Вы тут

Крохкі лёд забірае чалавечыя жыцці


Пасля Новага года раптоўна вярнулася зіма. Вадаёмы пачалі замярзаць, і туды пацягнуліся аматары парыбачыць ды пакатацца на каньках. Ды вось толькі забыліся пра тое, што мінімальная таўшчыня лёду павінна складаць сем сантыметраў. Як вынік — лічыльнік патанулых пачаў набіраць абароты. За 14 дзён ужо загінула дзевяць чалавек.


— Адзін хлопчык патануў у Пінскім раёне 14 студзеня, — гаворыць старшыня Таварыства ратавання на водах Анвар Ігамбердыеў. — Мясцовы жыхар адправіўся раніцай на рыбалку. Праз некалькі гадзін ён патэлефанаваў свайму 15-гадоваму брату і папрасіў яго прынесці яму абед. Падлетак узяў ежу і пайшоў на вадаём. Па дарозе ён праваліўся ў прамыіну. На жаль, яго выцягнулі ўжо мёртвым... Увогуле, мы выступаем разам з Міністэрствам па надзвычайных сітуацыях за тое, што трэба ўводзіць пэўныя забараняльныя меры. З 1995 па 2017 гады ў Беларусі крохкі лёд забраў 1168 жыццяў.

А якіхсьці адміністрацыйных мер за выхад на яго не прадугледжана. І нават больш за тое, рыбакі падчас ледаставу ўпарта лезуць на вадаём, нібыта той карась апошні ў жыцці. Зрэшты, такім ён і можа стаць, толькі ў іншым сэнсе.

Выходзячы на нетрывалы лёд, мы забываем пра тое, што ёсць меры бяспекі. Рыбалову неабходна апрануць выратавальную камізэльку, узяць з сабой «кіпцюры» — выратавалкі, доўгі лінь, свісток. Напрыклад, у Віцебскай вобласці на возеры быў выпадак, калі пачалі тануць двое рыбакоў. На адным з іх была выратавальная камізэлька, ён выплыў на паверхню. А другі, які быў без амуніцыі, пайшоў на дно. Глыбіня на тым возеры складае 8—12 метраў, плошча — 18 квадратных кіламетраў. Цела знайсці для вадалазаў вельмі праблематычна.

Але неўзабаве настане час, калі да вадаёмаў адправіцца яшчэ больш людзей. 19 студзеня адзначаецца Вадохрышча. Чакаецца, што акунуцца прыйдуць каля 105 тысяч чалавек.

— Прычым 50 тысяч з іх мы чакаем на пастах і станцыях Гомельскай гарадской арганізацыі Таварыства ратавання на водах, — працягвае Анвар Ігамбердыеў. — З кожным годам колькасць удзельнікаў толькі павялічваецца. Але некаторыя з іх прыходзяць у не вельмі цвярозым стане, забываючыся, што там могуць знаходзіцца і іншыя людзі. У тым ліку і са злачыннымі намерамі. Быў аднойчы выпадак у Мінску. Мужчына папрасіў незнаёмага чалавека патрымаць гадзіннік і тэлефон. А калі вярнуўся з вадаёма, то «памочніка» і след прастыў.

Як паведаміў старшыня Мінскай гарадской арганізацыі Таварыства ратавання на водах Фёдар Клюкач, у сталіцы і прылеглым раёне вадохрышчанскія купанні будуць арганізаваны паблізу васьмі дзеючых выратавальных станцый. Гэта станцыі Заслаўе-1 і Заслаўе-2 на Мінскім моры, Вяча, Пціч, Крыніца. А ў Мінску па традыцыі людзей чакаюць на вадасховішчах Цнянскім і Дразды і на Камсамольскім возеры. У адным з месцаў за кошт спонсара будуць устаноўлены нават палаткі з падагрэвам і лазняй. На пастах будуць дзяжурыць карэты хуткай дапамогі. Сагрэцца пасля акунання можна будзе з дапамогай гарачай гарбаты.

Але перш чым лезці ў халодную ваду, трэба цвяроза ацэньваць свае магчымасці, каб не адправіцца пасля на працяглы тэрмін на бальнічны.

— Людзям з не вельмі добрым здароўем варта ўстрымацца ад такіх купанняў, — кажа галоўны пазаштатны спецыяліст па камбустыялогіі Міністэрства аховы здароўя Аляксей Часнойць. — Напрыклад, у «чорным спісе» — сасудзістыя захворванні. Гэта варыкозная хвароба, атэрасклероз, якія пагаршаюць кровазабеспячэнне аддаленых участкаў цела. І таму пераахаладжэнні ў такіх пацыентаў могуць здарацца нашмат часцей. Нейкіх адмысловых метадаў падрыхтоўкі да купанняў у халоднай вадзе не існуе.

Надвор'е, якое ўсталявалася ў Беларусі, спрыяе ўзнікненню абмаражэнняў. Маразы крыху аслабеюць, але на змену ім прыйдуць снег і моцны парывісты вецер. Першая думка ў неспрактыкаванага чалавека — што алкаголь дапаможа сагрэцца. Ды вось толькі эфект выходзіць зусім адваротны.

— 15—20 хвілін чалавек можа адчуваць пэўны прыліў цяпла, — працягвае Аляксей Часнойць. — Але пасля абавязкова наступіць спазм сасудаў. Тэмпература цела знізіцца, асабліва на руках і нагах. Таму ў нецвярозым стане на мароз лепш не выходзіць... Летась з абмаражэннямі на лячэнне патрапіла каля 150 чалавек. 60 працэнтам з іх давялося рабіць ампутацыі і выдаляць пашкоджаныя тканкі.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

sсhklеnnіk@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.