За кошт прыняцця мер па ўдасканаленні сістэмы экатурызму на асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторыях (ААПТ) да 2030 года колькасць наведвальнікаў узрасце не менш чым на 80%.
— Адна з самых дзейсных мер па захаванні прыроднага патэнцыялу краіны — не весці на каштоўных прыродных тэрыторыях гаспадарчую дзейнасць. Але разам з гэты яны павінны не ляжаць баластам, а ўдзельнічаць у фарміраванні эканамічных паказчыкаў рэгіёнаў, экалагічнай асвеце насельніцтва і выхаванні беражлівых адносін да прыроды, — лічыць начальнік упраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Мікалай Свідзінскі. Усе гэтыя мэты ўключае ў сябе развіццё ў краіне ўстойлівага экалагічнага турызму.
Па словах прадстаўніка Мінпрыроды, экатурызм на ААПТ — гэта важны кірунак развіцця рэгіёнаў, які дазваляе, захоўваючы прыроду, павялічваць свой дабрабыт. Рост колькасці наведвальнікаў прыродных комплексаў спрыяе прытоку інвестыцый і росту ўзроўню жыцця, галоўным чынам сельскіх жыхароў. А сродкі, атрыманыя ад экалагічнага турызму, накіроўваюцца на афармленне экалагічных сцежак, падрыхтоўку паліграфічнай прадукцыі, рэкламу заказнікаў.
Але сёння ў сферы экатурызму існуе даволі шмат праблем, вырашэнне якіх павінна дапамагчы не толькі прыцягнуць турыстаў на ААПТ, але і дапамагчы захаваць іх цэласнасць і чысціню. Адна з галоўных — нераўнамернае размеркаванне турыстаў паміж рознымі прыроднымі тэрыторыямі. Так, найбольш вядомыя ў краіне і за мяжой заказнікі і нацыянальныя паркі сёння пакутуюць ад перавышэння рэкрэацыйных нагрузак у 1,5—3 разы, а іншыя, з не меней каштоўнай і прыгожай прыродай, застаюцца ў цені.
Гэта і іншыя пытанні, нагадаем, ляглі ў аснову працы сумеснай калегіі Мінпрыроды і Міністэрства спорту і турызму, якая адбылася ў верасні мінулага года. Па выніках сустрэчы прадстаўнікі двух ведамстваў распрацавалі план дзеянняў, неабходны, паводле іх меркаванняў, для паляпшэння сітуацыі ў гэтай сферы. Нядаўна праект Пастановы "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Пастанову Савета Міністраў РБ ад 2 ліпеня 2014 года №649" быў занесены на разгляд Саўміна. Такім чынам, стратэгічныя кірункі развіцця экатурызму прапануецца ўключыць у Нацыянальную стратэгію развіцця сістэмы ААПТ да 1 студзеня 2030 года.
— Мы будзем ісці ў кірунку развіцця турыстычнай інфраструктуры, будаўніцтва і забеспячэння функцыянавання візіт-цэнтраў, інфармацыйна-адукацыйных пакояў, — расказаў Мікалай Свідзінскі. — Працягнецца стварэнне "зялёных" маршрутаў і экалагічных сцежак на ААПТ. Асаблівая ўвага будзе ўдзяляцца падрыхтоўцы экскурсаводаў і інструктараў-правадыроў з веданнем замежных моў і здольнасцю працаваць з любой аўдыторыяй, распрацоўвацца электронныя даведнікі.
Дзякуючы турыстычнай дзейнасці новае развіццё павінна атрымаць і дзяржаўна-прыватнае партнёрства. Так, напрыклад, мясцовыя аграсядзібы змогуць больш актыўна размяшчаць у сябе турыстаў, якія рашылі наведаць той ці іншы заказнік.
Спецыялісты чакаюць, што ў выніку гэтых дзеянняў да 2030 года будзе сфарміравана рэпрэзентатыўная ў адносінах да ўсіх тыповых і рэдкіх прыродных ландшафтаў і біятопаў сістэма асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторый. За кошт развіцця турыстычнай інфраструктуры і інфармацыйнага забеспячэння яе функцыянавання колькасць экатурыстаў павялічыцца не менш чым на 80% (штогод нацыянальныя паркі прымаюць каля 130 тыс. турыстаў і адпачывальнікаў), а таксама будзе створана не менш за 500 новых працоўных месцаў у сельскай мясцовасці і малых гарадах.
70-я Генеральная Асамблея Арганізацыі Аб'яднаных Нацый абвясціла 2017 год Міжнародным годам устойлівага турызму ў інтарэсах развіцця. Ён будзе садзейнічаць павышэнню ролі турызму ў наступных пяці ключавых галінах: інклюзіўны і ўстойлівы эканамічны рост; сацыяльная інклюзіўнасць, працаўладкаванне і скарачэнне маштабаў беднасці; эфектыўнае выкарыстанне рэсурсаў, ахова навакольнага асяроддзя і змена клімату; культурныя каштоўнасці, разнастайнасць і спадчына; узаемаразуменне, мір і бяспека.
На 1 студзеня 2017 года сістэма ААПТ уключала 1287 аб'ектаў, у тым ліку адзін запаведнік, 4 нацыянальныя паркі, 98 заказнікаў рэспубліканскага значэння, 297 заказнікаў мясцовага значэння, 329 помнікаў прыроды рэспубліканскага і 568 — мясцовага значэння. Агульная плошча ААПТ складае каля 1,8 млн га ці 8,7% тэрыторыі краіны.
Вераніка КОЛАСАВА
Фота БЕЛТА і Анатоля КЛЕШЧУКА
Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.
Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны.
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.