22 Верасень, субота

Вы тут

Сяргей Сергачоў: «Задача любой сталіцы — дэманстраваць»


Днямі Сяргей Сергачоў — загадчык кафедры архітэктуры жылых і грамадскіх будынкаў БНТУ, доктар архітэктуры, член-карэспандэнт Міжнароднай акадэміі архітэктуры — атрымаў прэмію Прэзідэнта «За духоўнае адраджэнне». Пры вылучэнні для такой высокай адзнакі была звернута ўвага на яго кнігу «Народнае дойлідства Беларусі. Гісторыя і сучаснасць», праца над якой вялася адначасова з дзейнасцю па захаванні аб'ектаў народнага дойлідства, якія маюць гістарычную і мастацкую каштоўнасць.


Сяргей Сергачоў адзначыў у інтэрв'ю карэспандэнту «Звязды»:

— Найперш хачу падзякаваць вашай газеце. Бо калі выйшла мая кніга, менавіта «Звязда» першай змясціла інфармацыю пра яе. Пазней выйшлі разгорнутыя рэцэнзіі ў «Літаратуры і мастацтве», іншых выданнях, аднак менавіта вы адразу ацанілі вартасць выдання. Яно, дарэчы, добра прадаецца, распаўсюджваецца і рэкламуецца нават у Германіі і Амерыцы. Таму атрыманне прэміі Прэзідэнта — пацвярджэнне значнасці маёй кнігі, якая, я ўпэўнены, не страціць сваёй актуальнасці і праз 200 гадоў.

— У вашым выданні апісваецца беларускае дойлідства. Раскажыце, у чым яго адметнасць?

— Беларусы заўсёды ўлічвалі месца і час. Месца — значыць, прыродныя з'явы: мароз, завеі, колькасць сонца. Таксама бралі пад увагу ўмовы жыцця — тут заўсёды было шмат войнаў, гінулі людзі. Як асноўны матэрыял выкарыстоўвалі драўніну, якая хутка знішчалася пажарамі. Агонь часам забіраў па 300 дамоў запар. У летапісах ёсць звесткі, што, напрыклад, у Полацку, Дзісне за адну ноч згарэлі ўсе да аднаго дамы. І ўсё гэта трэба было хутка ўзнаўляць. Таму былі выпрацаваны зборныя метады будаўніцтва, якія дазвалялі абысціся меншымі затратамі часу, грошай, матэрыялаў, фізічнай сілы. З гэтай прычыны наша архітэктура сціплая і вельмі дакладная. Разлічвалі на колькасць людзей у сям'і, скаціны ў хляве — лішняга не будавалі. У суседніх народаў маглі на два паверхі ўзводзіць дамы, у нас жа так не рабілі, бо не было патрэбы. А летам увогуле разыходзіліся спаць хто куды — на сена ў пуню, у лазню, на гарышча. Узімку, натуральна, усе збіраліся ў хаце. Больш за тое, у маразы нават куры з пеўнікам пад печчу жылі, бо ў хляве было холадна. І парсючок тут жа, побач, хаваўся. Наша архітэктура на ўсё гэта рэагавала.

— Ці былі асаблівасці ў розных рэгіёнах Беларусі?

— Так, безумоўна. Узяць, напрыклад, Палессе і Віцебшчыну — там зусім розныя двары. На Палессі будавалі ў адзін шэраг, бо зямлі мелі няшмат, яе адусюль абступалі балоты. Таму такія паселішчы нават называліся «востравам». Насельніцтва прыбаўлялася, даводзілася дзяліць зямлю — узводзілася шчыльная забудова. Таму на Палессі такія вялікія вёскі. У тым жа Моталі сёння 6000 жыхароў. А калі казаць пра Віцебшчыну, то зямлі там хапала, але было шмат узвышшаў, балоцін. Вялікіх палёў не мелася, таму і вёсачкі дробныя — 10—15 двароў. А 20 хацін — лічылася ўжо шмат. Калі паехаць на Падняпроўе ці Панямонне, можна ўбачыць, што там будавалі вянком — пасярэдзіне дом, а вакол яго гаспадарчыя пабудовы, усё гэта зачынялася прыгожай брамай. Такім чынам побыт сям'і быў схаваны ад старонняга вока. Калі прыйшла калектывізацыя, шмат што зрабілася непатрэбным — месца для каня, пуня для сена. Такая структура пачала знікаць. Дарэчы, цяпер зноў сталі патрэбны гараж, пэўная майстэрня — і людзі ўзнаўляюць гэту вянковую забудову. Цікава паехаць і ўбачыць сёння невялічкія вянкі-крэпасці, падобныя да тых, што былі 500 гадоў таму.

