21 Верасень, пятніца

Вы тут

Дзелавыя прычоскі: «топ-5» самых папулярных варыянтаў


Жанчыны заўжды імкнуцца выглядаць элегантна і стыльна. І ў першую чаргу на працы, дзе праводзяць большую частку дня. А там без пэўнага дрэс-кода ў большасці выпадкаў не абыйсціся. І гэта тычыцца не толькі аддзення, але і прычоскі.


Як зрабіць свой вобраз непаўторным і прывабным у строгіх рамках дзелавога стылю, сёння чытачам "Алесі" падкажа цырульнік Алег Навінскі.

– У дзелавых прычосках павінна прысутнічаць строгасць, кансерватыўнасць, мінімалізм. Рамантычныя лёгкія локаны і нядбайнасць пакіньце для вячэрніх спатканняў, паходаў у тэатр і выставак. Запомніце: офісная прычоска павінна быць акуратнай і выразнай. Дарэчы, сёння зрабіць такую прычоску дома зусім нескладана, трэба толькі крышачку папрактыкавацца. Забудзьцеся на савецкія часы, калі даводзілася бегчы з ранку ў цырульню і рабіць на галаве "бабету", а каб яна не развалілася, выкарыстоўваць "піўны лак"…

Прыходзіць у офіс дапушчальна толькі з натуральнымі колерамі валасоў. Недарэчна выглядаюць дзелавыя дамы з прычоскамі ў кіслотных зялёных і чырвоных адценнях. Эксперыменты з валасамі даўно саступілі месца больш стрыманай класіцы. Не варта забывацца, што перад любой укладкай трэба вымыць галаву і старанна прасушыць валасы. Пры падборы дзелавой прычоскі варта ўлічваць яе сугучча з агульным стылем, а таксама спалучэнне са стрыманым офісным макіяжам. Калі ў вас невялікія локаны, лепшым варыянтам для офіса стануць класічныя стрыжкі, накшталт карэ ці боба. Яны не патрабуюць штодзённага клапатлівага догляду, але даюць магчымасць кожны дзень цудоўна выглядаць, выкарыстоўваючы фен і сучасныя касметычныя сродкі.

Вядома ж, з доўгімі валасамі прасторы для фантазіі значна больш. Прапаную вам "Топ-5" самых папулярных варыянтаў офіснай прычоскі.

Пучок

Усё, што трэба для выканання гэтай прычоскі, – сабраць валасы ў пучок і зафіксаваць іх зверху з дапамогай невідзімак, шпілек, заколак. Папырскаць прычоску лакам, і ву-а-ля – вы ўжо бізнэс-лэдзі. Маленькая парада: калі хочаце, каб ваш пучок быў акуратны і прыгожы, выкарыстоўвайце пры яго стварэнні валік. Такая прычоска асабліва выйгрышна выглядае ў жанчын з тонкай "лебядзінай" шыяй.

Ракавінка

Яшчэ адна элегантная прычоска, якую смела можна далучыць да дзелавога стылю. І не трэба лічаць яе старамоднай! Тым больш, што рэтра-стыль – упадабаная тэматыка апошніх гадоў сярод вядучых сусветных дызайнераў. "Марская" прычоска вельмі гарманічна выглядае ў пары з класічным дзелавым касцюмам. Стварыць яе даволі проста: злёгку начашыце валасы, збярыце іх на патыліцы, скруціце ў адзін вялікі жгут, звярніце яго ракавінкай, замацуйце шпількамі.

Каса

У адной з самых старадаўніх і славутых прычосак безліч варыянтаў пляцення. Але памятайце, што пад катэгорыю "дзелавая" трапляе толькі класічная строгая каса. На яе стварэнне вам спатрэбіцца не больш за пяць хвілін. А калі вечарам трэба бегчы на спатканне і часу зусім няма – проста прышчапіце на касу эфектную заколку. Паўсядзённы дзелавы вобраз у адзін міг ператворыцца ў элегантна-вячэрні.

Хвост

Універсальны тып прычоскі, які не сыходзіць з п’едэсталаў моды. Многія жанчыны выбіраюць яго менавіта за прастату выканання. Некалькі хвілін – і ўкладка гатова. І варыяцый шмат. Высокі "конскі" хвост, дзе ўсе валасы зачасаныя назад і моцна зацягнутыя. Звычайны, калі дастаткова раздзяліць валасы па прабору і сабраць іх унізе. Толькі памятайце, што ў дзелавым варыянце прычоскі заколка або гумка для валасоў не павінна кідацца ў вочы, быць занадта вялікай, бліскучай, адным словам, эпатажнай.

Каласок

Такі спосаб укладкі валасоў, як каласок, выглядае стыльна, пяшчотна і натуральна. Паветраныя і злёгку раскалмачаныя касічкі пакінем на вячэрні праменад, а вось для працоўных будняў каласок павінен быць акуратны і вытанчаны. Не сакрэт, што яго пляценне патрабуе і практыкі, і часу, але ўсе намаганні акупляюцца прыгажосцю. Раю звярнуць увагу на каласок, які плаўна пераходзіць у хвост: выглядае крэатыўна і строга. А калі такі варыянт надакучыць, хвост хуценька можна завязаць ў пучок, і ваша прычоска адразу ж зменіцца.

Хрысціна ХІЛЬКО

Друкуецца ў часопісе "Алеся"

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чаму ў Беларусі варта аптымізаваць колькасць сельсаветаў

Чаму ў Беларусі варта аптымізаваць колькасць сельсаветаў

І павышаць эфектыўнасць работы мясцовых органаў улады.

Грамадства

Якіх педагогаў  хочуць бачыць дзеці ў аб'яднаннях па інтарэсах?

Якіх педагогаў хочуць бачыць дзеці ў аб'яднаннях па інтарэсах?

​Для сістэмы дадатковай адукацыі ўласцівы адкладзены ў часе эфект.

Грамадства

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Толькі Ньютан і толькі хардкор!