Вы тут

Як чытачкі «Звязды» дзецям гасцінцы перадавалі


Кажуць, на святы ў людзях абвастраецца пачуццё дабрыні і міласэрнасці, а перад Новым годам у чараўніцтва здольныя паверыць, здаецца, самыя ўпартыя рэалісты. Аднак ёсць у свеце тыя, хто заўсёды гатовы дапамагчы словам ці справай. Такія, як дзве нашы гераіні, якія разгаварыліся з карэспандэнтамі «Звязды», калі тыя збіралі ў ГУМе гасцінцы для выхаванцаў дзіцячага дома №5. Яны палічылі сваім абавязкам зрабіць малым адмысловыя падарункі.


«Я ап­ты­міст­ка, — тлу­ма­чыць Ка­ця­ры­на. — Мя­не па­ся­род но­чы раз­бу­дзі, ска­жы, што трэ­ба да­па­маг­чы, — і я пай­ду, на­ват ка­лі цяж­ка бу­дзе ўста­ваць».

«Як пабачыла вас у ГУМе, дык адразу тату ўспомніла»

Кацярына Казюбра заўжды возіць з сабой цукеркі і частуе чужых дзетак, калі яны пачынаюць капрызіць, бо сама ведае, як цяжка бывае суцешыць малога — выгадавала сваіх траіх. Сын, двое дачок, а таксама пяцёра ўнукаў — самае вялікае багацце ў жыцці жанчыны. А яшчэ яна паспявае дапамагаць даглядаць старых ці малых, калі клічуць. Яе шырокай добрай душы хапае на ўсіх. А людзі кажуць пра Кацярыну, што пагаварылі з ёй і — як у царкву схадзілі.

— Я аптымістка, — тлумачыць Кацярына. — Мяне пасярод ночы разбудзі, скажы, што трэба дапамагчы, — і я пайду, нават калі цяжка будзе ўставаць.

У мамы Кацярыны было чацвёра дзяцей, апошняга з якіх яна нарадзіла ў 42 гады. А малодшая дачка нашай гераіні Валянціна з'явілася ў маці, калі той было 37, ды так і засталася жыць у роднай хаце разам з бацькамі і сваёй сям'ёй: мужам Сашам ды дачкой Ульянай. Для поўнага складу вялікай сям'і варта далічыць сабаку Сімку і кошку Кнопку.

— Я ўжо прывыкла, што нас шмат, гэта ж добра. Чатыры гады таму з'явіўся зяць, праз некалькі месяцаў ён папрасіў дазволу прынесці кошку. Цяпер яна ў нас доктар — спіць у мяне ў нагах і лечыць іх. Пасля ўнучцы купілі сабаку, так што ў нас не засумуеш, — смяецца Кацярына...

Чулая жанчына, як і абяцала, падрыхтавала для выхаванцаў дзетдома падарункі — вязаныя хатнія пантофлі. Рознакаляровыя, з узорамі, утульныя і зручныя, іх хапіла кожнаму. Кацярына вяжа штовечар і раздае свае вырабы проста так, каму спатрэбіцца. Толькі, кажа, нітак не хапае — дужа дорага іх купляць, а спыніцца і не рабіць ужо не можа. Тым больш што хутка разыходзяцца яе шкарпэткі ды пантофлі разам з кропляй дабрыні яе чулага сэрца. Дочкі жанчыны таксама вязаць умеюць, і нават Ульяна ўжо ніткі дапамагае бабулі перамотваць.

Бацька нашай гераіні пастаянна выпісваў «Звязду», і яна таксама заўжды чытала газету.

— Я як пабачыла вас у ГУМе, дык адразу тату ўспомніла, аж праслязілася, — прызналася жанчына.

На развітанне Кацярына абняла нас. Яна ўпэўнена, што такім чынам трэба і вітацца, і развітвацца. І ведаеце, мы адчулі, што жанчына падзялілася з намі той пазітыўнай энергіяй, якой, не раздумваючы, шчодра надзяляе ўсіх навакольных.

Мая Раж­ко­ва на­ву­чы­ла­ся вы­шы­ваць у пяць га­доў — да­ры­ла вы­ха­ва­це­лям ма­лень­кія кар­цін­кі, зроб­ле­ныя сва­і­мі ру­ка­мі, а ў сем ма­ту­ля ку­пі­ла ёй пер­шую швей­ную ма­шын­ку.

«Лепш аддаць тым, хто скарыстае»

Мая Ражкова навучылася вышываць у пяць гадоў — дарыла выхавацелям маленькія карцінкі, зробленыя сваімі рукамі, а ў сем матуля купіла ёй першую швейную машынку.

— Мы жылі ў бараку, тэлевізар быў у пакоі іншай сям'і, таму вечарамі часта рукадзельнічалі. Мама навучыла мяне асновам вязання, а потым мне сталі выпісваць «Работніцу і сялянку« і «Работницу», дзе былі ўрокі вязання і шыцця, — па іх і навучылася. А цудоўная настаўніца працы прывучала нас шыць адзенне для сябе, — успамінае наша гераіня. — У часы дэфіцыту на святы дарылі адрэзы тканіны: сацін, паркаль — мне мама іх аддавала.

У дом на вуліцы Сярова (цяпер яна тут жыве з дачкой, зяцем, малодшай унучкай Сафіяй і сабакам Наомі) сям'я Маі Ражковай пераехала ў 1960 годзе. З суседкамі яны стварылі сапраўдны клуб аматараў вязання. Куплялі тасьму, шкарпэткі і распускалі іх на ніткі, бо не было з чаго вязаць.

— Мама купляла ў «камісіёнках» танныя рэчы — іх таксама распускалі і перавязвалі на сябе. Нават з капронавых нітак вязалі, — дзеліцца жанчына. — Сваім дзецям Артуру і Надзеі я таксама шмат вязала. Шыла ўсе карнавальныя касцюмы ўнучкам, пасля яшчэ і ўнучкі сябровак у гэтых уборах хадзілі. Мае Карына і Аліна вельмі добра малююць. Што на паперы адлюструюць — тое і зраблю.

Калі майстрыха, падышоўшы да нашай скрыні з падарункамі ў ГУМе, даведалася, што дзяўчаты з дзіцячага дома таксама шмат рукадзельнічаюць, наказала карэспандэнтам абавязкова прыехаць — падрыхтуе гасцінцы. Завітаўшы да рукадзельніцы, мы нават уявіць не маглі, што гасцінцы — гэта пяць аб'ёмных пакетаў з ніткамі, пруткамі, стужкамі, кавалкамі і цэлымі адрэзамі тканіны, багатым бліскучым россыпам тасьмы, пацерак ды махроў. Меліся тут і сшытыя рукамі майстрыхі сукенкі, і карнавальны касцюм, які ў дзіцячым доме адразу быў «запісаны» ў мясцовы тэатральны рэквізіт.

— У мяне накапілася ўсяго за столькі гадоў. Самой ужо цяжка шыць — пальцы баляць, — тлумачыць яна. — Лепш аддаць таму, хто скарыстае.

Ірына СІДАРОК

sіdarok@zvіazda.by

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Загаловак у газеце: Калі трэба дапамагчы

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.