— Значыць, можна сказаць, што традыцыі будавання вяртаюцца?

— Яны заўсёды прысутнічалі ў нашым жыцці. І калі не было магчымасці іх увасобіць, людзі ўсё адно памяталі іх. Разуменне, як і што трэба рабіць, жыло ў свядомасці, нешта распавядалі дзяды. У сваёй кнізе я імкнуўся паказаць архітэктуру як частку культуры, у тым ліку духоўнай. Асяроддзе, у якім жылі людзі, ніхто для іх не рабіў. Яны стваралі яго самі. Хлопчыкаў з маленства вучылі ўпраўляцца з інструментамі...

— У наш час многія беларусы з вёсак пераехалі ў гарады. Напрыклад, мае дзяды добра апрацоўвалі дрэва, а вось браты ўжо не так шчыльна ім займаюцца. Ці правільна сказаць, што мы нешта страцілі?

— Вядома ж, не, бо грамадства ідзе наперад. Многае застаецца ў пэўных легендах, паданнях і такім чынам жыве з намі. Ёсць такая адметнасць у беларусаў — мы заўсёды вельмі паважалі ўсё новае. Нават прымаўка такая ёсць: «Хоць альховы, абы новы». Бо альха — не надта добрая драўніна — але калі штосьці новае зробяць з яе, то гэта добра. Зараз мы імкнёмся да нечага лепшага. Таму шкадаваць пра тое, што нешта страцілі, не варта. Галоўнае тое, што ў народным дойлідстве не было глупства. Прыгажосць дадавалася толькі ў тых месцах, дзе гэта было патрэбна, а на лішняе не марнавалі час.

— Наколькі актуальнае сёння будаўніцтва з драўніны?

— Драўніна вяртаецца, апошнім часам будуецца шмат модульных дамоў. Іх робяць акурат так, як рабілі раней. Не заўсёды хату можна было ўзвесці на тым месцы, дзе яна будзе стаяць. Бо там яшчэ знаходзілася ранейшая хата, у ёй жылі, а ўжо патрэбна была іншая. Таму новы зруб збіралі ў іншым месцы, затым разбіралі. Старую хату прымалі, а на яе месцы складалі новы зруб. Тое ж сёння і з панэльнымі дамамі — іх дзесьці робяць, а пасля прывозяць. Модульныя дамы, іх шматслойны драўляны каркас робіцца па тым жа прынцыпе: рыхтуюць дзесьці ў іншым месцы, а затым за два-тры дні збіраюць новы дом там, дзе трэба.

— Вы кажаце, што нашы продкі будавалі мудра... Як ацэньваеце гарадскую архітэктуру, якая з'яўляецца ўжо ў наш час?

— Усё ўшчыльняецца — нічога іншага чакаць і не варта. Бо зямля ў горадзе каштуе дорага, кожны шукае вольнае месца, каб нешта пабудаваць. Аднак у Мінску праблема застаецца... Задача любой сталіцы свету, у адрозненне ад іншых гарадоў, дзе ўсё можа быць шчыльна забудавана, — нешта дэманстраваць, пакінуць сабе вольныя прасторы. Як Елісейскія палі ў Парыжы ці Цэнтральны парк у Нью-Ёрку (хоць гэта і не сталіца). А ў нас ёсць зялёны дыяметр вакол Свіслачы ў Мінску. Я назіраю, як то там, то там ад яго адразаюць кавалкі. Але добра было б гэту тэрыторыю не чапаць, каб былі бачныя рака і зеляніна. Гэта элемент сталічнасці — дазволіць сабе прадэманстраваць. А ў нас з гэтым здараюцца пэўныя праблемы.

— Вы з'яўляецеся членам-карэспандэнтам Міжнароднай акадэміі архітэктуры. Ці можна параўнаць нашы збудаванні з тымі, што ўзводзяцца ў іншых краінах?

— Калі нават у інтэрнэце паглядзець, што адбываецца з архітэктурай, міжволі ўзнікае думка, а ці не тая гэта раскоша, што Рым згубіла?.. Архітэктары імкнуцца прадэманстраваць свае таленты. Інвестары ўкладаюць неймаверныя грошы ў будаўніцтва. Натуральна, з'яўляюцца аб'екты, якія дэманструюць паспяховасць пэўнай фірмы ці банка. Тое ж адбываецца і ў нас. Зроблены вельмі цікавыя пабудовы для спорту — не шмат дзе яшчэ ёсць такія, вельмі сучасныя. Адносна той жа Нацыянальнай бібліятэкі было столькі спрэчак — правільная форма абрана ці не? Аднак гэта да лепшага — спрэчкі робяць больш вядомымі горад, пабудову і прыцягваюць да яе ўвагу.

