Вы тут

Князь Усевалад (? — ?)


Гісторыя кожнага чалавека так ці інакш павучальная, толькі варта зрабіць з яе належныя высновы. Гэтак накопліваецца гістарычны вопыт пакаленняў, які дапамагае пазбегнуць былых памылак. У значнай ступені сказанае адносіцца і да князя Усевалада. Ягоны драматычны лёс вучыць нас даражыць свабодай і бараніць яе, у рэшце рэшт бараніць сваю краіну, каб не зрабіцца ў ёй чужынцам.


Усевалад быў князем удзельнага Герцыкскага княства, што знаходзілася ў Сярэднім Падзвінні і было ў васальнай залежнасці ад Полацка. Разам з полацкім князем Валадаром і кукейноскім князем Вячкам Усевалад змагаўся з крыжакамі, што на пачатку ХІІІ стагоддзя пачалі заваёўваць Усходнюю Прыбалтыку. Рыжскі біскуп Альберт, які ўзначальваў крыжацкую экспансію, прызнаваўся, што «Герцыкскі кароль заўжды быў ворагам рыжан, змагаючыся з імі і не жадаючы заключыць мір». Для авалодання землямі летаў і латгалаў перш за ўсё трэба было захапіць Герцыке ці падначаліць ягонага князя. Восенню 1209 года Альберт сабраў раду і нагадаў на ёй «усё зло, прычыненае каралём Герцыке разам з летонамі гораду Рызе». Было вырашана заваяваць Герцыке. Біскуп, магістр крыжакоў сабралі ў сваё войска апалчэнні скароных ліваў і летаў. Процістаяць гэтаму полчышчу Усевалад не меў сілы. Крыжакі разбілі ягоную дружыну і захапілі Герцыке. Каб вярнуць горад і вызваліць з палону сям'ю, Усевалад прыехаў у Рыгу да біскупа. Альберт паабяцаў вярнуць Герцыке пры ўмове перадачы «каралеўства» ў вечны дар Рыжскаму біскупству і прызнання сябе васалам біскупа. Умовы былі цяжкімі і рабілі Усевалада цалкам залежным ад рыжскага біскупа, а там і ягоным памагатым. Але чаго не зробіш дзеля выратавання родных. Усевалад пайшоў на ахвяру, аддаў свабоду ўзамен на жыццё сваёй сям'і. Крок цяжкі, але неабходны ў яго безвыходным становішчы.

Пасля клятвы вернасці Усевалад атрымаў Герцыке, як пажалаванне біскупа ў леннае валоданне.

Ён павінен быў даносіць біскупу пра «ўсе злыя задумы русінаў і літвінаў». Гэтую ганебную ролю Усевалад не выканаў. Ён не змірыўся з варожай уладай. Як адзначыў храніст Генрых Латвійскі, Усевалад часта ўзначальваў войскі літвінаў, усяляк дапамагаў ім, забяспечваў прадуктамі, перапраўляў іх цераз Дзвіну. Саюзныя адносіны з літвінамі зразумелыя, бо Усевалад быў жанаты з дачкой аднаго з моцных літоўскіх князёў Даўгерутэ. Усевалад разумеў, што паасобку спыніць крыжацкую экспансію цяжка. Даўгерутэ ездзіў у Ноўгарад і заключыў там саюз супраць крыжакоў. Па дарозе назад ён трапіў у крыжацкі палон, дзе і пакончыў з сабой. Усевалад пазбавіўся моцнага саюзніка і, па сутнасці, быў асуджаны на расправу, якая неўзабаве і адбылася ў 1214 годзе.

Крыжакі захапілі Герцыке і спалілі яго. Усевалад, які адсутнічаў у горадзе, вярнуўся на папялішча. Толькі не аднаўляць горад давялося, а змагацца з ворагам. Крыжакі зноў паўтарылі паход на Герцыке. Ёсць звесткі, што Усевалад загінуў, але новыя дакументы сведчаць аб іншым. Усевалад захаваў не толькі жыццё, але і свой горад, пэўна, адмовай ад барацьбы з крыжакамі, бо ён ужо не згадваецца ў «Хроніцы Лівоніі» як вораг Рыгі і Лівонскага Ордэна.

З дакументаў вядома, што ў 1224 годзе біскуп Альберт па просьбе Усевалада перадаў «палову замка Герцыке і ўсіх зямельных уладанняў, што адносяцца да гэтага замка» рыцару Конраду з Ікесколя, жанатаму з ягонай дачкой. Такім чынам, каб захаваць свой лен, Усевалад парадніўся са сваімі нядаўнімі ворагамі. Як кажуць, тут ужо не да прынцыпаў, абы выжыць. Такі выбар зрабіў Усевалад, прыстасаваўся да ўмоваў, зжыўся з ворагам.

У 1230 годзе Усевалад перадаў частку свайго ўладання рыжскаму біскупству. Памёр Усевалад дзесьці напрыканцы 1230-х гадоў, бо з 1239 года Герцыке завалодаў рыжскі біскуп, які палову яго падараваў Ордэну, а другую палову прадалі спадкаемцы Усевалада.

Новыя гаспадары Герцыке не аднавілі да жыцця Герцыке, горад неўзабаве заняпаў і да ХІХ стагоддзя дайшло толькі ягонае гарадзішча, якое ледзь адшукалі. Красамоўная гісторыя заняпаду і забыцця. Невядомы лёс спадкаемцаў Усевалада, куды раскідаў іх магутны вецер перамен. Невядома, якое дачыненне мае князь Гердзень, які заключыў у 1265 годзе ад імя Полацка дамову з Ордэнам і замкам з падобным імем Гердэне ў былым Герцыкскім княстве. Магчыма, Гердзень быў сынам Усевалада, тады мы маем працяг гісторыі герцыкскай дынастыі. Але тут мы ўваходзім у вобласць фантазіі, што само па сабе цікава. Зрэшты, гісторыя павінна быць цікавай, каб яна вабіла людзей, і таямнічай, каб новыя даследчыкі спрабавалі пранікнуць у яе таямніцы. Калі ўсё зразумела і відавочна, дык няма неабходнасці вывучаць, думаць, рабіць высновы і адкрываць тое, што хацелі сказаць ці перадаць нам продкі.

Вітаўт ЧАРОПКА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.