Вы тут

Раім схадзіць


Вечар камернай музыкі, лекцыя ў Парку высокіх тэхналогій, выстава адзення і аксесуараў эпохі Рамантызму і «Дзённік падарожжаў» у Музеі гісторыі беларускага кіно – афіша «Звязды» з 16 па 22 студзеня.


Вечар камернай музыкі

Фота: bodhi.name

Дзе: Беларуская дзяржаўная філармонія (пр-т Незалежнасці, 50)

Калі: 17 студзеня, 19:00

Колькі каштуе: 10 р.

У гэты вечар чатыры беларускія музыканты, лепшыя ў сваёй справе, упершыню разам выйдуць на сцэну Малой залы Беларускай дзяржаўнай філармоніі.

Заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь, першая скрыпка Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Юлія Стэфановіч, лаўрэаты міжнародных конкурсаў Уладзімір Хімарода (альт), Аляксей Афанасьеў (віяланчэль) і Аляксандр Музыкантаў (фартэпіяна) выканаюць знакаміты Фартэпіянны квартэт №1 соль мінор І. Брамса.


Лекцыя «Будучыня біяінфарматыкі: пра што могуць расказаць гены?»

Фота: tch15.medici.tv

Дзе: Парк высокіх тэхналогій (вул. Акадэміка Купрэвіча, 1)

Калі: 19 студзеня, 18:30

Колькі каштуе: бясплатна

Што такое секвеніраванне ДНК і РНК? Якія навуковыя і практычныя задачы можна вырашаць з дапамогай секвеніравання? Якія прадказанні можна зрабіць з дапамогай генетычнага тэсціравання? Што такое генетычны пашпарт? Пра гэта і многае іншае вы даведаецеся на лекцыі 19 студзеня.

Неабходная папярэдняя рэгістрацыя.


Выстава «І паланэз пачаць пара»

Фота: mylitta.ru

Дзе: Дом Ваньковічаў (вул. Інтэрнацыянальная, 33а)

Калі: па 31 студзеня, аўт.-сб.: 10:00-18:00

Колькі каштуе: уваход па білеце ў музей

З 13 студзеня ў Доме Ваньковічаў можна наведаць выставу моды і аксесуараў эпохі Рамантызму з калекцыі Ігара Сурмачэўскага.

Калекцыянер Ігар Сурмачэўскі – збіральнік твораў выяўленчага, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, фатаграфій, дакументаў, звязаных з гісторыяй беларускіх зямель. Асаблівае месца ў яго калекцыі займаюць старадаўнія прадметы гардэроба, антыкварнага адзення і аксесуараў. Асноўная геаграфія рарытэтаў – Заходняя Еўропа, Амерыка і Расія. 


Выстава «Ex Libris. Кніжны знак»

Фота: afisha.tut.by

Дзе: Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь (вул. К. Маркса, 12)

Калі: па 31 студзеня, пан.-нядз.: 11:00-19:00

Колькі каштуе: 5 р., студэнты – 4 р., школьнікі – 3 р.

12 студзеня адбылося адкрыццё выставы Яўгеніі Цыбульскай «Ex Libris. Кніжны знак». Выставачны праект мінскай мастачкі пачынае серыю мерапрыемстваў музея, прысвечаных 500-годдзю беларускага кнігадрукавання.

На выставе «Ex Libris. Кніжны знак» прадстаўлена каля 40 работ, створаных на працягу мінулага года. Гэта экслібрысы сучаснікаў мастачкі – музыкантаў, мастакоў, тэатральных дзеячаў, літаратараў.


Выстава «Дзённік падарожжаў»

Фота: ivetta.ua

Дзе: Музей гісторыі беларускага кіно (вул. Свярдлова, 4)

Калі: 21 студзеня-5 лютага

Колькі каштуе: 2,5 р., студэнты – 2 р., школьнікі – 1,5 р.

Выстава жывапісу Наталлі Шапавалавай і Ленура Веліляева няпроста аб'яднала двух маладых мастакоў, але паказала, што менавіта падарожжа дадаюць ім фарбаў у пачуцці і светаўспрыманне.

Выстава складаецца з пленэрных работ, створаных на працягу апошніх гадоў у розных кутках нашай планеты: у Беларусі, Украіне, Польшчы, Італіі, Чэхіі, Чарнагорыі…

Афіцыйнае адкрыццё выставы, на якой прадстаўлена больш за 30 твораў жывапісу, адбудзецца 20 студзеня ў 18:00.


Музей мініяцюр славутасцей Беларусі

Фота: museums.by

Дзе: Палац прафсаюзаў (пр-т Незалежнасці, 25)

Калі: пастаянная экспазіцыя, 11:00-20:00

Колькі каштуе: 7 р., школьнікі, студэнты, пенсіянеры – 5 р.

24 снежня ў будынку Палаца прафсаюзаў у Мінску адкрыўся музей мініяцюр славутасцей Беларусі. У паменшанай копіі можна ўбачыць Нацыянальную бібліятэку, Холмскія вароты, замкі – Лідскі, Нясвіжскі і Косаўскі, а яшчэ «Віскулі» і іншыя аб'екты.

У музеі ёсць зона для фота: гэта невялікі «закуток беларускай хаткі», дзе можна будзе пераапрануцца ў нацыянальныя касцюмы і папазіраваць для фота.


Выстава «Краіна цудаў»

Фота: livejournal.com

Дзе: Дом Ваньковічаў (вул. Інтэрнацыянальная, 33а)

Калі: па 23 студзеня, 10:00-18:00

Колькі каштуе: удакладняць у касе

Анастасія Адамовіч, аўтар мастацкіх лялек, не першы раз выстаўляецца ў музеі. Яе лялькі ўдзельнічалі ў «Ночы музея» ў 2016 годзе, а ў 2009 яна паказвала сваіх герояў на персанальнай выставе.

Дарэчы, Анастасія вельмі актыўны аўтар. На працягу апошніх пяці гадоў яна ўдзельнічае ў 3-4 выставах штогод - такая ў яе прага творчасці і велізарны патэнцыял.

Яна прыдумляе персанажы, назіраючы за сваімі сучаснікамі. Такім чынам у абліччы і характары яе герояў узнікае сплаў характэрных і індывідуальных рыс.


Выстава «Музей ёлачных цацак»

Фота: magput.ru

Дзе: Дом-музей I з'езда РСДРП (пр-т Незалежнасці, 31а)

Калі: па 31 студзеня, 11:00-19:00

Колькі каштуе: удакладняць у касе

На выставе «Музей ёлачных цацак» дзеці змогуць акунуцца ў чароўную казку, а дарослыя – вярнуцца ў дзяцінства.

Экспазіцыя пабудавана па прынцыпе чароўнага лабірынта, у якім прадстаўлена гісторыя вытворчасці шкляных ёлачных цацак з сярэдзіны ХІХ стагоддзя да нашых дзён.

Акрамя гэтага, можна будзе паглядзець мініятурны калядны гарадок.


Выстава «Час цудаў. Зімовыя святы і забавы»

Фота: emc21.ru

Дзе: Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь (вул. К. Маркса, 12)

Калі: па 28 лютага, 11:00-19:00

Колькі каштуе: удакладняць у касе

Выстава ў інтэрактыўнай форме пазнаёміць з беларускімі традыцыямі зімовых святаў, асаблівасцямі побыту беларусаў розных саслоўяў у зімовы перыяд у розныя гістарычныя часы.

Каб узмацніць адчуванне зімы, агляд выставы будзе праходзіць пад падаючымі шматкамі снегу, падобнымі на сапраўдны.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.