— Вы казалі пра парушэнні цэласнасці забудовы... Каля той жа Нацыянальнай бібліятэкі з'явіўся велізарны гандлёвы цэнтр, які не толькі сваімі памерамі, але і падсветкай канкурыруе з сімвалам сталіцы — «алмазам».

— Я называў гэты гіпермаркет «бюстгальтарам» — нечым падобны па форме. А наконт таго, што з'яўляецца вакол Нацыянальнай бібліятэкі, я неяк сказаў, што гэта горшыя ўзоры брутальна-бетонных варыянтаў. І фасады ў іх непрыгожыя, і надзвычай вялікая шчыльнасць забудоў. Падобна на казарменны мікрараён. Тое, што цяпер аўтамабільная стаянка для пакупнікоў крамы падбіраецца да самой бібліятэкі — таксама надзвычай дрэнна. Бо такому па грамадскай значнасці і па формах аб'екту трэба мець вакол сябе свабодную прастору. А не мітусню, плямы ад бензіну на асфальце, людзей з торбамі — гэта нядобра. Стаіць помнік Францыску Скарыну, а за яго спінай з багажніка ў багажнік перакладаюцца прадукты. Гэта акурат тое, што да сталіцы не павінна мець адносін, а можа адбывацца дзесьці звонку. Гэта вялікі наш пракол.

— Няўжо сапраўды грошы вырашаюць усё? Ці могуць паўплываць архітэктары і грамадскасць на прыняцце рашэнняў?

— Калі мы ідзём да рынкавых адносін, то там усё вельмі цвёрда: заказчык заўсёды правы, нічога з гэтым не зробіш. Я б таксама хацеў быць заказчыкам. У гэтым, дарэчы, праблема архітэктараў — яны ніколі не будуюць за свае грошы. Заўсёды за нечыя — і павінны з гэтым лічыцца.

— Вы шмат займаліся пытаннямі захавання гісторыка-культурнай спадчыны. Наколькі, на вашу думку, бяспечнае ў яе становішча?

— Добра было б, каб мясцовыя ўлады захоўвалі тое, што ім дасталося. Як гэта зрабіць, я, па шчырасці, не ведаю. Але яшчэ больш мяне непакоіць тое, што шмат спадчыны, не ўнесенай у спіс каштоўнасцяў, і яна знікае. Аднак гэта пытанне стаіць ва ўсім свеце. Мне шкада, гады чатыры таму ў Ашмянах знеслі карчму — драўляную, якая месцілася ў цэнтры горада. Гэта быў бы адзіны прыклад класічнай карчмы, са стайнямі ўнутры. Аднак яе зруйнавалі... І такіх выпадкаў шмат. Тое ж і з Паўночным завулкам у Мінску, дамамі ў Гомелі, Магілёве, якія зносяцца. Трэба, каб улады і грамадства цвёрда сказалі: вось гэты куток мы захоўваем — штосьці зробім там цікавае, размесцім рамеснікаў, прывабім турыстаў — а ўсё астатняе захаваць немагчыма. Але, мне падабаецца, гэта нідзе не сказана, грамадства ўвесь час уздымаецца, калі нешта плануюць знесці.

— Яскравы прыклад дыскусій апошняга часу — сталічны раён Асмалоўка. А на вашу думку, ці яго варта захаваць?..

— Я ведаю гэта месца, яно мне надзвычай падабаецца. Аднак жыць там не надта добра — загазаваныя, шумныя вуліцы. А зрабіць у ім пэўны культурны цэнтр было б вельмі добра (пэўную частку дамоў, што далей ад вуліцы Багдановіча, можна пакінуць жылой). Як сведчанне ўзнаўлення Мінска пасля вайны гэта быў бы добры помнік — ён знаходзіцца ў цэнтры, зручна ўбачыць, з чаго пачыналі ў тыя часы. Гэта памятка і пра архітэктара Асмалоўскага, які ў свой час быў галоўным архітэктарам Мінска і шмат зрабіў для сталіцы. Я б шукаў шляхі для захавання Асмалоўкі.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

Загаловак у газеце: «Задача любой сталіцы — дэманстраваць»

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.