Вы тут

Як на кітайскіх землях вырошчваюць беларускія журавіны


Беларусь вядома не толькі як краіна блакітных азёр, але і шматлікіх тарфяных балот. Таму пра карысныя ўласцівасці журавін, якія там растуць, мы ведаем не па чутках. Акрамя збору ў натуральных умовах, гэтую ягаду ў нас яшчэ вырошчваюць і ў прамысловых маштабах. Статус «скарбніцы вітамінаў» ад гэтага яна не губляе, адрозніваецца толькі выглядам: дробная балотная і буйнаплодная садовая. Тэхналогіяй культывацыі менавіта буйнаплоднай ягады і зацікавіліся кітайскія даследчыкі.


— У прыродзе на беларускіх землях такія журавіны не сустракаюцца. Яны ў канцы 1970-х гадоў былі прывезены з Паўночнай Амерыкі. Так быў створаны першасны калекцыйны фонд, у якім было ўсяго 4 гатункі: Ранні Чорны, Бергман, Франклін і Ховес. Гэта паслужыла пачаткам развіцця такой галіны сельскай гаспадаркі, як нетрадыцыйнае ягадаводства, — расказаў загадчык лабараторыі экалагічнай фізіялогіі раслін ДНУ «Цэнтральны батанічны сад», кандыдат біялагічных навук, дацэнт Аляксандр ЯКАЎЛЕЎ. — Гатункі паспяхова прайшлі інтрадукцыйны, інакш кажучы, уступны перыяд, пасля чаго быў зроблены вывад, што гэтая культура перспектыўная для ўмоў рэспублікі. За 40 гадоў фонд істотна ўзбагаціўся не толькі паўночнаамерыканскімі, але і еўрапейскімі, у прыватнасці фінскімі, гатункамі. Вялікі аб'ём работы па культывацыі расліны быў праведзены прадстаўнікамі Акадэміі навук.

Даследаванні гэтай культуры прыцягнулі ўвагу спецыялістаў з Паўночна-ўсходняга інстытута геаграфіі і аграэкалогіі, які адносіцца да Чаньчуньскага аддзялення Кітайскай акадэміі навук. Інстытут знаходзіцца ў аграрнай правінцыі, якая займаецца галоўным чынам вырошчваннем рысу і кукурузы.

— У 2013 годзе кітайская дэлегацыя ўпершыню прыехала да нас, каб пазнаёміцца з тэхналогіяй вырошчвання журавін. Характэрна, што да таго моманту ў іх краіне наогул не праводзіліся ніякія работы ў гэтай сферы ні ў навуковым, ні ў практычным плане. Усе буйнаплодныя журавіны, якія зараз паступаюць да іх на рынак, — гэта ягады з паўночнаамерыканскага кантынента. Паколькі попыт на гэты вітамінны тавар вельмі высокі, для эканомікі дзяржавы выгадна самастойна запаўняць унутраны рынак, — расказаў Аляксандр Якаўлеў. — Праз год кітайскія калегі запрасілі нас да сябе — паказаць невялікі доследны палігон. Мы ўзялі ўзоры глебы для правядзення аграхімічнага аналізу, аднак нават знешне можна было вызначыць: яно не зусім тое, што трэба для гэтай культуры, таму на пачатковым этапе могуць узнікнуць пэўныя цяжкасці. Даследчыкі наша меркаванне выслухалі, аднак не занадта шмат звярнулі на яго належнай увагі і працягнулі самастойную працу.

Тым не менш вынікі былі несуцяшальныя. І праз некаторы час кітайскія біёлагі звярнуліся да беларускіх з просьбай аб прадастаўленні пасадачнага матэрыялу. Быў падпісаны кантракт на пастаўку 5 тысяч укаранёных чаранкоў, прызначаных, хутчэй, для эксперыменту, чым для рэальнай вытворчасці. Прытарможваюць развіццё гэтай галіны яшчэ і далёкія ад батанікі пытанні. У Кітаі практычна ўся зямля знаходзіцца ў прыватнай уласнасці, таму пра пасадку журавін трэба дамаўляцца з уладальнікамі палёў. Не ўсе з іх гатовыя рызыкнуць, бо гэтая ягада, у адрозненне ад той жа трускаўкі, пладаносіць не на першы, а на трэці год. А часам і наогул — толькі на пяты-шосты. Аднак ёсць і прыемныя моманты — у спрыяльных умовах ураджай можа перавышаць 5 тон з гектара.

У мінулым годзе была закуплена яшчэ адна партыя чаранкоў, на гэты раз ужо 10 тысяч. А з трохгадовых пасадак быў сабраны першы ўраджай. Падчас візітаў у Кітай працэс вырошчвання ягад кантраляваўся беларускімі навукоўцамі. Аднак даследаванні насілі эпізадычны, не занадта эфектыўны характар, таму было прынята рашэнне аб стварэнні Беларуска-кітайскай лабараторыі па інтрадукцыі перспектыўных гаспадарча-карысных відаў раслін з філіяламі ў абедзвюх краінах. Зараз праект знаходзіцца на стадыі зацвярджэння.

— Тэмпература і вільготнасць у гэтай кітайскай мясцовасці блізкія да нашай Віцебскай вобласці. Патрэбна дадатковая аэрацыя, але ўздоўж поймаў рэк гэта лёгка здзейсніць. Адрозніваецца склад глебы з-за раслін-торфастваральнікаў, аднак гэта не робіць працэс культывацыі немагчымым, — адзначыў даследчык. — Журавіны буйнаплодныя цікавяць кітайцаў пераважна як сыравіна для перапрацоўкі, бо ў такім выглядзе іх кошт істотна павышаецца. З ягад можна атрымаць канцэнтраваны сок, пасля чаго жмых выкарыстаць для вытворчасці клюзюма — своеасаблівых разынак з журавін, настоеных у цукровым сіропе. Гэты прадукт актыўна выкарыстоўваецца ў хлебабулачных вырабах. Цукровы сіроп з водарам і прысмакам журавін — яшчэ адзін тавар, прычым усе яны захоўваюць карысныя ўласцівасці практычна ў поўным аб'ёме. Атрымліваецца абсалютна безадходная вытворчасць. Так з 2 долараў за кілаграм свежых журавін атрымліваецца сума ў 2,5—3 разы большая за патрачаную.

Дар'я КАСКО

kasko@zvіazda.by

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Ягада з прысмакам партнёрскіх адносін

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.