24 Верасень, панядзелак

Вы тут

Уладзімір Андрэйчанка: Дэпутаты займаюцца шырокім колам праблем


Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімір АНДРЭЙЧАНКА ў гутарцы з нашым карэспандэнтам падзяліўся сваімі думкамі пра некаторыя кірункі работы дэпутатаў парламента ў выбарчых акругах.


— Уладзімір Паўлавіч, якая роля сучаснага дэпутата Палаты прадстаўнікоў у выбарчай акрузе? Ці можна сказаць, што ён — сувязное звяно паміж уладай і людзьмі?

— Дзейнасць дэпутатаў парламента ў рэгіёнах заўсёды была вельмі важнай і неабходнай людзям. Перакананы, што ва ўмовах цяперашняй рэчаіснасці і тых выклікаў, з якімі сутыкнулася наша краіна, актыўны дэпутацкі ўдзел у вырашэнні розных пытанняў і праблем сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёнаў набывае асаблівае значэнне.

— Чаму асаблівае?

— Таму што каму многае дадзена, з таго многае і патрабуецца ў яго дзейнасці па аказанні дапамогі выбарчым акругам. Найперш менавіта гэтага небеспадстаўна чакаюць людзі ад свайго дэпутата.

Я лічу вельмі важным, што хоць склад Палаты прадстаўнікоў пасля асенніх парламенцкіх выбараў істотна абнавіўся, дэпутацкі корпус без раскачкі ўключыўся ў заканатворчы працэс і ў работу ў выбарчых акругах. Плённа прайшла першая сесія, дэпутаты рэгулярна выязджаюць у акругі, праводзяць асабісты прыём выбаршчыкаў, сустрэчы ў працоўных калектывах, займаюцца вырашэннем канкрэтных пытанняў па вусных і пісьмовых зваротах людзей. Мы актыўна ўдзельнічалі ў навагодняй дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці», якая традыцыйна праходзіць пад патранатам кіраўніка дзяржавы, і ў іншых мерапрыемствах, у тым ліку рэгіянальных. Цяпер ідзе падрыхтоўка да другой сесіі Палаты прадстаўнікоў.

— Значыць, дэпутатам ужо ёсць пра што расказаць сваім выбаршчыкам?

— Ёсць. У парламент абраныя тыя, каго на месцах добра ведаюць як прафесіяналаў і асоб, таму адаптацыя дэпутатаў да новай дзейнасці прайшла даволі арганічна.

Я думаю, калі парламентарый поўнасцю разумее высокую меру сваёй адказнасці перад выбаршчыкамі, грамадствам і дзяржавай, то ў яго справах усё атрымліваецца так, як і належыць. Тады ён не проста «сувязное звяно паміж уладай і людзьмі», але і сам з'яўляецца прадстаўніком дзяржаўнай улады і людзей, якія аказалі яму высокі давер, выбраўшы ў заканадаўчы і прадстаўнічы орган дзяржавы. Менавіта на такі падыход да выканання сваіх паўнамоцтваў і абавязкаў нацэліў парламентарыяў Прэзідэнт Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка напярэдадні пачатку работы новага Нацыянальнага сходу.

— Якія набалелыя праблемы ў сваіх акругах змаглі вырашыць дэпутаты Палаты прадстаўнікоў у мінулым годзе?

— Дэпутаты займаюцца шырокім колам праблем, якія клапоцяць рэгіёны, тэрыторыі, прадпрыемствы, арганізацыі і, вядома ж, канкрэтных людзей. Гэта вельмі карпатлівая, складаная праца, бо праблемы і пытанні бываюць вельмі няпростыя і неадназначныя. Зразумела, для іх вырашэння трэба дасканала ведаць сацыяльна-эканамічную сітуацыю на месцах, працаваць у цесным кантакце з распарадчымі і выканаўчымі органамі раёнаў, гарадоў і абласцей, з міністэрствамі і ведамствамі, што мы і робім. Звяртаемся па дапамогу, калі ўзнікае такая неабходнасць, і ва ўрад.

— Што ўдаецца ў выніку?

— Удаецца вырашаць нямала канкрэтных пытанняў. Яны звязаны з мадэрнізацыяй прадпрыемстваў, газіфікацыяй, водазабеспячэннем і добраўпарадкаваннем населеных пунктаў, наладжваннем нармальных транспартных зносін у глыбінцы. Вялікая ўвага ўдзяляецца пытанням занятасці і стварэння новых рабочых месцаў, дзяржаўна-прыватнаму партнёрству ў мэтах устойлівага развіцця сельскіх раёнаў.

— А ў сацыяльнай сферы?

— Хацеў бы падкрэсліць, што па добрай парламенцкай традыцыі прадметам асаблівага клопату дэпутацкага корпуса Палаты прадстаўнікоў з'яўляецца будаўніцтва, рэканструкцыя і рамонт устаноў адукацыі і выхавання, аховы здароўя, культуры. Адзначу таксама ўдзел дэпутатаў у арганізацыі дабрачынных акцый дапамогі сіротам, састарэлым, ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, інвалідам, дзецям са шматдзетных сем'яў і іншых сацыяльных праектаў, у тым ліку дапамогі выхаванцам дзіцячых дамоў сямейнага тыпу.

Актыўную дзелавую ролю дэпутатаў новага склікання ва ўсіх названых накірунках дзейнасці мы лічым вельмі запатрабаванай. З таго, як вырашаюцца, здавалася б, шэраговыя праблемы тэрыторый і грамадзян, складваецца агульная карціна работы ўлады і стаўленне да яе людзей.

— Як дэпутаты Палаты прадстаўнікоў працуюць са зваротамі да іх грамадзян і юрыдычных асоб?

