як кажуць, дабра не шукаюць. У аграгарадку створана добрая сацыяльная інфраструктура, падведзены прыродны газ, з'явілася цэлая вуліца з новымі дамамі для работнікаў і спецыялістаў. Адрамантавалі таксама Дом культуры — ёсць дзе адпачываць, ладзіць розныя мерапрыемствы, адкрылі магазін. На базе былой кацельні стварылі фітнес-цэнтр, працуе дзіцячы сад. А стадыёну пазайздросцяць нават сталічныя жыхары: трыбуны, бегавыя дарожкі з якасным пакрыццём, футбольнае поле, валейбольная пляцоўка. Гэты спартыўны аб'ект узнік на былой пустцы. Дзякуючы акцыянерам, тут ёсць і свая капліца.

Гаспадарку асабіста наведваў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, які адзначыў, што акцыянернае таварыства дэманструе найлепшы прыклад удзелу інвестара ў пад'ёме эканомікі раней стратнага сельскагаспадарчага кааператыва.

У 2004 годзе ў Уздзенскім раён прыйшлі чатыры інвестары, якія выкупілі адсталыя гаспадаркі як маёмасныя комплексы. Але на сённяшні дзень засталіся толькі два. Усяго ж у Мінскай вобласці ў 2004—2005 гадах было прададзена інвестарам на льготных умовах 95 сельгасарганізацый. Пры гэтым яны павінны былі захаваць рабочыя месцы, наладзіць і расшырыць вытворчасць. Але некаторыя новыя ўласнікі пачалі распрадаваць маёмасць ўжо па рыначных цэнах, а гаспадаркі давялі да банкруцтва. У выніку людзі засталіся без работы і сродкаў існавання. А ў асобных выпадках і без жылля. Пытанне аб невыкананні прыватнымі інвестарамі сваіх абавязацельстваў было паднятае падчас даклада старшыні Мінаблвыканкама Сямёна Шапіры кіраўніку дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка падтрымаў прапанову аб неабходнасці вяртання маёмасці інвестараў, якія прывялі гаспадаркі да яшчэ большай разрухі, а людзей да нястачы, у камунальную ўласнасць.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Загаловак у газеце: Каб штосьці мець, трэба папацець

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Ён кожны дзень імкнуўся пераадольваць не менш за сто кіламетраў.

Грамадства

Як «Звязда» парушальнікаў адпачынку з міліцыяй шукала

Як «Звязда» парушальнікаў адпачынку з міліцыяй шукала

Апошнімі цёплымі дзянькамі многія мінчане стараюцца скарыстацца напоўніцу і па магчымасці адпачыць на прыродзе, хай сабе і ў межах горада.

Культура

Спявак Аляксандр Гелах: Як толькі паступіў, пачаў шукаць работу

Спявак Аляксандр Гелах: Як толькі паступіў, пачаў шукаць работу

Малады тэнар, які прыйшоў у Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр Беларусі ў 2015-м, звярнуў на сябе ўвагу аматараў оперы адразу.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Танцуй... Пакуль не замужам?