Вы тут

Нашы прыярытэты на еўрапейскай адукацыйнай прасторы


Міністр адукацыі Ігар Карпенка коратка пракаментаваў змяненні, якія плануюць унесці ў новую рэдакцыю Кодэкса аб адукацыі, у эфіры тэлеканала «Беларусь-1».


— Казаць аб глабальных змяненнях я не стаў бы. Глабальныя ўзрушэнні нам не патрэбны, — адзначыў ён. — Разам з тым сістэма адукацыі павінна ўдасканальвацца і ісці ў нагу з часам. Новую рэдакцыю Кодэкса аб адукацыі мы вынесем на шырокае абмеркаванне прафесіяналаў і беларускай грамадскасці. Дакумент размесцім на сайце Міністэрства адукацыі. Правядзём шэраг сур'ёзных сустрэч з педагогамі і заказчыкамі кадраў.

Асобна міністр спыніўся на папраўцы, якая дазволіць на месцах вырашаць пытанне з допускам у першы клас пяцігадовых дзяцей. Ён зазначыў, што і цяпер у школу могуць прыйсці дзеці, каму шэсць гадоў спаўняецца да 30 верасня, проста працэдура атрымання дазволу на гэта для бацькоў пакуль больш складаная і працяглая.

Адказваючы на пытанне пра магчымы адток моладзі з Беларусі пасля нашага ўступлення ў Балонскі працэс, Ігар Карпенка падкрэсліў, што рызыка такая ёсць, але ў той жа час перад намі адкрываюцца дадатковыя магчымасці для пашырэння гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, у тым ліку па экспарце адукацыйных паслуг. «Балонскі працэс — гэта адкрытая адукацыйная прастора, і мы павінны дакладна разумець нашы прыярытэты. Кадры, якія рыхтуюцца за бюджэтныя сродкі, павінны забяспечваць, найперш, работу нашай эканомікі — стабільна, якасна, на высокім узроўні, з годнымі заробкамі», — упэўнены Ігар Карпенка.

Міністр адукацыі выступае за павышэнне адказнасці заказчыкаў кадраў за замацаванне маладога спецыяліста на працоўным месцы: «Сусветныя тэндэнцыі сёння такія, што многія краіны, разумеючы затратнасць адукацыйнага працэсу, імкнуцца перавабліваць да сябе падрыхтаваных спецыялістаў. У сувязі з гэтым нам важна працаваць з эканамічнай інфраструктурай. Павінна быць пэўная адказнасць заказчыкаў кадраў за замацаванне маладога спецыяліста на працоўным месцы. У рэшце рэшт, гэта задача не толькі сістэмы адукацыі, але і таго працадаўцы, які заказаў падрыхтаваць яму таго ці іншага спецыяліста, прычым за бюджэтныя грошы».

Змяненні ў Правілы прыёму ў ВНУ, зацверджаныя кіраўніком дзяржавы, як запэўніў Ігар Карпенка, былі чаканыя і рыхтаваліся па выніках аналізу апошняй уступнай кампаніі. Галоўная перавага беларускай сістэмы вышэйшай адукацыі — роўны доступ да яе атрымання для ўсіх абітурыентаў, вынішчэнне карупцыйнага складніка. І ўсё ж асобныя аспекты патрабуюць удасканалення.

— Мы за сертыфікатамі часам не бачым асобу абітурыента, — падзяліўся сваімі думкамі міністр адукацыі. — Трэба падумаць, што мы можам зрабіць для таго, каб убачыць, наколькі малады чалавек матываваны на тую ці іншую прафесію.

Ігар Карпенка зазначыў, што абітурыенты, якія паступаюць у ВНУ, павінны мець дастаткова высокія балы. «Таму што паступленне — гэта толькі першы крок, а потым усіх чакае вельмі сур'ёзная насычаная праграма фундаментальнай падрыхтоўкі ў спалучэнні з прафесійнай і агульнагуманітарнай, і часам многія гэты тэмп не вытрымліваюць», — дадаў ён.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkаlаеvа@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Без глабальных узрушэнняў

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як мультымедыйныя тэхналогіі матывуюць вучняў?

Як мультымедыйныя тэхналогіі матывуюць вучняў?

29—30 лістапада ў Мінску пройдзе міжнародная спецыялізаваная навукова-тэхнічная выстава-форум «Інфармацыйныя тэхналогіі ў адукацыі» (ІTE-2017). 

Грамадства

Колькі працягнецца «мёртвы» сезон?

Колькі працягнецца «мёртвы» сезон?

Што стрымлівае развіццё турыстычна-рэкрэацыйнага парку «Аўгустоўскі канал».

Калейдаскоп

5 фільмаў супраць сезоннай хандры

5 фільмаў супраць сезоннай хандры

Раніца ўжо дыхае ў спіну зімовым холадам.