Вы тут

Полаччына актыўна рыхтуецца да правядзення Дня пісьменства


Сёлета на Полаччыне дасягнуты значныя вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця. Жыхары горада і раёна актыўна рыхтуюцца да правядзення Дня пісьменства і не толькі. Пра гэта расказаў на сустрэчы з журналістамі старшыня Полацкага райвыканкама, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Мікалай Шаўчук.


Лічбы, якія радуюць

Сёлета ў раёне вырабілі прамысловай прадукцыі больш, чым летась (102,6%) і на 16% больш прыцягнулі інвестыцый у асноўны капітал.

— Рэнтабельнасць продажаў у прамысловасці склала 10,6%. Выручка ад рэалізацыі прадукцыі ўзрасла на 10,7%. На 4,4% зніжаны ўзровень выдаткаў на вытворчасць прадукцыі. Выканана на 30% больш будаўніча-мантажных работ. Рознічны тавараабарот грамадскага харчавання павялічыўся на 2%. Рэнтабельнасць продажаў у цэлым па раёне склала 6,1%, — расказвае сенатар.

Ён прывёў прыклады мадэрнізацыі на прадпрыемствах. У прыватнасці, у акцыянерным таварыстве «Полацк-Шкловалакно» — адным з найбуйнейшых у хімічным комплексе краіны — рэалізаваны інвестыцыйны праект. Гэта дазволіла на чвэрць павялічыць аб'ёмы вытворчасці, стварыць 24 новыя працоўныя месцы. За 11 месяцаў 2016 года доля інавацыйнай прадукцыі на прадпрыемстве — 29,2% ад рэалізаванай. Экспарт ажыццяўляецца ў 55 краін.

У 3-м квартале завершана рэканструкцыя галоўнага вытворчага корпуса Наваполацкага завода тэхналагічных металаканструкцый. На базе Полацкага камбіната хлебапрадуктаў ствараецца холдынг.

Сёлета ў раёне на 765 працоўных месцаў стала больш. Перавыканалі гадавое заданне па будаўніцтве жылля. Здалі пад ключ больш за 24 тысячы квадратных метраў.

Інавацыйны турызм

Полацк з кожным годам наведвае ўсё больш гасцей.

— У нас звыш 150 помнікаў гісторыі, культуры, архітэктуры, археалогіі. 126 — у спісе помнікаў рэспубліканскага значэння. Горад заслужана з'яўляецца цэнтрам прыцягнення шматлікіх турыстаў з розных краін блізкага і далёкага замежжа. Прычым гаворка ідзе не толькі аб гісторыка-культурнай спадчыне Полацка, але і пра пазнавальны, навуковы, паломніцкі, аздараўленчы, водны і экатурызм, — працягвае Мікалай Шаўчук.

Выкарыстанне аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны ажыццяўляецца комплексна. Напрыклад, знакаміты Сафійскі сабор паспяхова функцыянуе не толькі як музей, але і як канцэртная зала, а таксама як месца для правядзення значных праваслаўных службаў. У прыватнасці, у Дзень памяці прападобнай Еўфрасінні Полацкай (5 чэрвеня) храм прадастаўляецца Полацкай епархіі для правядзення набажэнства, арганізацыі хрэснага ходу. У 2014 годзе верхняя і ніжняя пляцоўкі каля сабора сталі тэрыторыяй правядзення маштабнага фэсту сярэдневяковай культуры «Рубон», які з'яўляецца брэндам Полаччыны. Мерапрыемства сабрала звыш 5 тысяч чалавек. Падзея атрымала вялікі рэзананс на рэспубліканскім і міжнародным узроўнях.

Сёлета пачалі рэалізоўваць інавацыйныя інтэрактыўныя праекты турыстычнай накіраванасці. Сярод іх турнір вулічных тэатраў «Тэатральная перамена», творчыя іміджавыя праекты: «Вуліца рамеснікаў», «Вулічныя музыкі», паэтычны open-aіr «Вершы над горадам» і іншыя.

Ізноў сталіца пісьменства

У Полацку ў 2017-м ізноў пройдзе Дзень пісьменства. Дарэчы, гэты год для горада асаблівы. Будуць адзначаць яго 1155-ю гадавіну, 500-годдзе беларускага кнігадрукавання. У рамках падрыхтоўкі да ўрачыстых мерапрыемстваў плануецца правесці маштабнае добраўпарадкаванне, у тым ліку рэканструкцыю фантана на плошчы Францыска Скарыны і прылеглай тэрыторыі. Намецілі ажыццявіць рамонт помнікаў і асфальтавага пакрыцця двароў. У Полацку запланавана рэканструяваць аўтавакзал, увесці ў эксплуатацыю глядзельную залу гарадскога Палаца культуры, адрамантаваць фасад Музея беларускага кнігадрукавання...

— Вырашаецца пытанне аб стварэнні і ўстаноўцы падчас правядзення ўрачыстасцяў памятнага знака «Полацк — калыска беларускай дзяржаўнасці». Мы выдатна разумеем, што нам трэба ісці далей, расці, удасканальвацца, мяняць падыходы да ўжо традыцыйных рэчаў. Бо Полацк — гэта ўнікальны горад. Іншага такога няма! — дзеліцца планамі старшыня.

Ён заклікае землякоў усім разам рыхтавацца да юбілейных урачыстасцяў.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

pukshanskі@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.