Вы тут

Часопісу «Родная прырода» — 45 гадоў


1972 год. Апошняе лета майго дзяцінства. Бывайце балотца за мілай ваколіцай, грыбны лясок, любая вёска, бывайце... Развітваюся з бабуляй, у горадзе іду ў першы клас. Наперадзе новае, нязведанае, але такое захапляльнае жыццё. Як вядома, многае з цягам імклівага часу пераасэнсоўваецца па-іншаму. І цяпер з вышыні дарослага чалавека, прафесійнага журналіста, пісьменніка, лаўлю сябе на думцы, чаму значную частку сваёй творчасці прысвячаю менавіта ёй, беларускай прыродзе? Працяглы час была непарыўна звязана з лясной галіной, і вось зараз лёс зноў звёў, не пабаюся высокага слова, з беларускім брэндам — часопісам «Родная прырода».


Сама сябе пераконваю ў тым, наколькі важныя для чалавека яго жыццёвыя карані, калі яны знітаваны з пахам цёплай зямлі, смакам сонечнай антонаўкі, адчуваннем подыху лёгкага ветрыку... Каб лепш разумець, хто ты ёсць у гэтым свеце, трэба ў пэўным сэнсе гэтага слова з'яднацца з прыродай. Яна дужыць пры любых абставінах, не дае схіліцца ад жыццёвых бур...

1972 год. Знаходжу цікавую адметнасць у жыцці нашай краіны — у Мінску зарэгістраваны мільённы жыхар. Думаю, чалавек настойліва імкнецца да цывілізацыі. Спакуслівыя гарадскія выгоды вабяць з вёскі ў сталіцу моладзь. Я зусім не за тое, каб рабіць нейкія папрокі. Чалавек мае права выбіраць тое, што яму падабаецца. І мой лад жыцця стаў гарадскім. Але ж ці не занадта мы аддаляемся ад таго, што стварае сутнасць чалавека, узвышае яго душу — непасрэднай блізкасці з прыродай? Чаму пасля гарадскога тлуму так хочацца ўдыхнуць глыток свежага паветра, прытуліцца да беластволай бярозкі, падзівіцца легкакрыламу матыльку?..

1972 год. Пачынае адлік свайго доўгага творчага шляху часопіс «Родная прырода». Сказаць толькі творчага, напэўна, будзе памылкова. І гэта нягледзячы на тое, што ўсе гады старонкі выдання напоўнены лірызмам, узнёсласцю пачуццяў, на якія можа натхніць толькі яна, наша родная беларуская прырода. Сутнасць часопіса больш глыбокая. Яго філасофія якраз і крыецца ў той галоўнай сутнасці: чалавек — ты часцінка прыроды. Не нашкодзь ёй, не пакрыўдзі, не згубі!..

Старонкі складаюцца ў нумары, нумары ў падшыўкі. За 45 гадоў створана сапраўдная экалагічная бібліятэка. А гэта ж усяго толькі адно выданне!

З нумара ў нумар відавочна не толькі прыродаахоўная тэматыка. За створаным пакаленнямі журналістаў экалагічным летапісам стаіць больш значнае — лёс цэлай краіны. Бо што б ні рабіў чалавек: выпрамляў рэкі, асушваў балоты, выпускаў з-пад улады смяротны атам, пакутавала прырода. І рэхам экалагічныя беды адгукаліся ў пранікнёных журналісцкіх радках, знаходзілі ўвасабленне ў набалелых тэмах на старонках «Роднай прыроды».

Сучасны часопіс, нягледзячы на свой «глянцавы» выгляд, гэткі ж непахісны абаронца роднай прыроды, як і тыя яго першапачаткоўцы з цяпер ужо далёкіх 1970-х. Калі гаварыць пра тое, што радуе асабліва цяперашніх стваральнікаў часопіса, дык гэта сябры-падпісчыкі. Нашы паплечнікі і ўсе тыя грамадскія актывісты і проста неабыякавыя людзі, якія экалагічныя праблемы лічаць за свае і робяць усё для таго, каб свет вакол нас стаў чысцейшым і дабрэйшым. І, зразумела, асаблівая ўдзячнасць Міністэрству прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь за тую стваральную дзяржаўную экалагічную палітыку на карысць захавання і прымнажэння прыродных багаццяў Беларусі. І мы, стваральнікі часопіса, зразумела, да гэтага яшчэ больш далучымся, каб не страцілася наша, роднае...

Алена Стэльмах, галоўны рэдактар часопіса «Родная прырода»

Загаловак у газеце: Экалагічны летапіс краіны

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ўрокі іншай мовы і шчасце, калі ў доме гаспадар.

Грамадства

Птушкі, людзі, цытаты з класікаў: хто, як і навошта расфарбоўвае гарады

Птушкі, людзі, цытаты з класікаў: хто, як і навошта расфарбоўвае гарады

 Карэспандэнт «Звязды» сустрэлася з мастаком Аляксандрам Благіем.

Грамадства

На лячэнне і паляванне. Што прыцягвае замежнікаў у Беларусі?

На лячэнне і паляванне. Што прыцягвае замежнікаў у Беларусі?

​Беларускія санаторыі перасталі быць месцам адпачынку пераважна пажылых людзей.

Грамадства

Што адбываецца ў Юравічах?

Што адбываецца ў Юравічах?

Пасля трагедыі людзі размаўляюць з журналістамі на ўмовах ананімнасці