Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра вынікі пятага этапу Кубка свету па біятлоне, другі поспех Антона Кушніра ў спаборніцтвах фрыстайлістаў і пра вынікі беларускай каманды на завершаным «Дакары».


1. Кубак свету па біятлоне ў Рупольдынгу завяршыўся двума гонкамі пераследу. Дар'я Домрачава, якая заняла 13-е месца ў спрынце, на старт у нядзелю не выйшла. Найлепшы вынік з беларусак паказала Надзея Скардзіна, заняўшы 27-е месца, Ірына Крыўко завяршыла гонку 39-й.

У мужчынскай гонцы пераследу з прадстаўнікоў нашай краіны выступілі Уладзімір Чапелін, які стаў 29-м, і Сяргей Бачарнікаў, які фінішаваў 47-м.

Наступны, шосты, этап Кубка свету пройдзе ў італьянскім Антхольцы з 19 па 22 студзеня.


2. Алімпійскі чэмпіён Антон Кушнір стаў пераможцам этапу Кубка свету ў амерыканскім Лэйк-Плэсідзе. Такім чынам, ён другі раз за сезон падняўся на вышэйшую прыступку п'едэстала. Нагадаем, раней Кушнір стаў пераможцам першага этапу ў кітайскім Бэйда Лэйк.

Фіналістамі мужчынскіх спаборніцтваў у Лэйк-Плэсідзе таксама былі яшчэ два беларусы. Станіслаў Гладчанка заняў выніковае 7-е месца, Максім Гусцік — 9-е.

Антон Кушнір узначаліў агульны залік Кубка свету сёлетняга сезона сярод лыжных акрабатаў. На яго рахунку 208 балаў.

У жаночых спаборніцтвах у Лэйк-Плэсідзе самы лепшы сярод беларусак вынік у Аляксандры Раманоўскай (8-е месца), Ганна Гуськова была 26-й.


3. Мінскае «Дынама» ўзяло рэванш у кітайскага клуба «Куньлунь». На гасцявой пляцоўцы «зубры» давялі сустрэчу да серыі пасляматчавых кідкоў і там сталі мацнейшымі — 3:2. Нагадаем, раней, 10 лістапада, сустрэча гэтых каманд скончылася паражэннем мінчан 3:4.

Учора перамогай (5:3) у матчы супраць «Адмірала» з Уладзівастока «Дынама» скончыла выязную серыю. Іх наступны матч пройдзе на «Мінск-Арэне» 19 студзеня супраць рыжскіх аднаклубнікаў.


4. Беларускія гоншчыкі «МАЗ-СПОРТаўта» паказалі самы высокі вынік за час выступлення на «Дакары». Экіпаж пад кіраўніцтвам Аляксандра Васілеўскага завяршыў марафон на шостым месцы. Такім чынам, Васілеўскі перавысіў уласнае дасягненне. У 2015 годзе яго экіпаж заняў 10-е месца на «Дакары».

Апошні спецучастак з фінішам у Буэнас-Айрасе стаў даволі простым і, як і чакалася, не паўплываў на вынік. Найлепшы час на этапе сярод беларусаў паказаў МАЗ Сяргея Вязовіча, які заняў трэцяе месца. Экіпаж пад кіраўніцтвам Аляксандра Васілеўскага фінішаваў у сталіцы Аргенціны дзявятым, МАЗ Аляксея Вішнеўскага прыйшоў да фінішу 17-м.

Чэмпіёнам ралі-рэйду «Дакар-2017» стаў экіпаж пад кіраўніцтвам расіяніна Эдуарда Мікалаева на Камазе. Беларус Аляксандр Васілеўскі, які заняў шостую пазіцыю ў агульным заліку, саступіў яму прыкладна 2 гадзіны 35 хвілін.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Палёты чэмпіёна прыносяць узнагароды

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.