Вы тут

Чым нам цікавыя Егіпет і Судан


На наступным тыдні запланаваны афіцыйны візіт нашага Прэзідэнта ў Егіпет і Судан. Чым цікавыя гэтыя краіны, і на якім узроўні цяпер знаходзяцца адносіны Беларусі з імі?


Егіпет з'яўляецца самым правераным партнёрам Беларусі на тэрыторыі ўсёй Афрыкі. Супрацоўніцтва развівалася яшчэ ў савецкія часы, асабліва ў Егіпце былі папулярныя беларускія трактары. Егіпет вядомы як адна з самых густанаселеных краін Афрыкі. Колькасць насельніцтва перавысіла 90 мільёнаў чалавек. Значэнне мае і геаграфічнае становішча краіны. Яго можна назваць удалым — Егіпет кантралюе Суэцкі канал, вельмі важны для гандлёвага і ваеннага мараходства, і робіць намаганні для таго, каб павысіць свае дывідэнды ад яго выкарыстання. У 2015 годзе быў завершаны праект пашырэння канала, які ўдвая павялічыў яго прапускную здольнасць, што прынясе больш сродкаў у казну краіны. Ранейшыя 5—6 мільярдаў долараў, якія прыносіў канал, могуць падвоіцца. Прадугледжана і ператварэнне Суэцкага канала ў асаблівую эканамічную зону, што можа стаць з часам цікава і беларускім кампаніям, бо Расійская Федэрацыя плануе стварыць у гэтай зоне расійскі прамысловы парк. Блізкія сувязі беларускіх прадпрыемстваў з расійскімі могуць прывесці да з'яўлення ў новым парку і беларускіх рэзідэнтаў.

Цяпер у Егіпце ажыццяўляюць сваю дзейнасць тры зборачныя прадпрыемствы Беларусі — адно належыць ААТ «МАЗ» і два — «МТЗ». Пэўныя надзеі на дадатковыя пастаўкі машынакамплектаў з Беларусі ў Егіпет для наступнай зборкі і продажу звязаны з развіццём адкрытага ў 2014 годзе ў Егіпце ААТ «Вытворча-гандлёвае прадпрыемства «Беларус», якое займаецца арганізацыяй вытворчасці і імпарту асобных відаў беларускай машынабудаўнічай прадукцыі. Дарэчы, яно ўключана ў склад свабоднай эканамічнай зоны Порт-Саіда, якая знаходзіцца каля паўночнага канца Суэцкага канала.

Як ні дзіўна, але егіпецкая інвестыцыйная прысутнасць у Беларусі больш значная. У нашай краіне зарэгістравана дзевяць прадпрыемстваў са 100-працэнтным егіпецкім капіталам і дванаццаць прадпрыемстваў з доляй егіпецкага капіталу.

На жаль, 2016 год атрымліваецца не вельмі ўдалым у гандлёвых адносінах. У студзені—лістападзе 2016 года беларускі экспарт у Егіпет скараціўся больш чым удвая ад узроўню папярэдняга года. Ёсць чаканні, што дадатковыя перспектывы ў развіцці гандлёвага супрацоўніцтва з'явяцца ў выніку эфектыўнай дзейнасці Беларуска-Егіпецкай сумеснай гандлёвай камісіі і сфарміраванай у 2015 годзе Беларуска-Егіпецкай рабочай групы па супрацоўніцтве ў галіне прамысловасці.

Беларусам, вядома, Егіпет больш вядомы як папулярны сярод жыхароў краіны курорт. У той жа час у апошнія гады ўсплёск тэрарызму і адмова Расіі адпраўляць у Егіпет турыстаў пасля гібелі расійскага пасажырскага самалёта падарвалі папулярнасць гэтага напрамку сярод нашых суайчыннікаў.

Судан з'яўляецца суседам Егіпта. Нягледзячы на тое, што яго тэрыторыя амаль у два разы большая, па насельніцтве ён істотна адстае — у краіне ўсяго 40 мільёнаў жыхароў. У два з лішнім разы ніжэйшы і ўзровень жыцця суданскага насельніцтва. Галоўнай прычынай з'яўляецца працяглая грамадзянская вайна, у выніку якой ад краіны аддзялілася самастойная дзяржава — Паўднёвы Судан. На жаль, і пасля гэтага палітычнага спакою на тэрыторыі Судана не ўсталявалася.

Асаблівасцю тавараабароту Беларусі з Суданам з'яўляецца амаль поўная адсутнасць паставак з Судана ў беларускую эканоміку. На жаль, як і ў выпадку з Егіптам, беларускі экспарт у Судан таксама знізіўся ў студзені—лістападзе 2016 года. На шчасце, не так драматычна — ён скараціўся толькі на 21 працэнт. У 2004 годзе была сфарміравана сумесная Беларуска-Суданская камісія па супрацоўніцтве. У 2014—2016 гадах адбылося два яе пасяджэнні, у якіх бакі шукалі спосабы актывізацыі гандлёва-эканамічнага і навуковага супрацоўніцтва.

Як і ў выпадку з Егіптам, у Беларусі ёсць цікавасць у арганізацыі зборачных вытворчасцяў на тэрыторыі гэтай краіны, дзе на працяглай аснове рэалізуюцца беларускія трактары і грузавікі. Перамовы аб гэтым вядуцца, але на хуткі поспех разлічваць не прыходзіцца.

У сукупнасці Егіпет і Судан уяўляюць сабой досыць перспектыўны рынак для беларускіх тавараў і паслуг. Плюсамі выступаюць вялікае насельніцтва і максімальная блізкасць да еўразійскіх транзітных магістраляў. У абедзвюх краінах Беларусь вядомая як вытворца прамысловых тавараў і краіна са значным тэхналагічным патэнцыялам, што дазваляе развіваць беларускі экспарт не з чыстага ліста. Плюсам Егіпта выступае таксама высокая канцэнтрацыя насельніцтва — з-за велізарных пустыняў 98 працэнтаў жыхароў сканцэнтраваныя на трох працэнтах тэрыторыі. Гэта палягчае абслугоўванне беларускай тэхнікі, прададзенай на егіпецкім рынку. Добрыя лагістычныя магчымасці дзвюх краін, якія ўключаюць суседства з іншымі буйнымі рынкамі, ствараюць магчымасці для вытворчасці ў іх тавараў, нацэленых і на іншыя размешчаныя побач краіны.

Прывабнымі выглядаюць магчымасці па прыцягненні егіпцян і суданцаў у ВНУ Беларусі на навучанне. Цяпер колькасць студэнтаў з гэтых краін у беларускіх ВНУ нязначная, што не адпавядае патэнцыялу развіцця адносін.

Сяргей КІЗІМА, доктар палітычных навук

Загаловак у газеце: Сувязі захаваліся

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».