— Так, як і належыць у адпаведнасці з дзейным заканадаўствам. Па сутнасці кожнага пытання пасля яго вывучэння прымаюцца ўзважаныя рашэнні. Вынікі работы са зваротамі дэталёва аналізуюцца і кладуцца ў аснову прапаноў па ўдасканаленні заканадаўства, якое рэгулюе розныя сферы грамадскіх адносін.

— Часам зварот выбаршчыка да дэпутата выліваецца ў заканадаўчую ініцыятыву. У чым сутнасць прапаноў, якія знізу паступілі ў Палату прадстаўнікоў за апошнія гады?

— Нярэдка грамадзяне ставяць пытанні, якія патрабуюць прыняцця пэўных заканадаўчых рашэнняў. На гэтай аснове дэпутатамі пятага склікання было распрацавана сем законапраектаў. Шэсць з іх ужо сталі законамі, яшчэ адзін рыхтуецца да разгляду ў другім чытанні. Так, у шматлікіх зваротах людзі выказвалі сваю сур'ёзную заклапочанасць вырубкай дрэў і кустоў уздоўж дарог і ў некаторых іншых месцах. Гэта пацягнула распрацоўку і прыняцце адпаведных змяненняў і дапаўненняў у заканадаўстве па пытаннях абыходжання з аб'ектамі расліннага свету. Зваротамі грамадзян былі выкліканы заканадаўчыя папраўкі аб аплаце жыллёва-камунальных паслуг, аб турыстычнай дзейнасці. Сёлета запланавана карэкціроўка нарматыўна-прававой базы па пытаннях медыяцыі, прыватызацыі і інвестыцыйнай дзейнасці.

Вынікам сур'ёзнай работы са зваротамі з'яўляюцца таксама шматлікія дэпутацкія папраўкі ў законапраекты, прапановы ўраду і звароты Палаты прадстаўнікоў у Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь. З улікам прапаноў выбаршчыкаў удасканалены законы аб барацьбе з карупцыяй, абароне правоў спажыўцоў, ахове працы, аб асновах адміністрацыйных працэдур, аб пенсійным забеспячэнні, Падатковы кодэкс і іншыя заканадаўчыя акты. Нагадаю, што адказнасць за кіраванне транспартным сродкам у стане алкагольнага ап'янення і за распаўсюджванне наркотыкаў была заканадаўча ўзмоцнена менавіта па прапановах грамадскасці.

Падтрымаўшы ініцыятыву грамадзян, у 2014 годзе Палата прадстаўнікоў звярнулася ў Канстытуцыйны Суд з прапановай праверыць канстытуцыйнасць асобных палажэнняў Крымінальна-працэсуальнага кодэкса па пытаннях вядзення па крымінальнай справе, што і было зроблена. Адпаведны законапраект па заключэнні Канстытуцыйнага Суда прыняты ўжо ў першым чытанні. На вясновай сесіі мы разгледзім яго ў другім чытанні.

— Уладзімір Паўлавіч, Вы рэгулярна ездзіце ў сваю выбарчую акругу, якой аказваеце дапамогу ў вырашэнні самых розных пытанняў. Людзі гэта ведаюць і цэняць. Якое выкажаце пажаданне рэгіёнам, зыходзячы з Вашага вялікага вопыту?

— Кожны рэгіён мае свой адметны патэнцыял для сацыяльнага і эканамічнага развіцця. Важна, каб на месцах бачылі, знаходзілі і выкарыстоўвалі мясцовыя магчымасці і рэсурсы, а не чакалі, што дэпутат парламента і вышэйшае кіраўніцтва ўсё зробяць. Многае залежыць ад актыўнай пазіцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў. Лёс задач новага этапу сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны вырашаецца на месцах, у раёнах, рэгіянальных гарадах і абласцях. Вельмі важна, каб мясцовыя Саветы пастаянна працавалі з людзьмі, своечасова рэагавалі на праблемы, асабліва сацыяльнага плану, і больш смела шукалі шляхі іх вырашэння. Пад ляжачы камень вада не цячэ. Усім трэба дзейнічаць ініцыятыўна і супольна.

— Нядаўна пасля асабістага прыёму грамадзян у Докшыцах Вы адзначылі ў каментарыі для прэсы, што спектр пытанняў у зваротах людзей да дэпутата ўжо не такі, як 10—15 гадоў таму. Яны хочуць жыць больш камфортна. Чым, на Вашу думку, гэта тлумачыцца?

— Тлумачыцца тым, што як бы востра мы ні крытыкавалі цяперашнія эканамічныя праблемы, якасць жыцця ў нашай краіне за два апошнія дзесяцігоддзі прыкметна палепшылася. Як у гарадах, так і ў сельскай мясцовасці. Аднак чалавеку заўсёды хочацца большага. Толькі не ўсе разумеюць, што для гэтага кожнаму і працаваць трэба больш. Не толькі ў прамым сэнсе — на сваім рабочым месцы, але і над сваімі жаданнямі. Каб яны не трансфармаваліся ва ўнутраную перакананасць, што ўсё павінна зрабіць дзяржава і ўсё для сябе можна зрабіць за кошт дзяржавы. Такія спажывецкія настроі не могуць не насцярожваць дэпутатаў мясцовых Саветаў і нас, парламентарыяў.

Я думаю, што правядзенне чарговага пасяджэння Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання вельмі дарэчы для таго, каб гэта ўзаемадзеянне развівалася ў больш эфектыўнай практычнай плоскасці, карыснай развіццю мясцовага самакіравання ў рэчышчы надзённых грамадскіх і нашых агульнадзяржаўных задач.

Загаловак у газеце: Бачыць і прыводзіць у дзеянне мясцовыя магчымасці і рэсурсы

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.