Вы тут

Ці сапраўды процігалалёдныя сумесі небяспечныя?


Чаму на нашых дарогах прымяняюць процігалалёдныя сумесі з высокім утрыманнем хлорыстага натрыю?

Процігалалёдныя рэагенты — папулярная тэма ў гараджан. Скажам шчыра, перш за ўсё, нам не падабаюцца белыя разводы ад солі на абутку з натуральнай скуры. Грамадзяне б'юць трывогу, маўляў, у Беларусі прымяняюцца небяспечныя сумесі не толькі для абутку, але і для экалогіі. Але наколькі яны сапраўды небяспечныя? Па адказ на гэта пытанне мы звярнуліся да спецыялістаў.


«У сезон 2016—2017 гадоў для барацьбы з зімовай слізкасцю выкарыстоўваюцца традыцыйныя процігалалёдныя рэагенты на аснове галіту (соль для тэхнічнага выкарыстання). На сённяшні дзень эканамічны складнік і эфектыўнасць рэагенту — самыя важкія аргументы пры выбары матэрыялаў для апрацоўкі пакрыццяў, — растлумачыў намеснік генеральнага дырэктара па ўтрыманні аб'ектаў добраўпарадкавання дзяржаўнага вытворчага аб'яднання «Гаррамаўтадар Мінгарвыканкама» Анатоль ЖАМОЗДЗІК. — Ужыванне гэтых матэрыялаў абумоўлена тым, што ў краіне ёсць значныя радовішчы солі, якая з'яўляецца самым танным і найбольш эфектыўным матэрыялам для барацьбы з зімовай слізкасцю».

У многіх мінчан існуе меркаванне, што вулічна-дарожную сетку пасыпаюць нечым вельмі небяспечным і забароненым. Па словах Анатоля Жамоздзіка, забароненыя рэчывы ў процігалалёдных сумесях не выкарыстоўваюцца.

Усе прадпрыемствы-ўдзельнікі аб'яднання «Гаррамаўтадар Мінгарвыканкама» выкарыстоўваюць процігалалёдныя матэрыялы, дазволеныя да ўжывання, якія адпавядаюць патрабаванням тэхнічных нарматыўна-прававых актаў і вырабляюцца па тэхналагічных рэгламентах і рэцэптурах.

Для ліквідацыі зімовай слізкасці ўжываюць хімічны, хіміка-фрыкцыйны і фрыкцыйны спосабы. Пры хімічным спосабе выкарыстоўваюць цвёрдыя крышталічныя процігалалёдныя матэрыялы на аснове хлорыстага натрыю з утрыманнем апошняга ад 95%. Хіміка-фрыкцыйны спосаб прадугледжвае змешванне цвёрдых крышталічных матэрыялаў з пяском у аб'ёме, неабходным для размеркавання хімічных складнікаў. Канцэнтрацыя рэагенту ў такіх сумесях вагаецца ад 5% да 95%. Фрыкцыйныя матэрыялы прымяняюцца для павышэння счэпных якасцяў пры наяўнасці на пакрыцці снежна-ледзянога накату і іншых утварэнняў. Колькасць рэагенту ў такіх сумесях не перавышае 5%.

А як соль уплывае на глебу, на дрэвы, кусты? Ці задаецца хтосьці гэтым пытаннем? «Для памяншэння адмоўнага ўздзеяння рэагентаў на навакольнае асяроддзе арганізацыі, якія выконваюць работы па зімовым утрыманні дарог, дакладна выконваюць нормы россыпу рэагенту, шырока ўжываюць прафілактычную апрацоўку пакрыццяў з мінімальнымі нормамі размеркавання сумесі, — растлумачыў Анатоль Жамоздзік. — Захоўванне і складаванне матэрыялаў ажыццяўляецца на пляцоўках з асфальтабетонным пакрыццём, з правядзеннем мерапрыемстваў, якія выключаюць прасочванне раствораў у глебу. Захоўванне рэагентаў у чыстым выглядзе забяспечана ў закрытых складах».

Меркаванне эколага

— Немагчыма дакладна ацаніць шкоду, якая наносіцца прыродзе, калі невядома, дзе і колькі солі патрапіла ў глебу. Такіх даследаванняў няма, — адзначае дырэктар Цэнтра экалагічных рашэнняў Яўген ЛАБАНАЎ. — Безумоўна, выкарыстанне пясчана-салянай сумесі мяняе водна-салявы рэжым глебы і негатыўна ўплывае на расліннае покрыва газонаў, зялёныя насаджэнні, таму ў такіх месцах вельмі пажадана абмежаваць выкарыстанне солі. У зімовы перыяд трэба асабліва ўважліва шукаць месца для прагулак з дамашнімі гадаванцамі — лапы катоў ды сабак баляць ад дотыку да процігалалёдных рэагентаў.

Вельмі важна, каб пясчана-саляныя сумесі выкарыстоўваліся ва ўмеранай колькасці, не перавышалі дапушчальныя нормы. Адзначу, што ў Мінску былі спробы прымяняць іншыя рэагенты, але ў выніку вярнуліся да традыцыйных матэрыялаў.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: «Салёная» зіма

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У 72-м аб'яднаным вучэбным цэнтры юнакі атрымліваюць і грамадзянскія спецыяльнасці

У 72-м аб'яднаным вучэбным цэнтры юнакі атрымліваюць і грамадзянскія спецыяльнасці

72-і аб'яднаны вучэбны цэнтр, што ў Печах, — самая вялікая воінская часць у Беларусі. 

Грамадства

Распавядаем, як арганізавана меддапамога ў Паставах

Распавядаем, як арганізавана меддапамога ў Паставах

Самым аддаленым ад абласнога цэнтра раёне краіны.

У свеце

Чаму Дональд Трамп захацеў набыць Грэнландыю?

Чаму Дональд Трамп захацеў набыць Грэнландыю?

Цяпер гэтая аўтаномная тэрыторыя ўваходзіць у склад Каралеўства Данія.

Грамадства

Школы Гомельшчыны прайшлі праверку на гатоўнасць да навучальнага года

Школы Гомельшчыны прайшлі праверку на гатоўнасць да навучальнага года

Сё­ле­та ў да­школь­ныя ўста­но­вы ра­ё­на прый­дзе 2 700 ма­лых.