Вы тут

Карэспандэнт «Звязды» паглядзела, як праводзіцца абрад «Куры»


Абрад «Куры» — своеасаблівая візітоўка вёскі Віркаў Клічаўскага раёна. У яго свае традыцыі. Ніякіх коз і мядзведзяў, выключна нашчадкі таго самага пеўня, пад знакам якога, згодна з кітайскім календаром, нам жыць цэлы год. Таму і ўдзельнікі абраду — дзятва ад 6 да 14 гадоў. Вясёлай птушынай сямейкай лётаюць яны па дварах, спяваюць віншавальныя песні. Так тут калядавалі спакон веку, а 4 гады таму абрад быў прызнаны нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю Беларусі. Напярэдадні кожнага Старога Новага года маленькая вёска Віркаў зноў жыве ў прадчуванні цуда. Жыхары пякуць бліны і рыхтуюць розныя прысмакі. Трэба ж не пакрыўдзіць куранят.


Ку­ра­ня­ты — ча­ка­ныя гос­ці ў лю­бым до­ме.

Вясковыя забавы

З Магілёва да Віркава без асабістага транспарту проста так не дабярэшся. Паўтары гадзіны па чыгунцы, а далей хоць пешшу ідзі 20 кіламетраў. Грамадскі транспарт, на жаль, туды ходзіць рэдка. Але дзякуй клічаўскім дэпутатам: сустрэлі, давезлі і нават дачакаліся, каб падкінуць назад да станцыі. Вядома, можна было б прыпыніцца ў найбліжэйшай да чыгункі Дзмітраўцы, дзе існуе гурт «Купалачка». Менавіта ён прадэманстраваў гэты абрад для спісу культурных каштоўнасцяў. Але носьбіты жывуць менавіта ў Віркаве. Таму нават не было варыянтаў.

Маша і Паліна Вароніч, Карына Лапаціна, Аліна і Анжэла Умец — кураняткі як на падбор. Дзяўчаты апрануліся ў доўгія сукенкі з вышыўкай на падолах, павязалі стракатыя хусткі на віркаўскі манер. З хлопчыкаў кампанію ім склаў толькі Міша Васькоў. Але роля ў яго самая адказная. Ён носіць калядную зорку з іконай Божай Маці і мяшок, куды складваюцца дары ад удзячных аднавяскоўцаў. І трэба абысці дамы да захаду сонца. Такія ўмовы гэтага абраду.

Раней, кажуць, дарослыя суправаджалі дзяцей, назіралі за імі з-за кута дома. Цяпер гэтую ролю выконвае загадчыца мясцовага клуба Жанна Васькова. Але ў справы не ўмешваецца. У куранят і так усё атрымліваецца добра. Яны смела адчыняюць брамкі, грукаюцца ў вокны і дзверы: выходзьце, гаспадары, кураняткі прыйшлі. У дом заходзіць нельга, нават у такі зорны для курэй год. Дзеці гэта добра ведаюць і спяваюць на парозе. На правакацыі зайсці не купляюцца.

Жыхары ахвотна ўключаюцца ў гульню. «Хто такія, чаго жадаеце?» — з найграным здзіўленнем выглядвае з-за дзвярэй гаспадыня. Дзеці крычаць, што яны куры, пяюць калядныя песні, і ім трэба аддзячыць. Жанчына знікае і хутка вяртаецца з вялікім пакетам ласункаў. У Мішаў мяшок сыплюцца печыва, цукеркі, іншыя прысмакі. «Дзякуй табе, гаспадыня, — кланяецца хлопец. — Каб было ў цябе і ў двары, і ў хляве, і ў доме».

Па­жа­да­лі ўну­каў на шчас­це.

Справы ідуць добра. Яшчэ толькі два дома наведалі, а ўжо вялікі пакет падарункаў назбіралі. «Дзякуй, дзеткі! Заходзьце да нас кожны год, не забывайце», — крычыць ім услед Наталля Васковіч. Яна жыве ў вёсцы з 1988 года і кожны год чакае да сябе куранятак. Кажа, што гэта для яе шчасце.

Ніна і Пётр Сякацкія паклалі ў калядны кошык аладкі і хатнюю каўбасу. Гаспадыня родам з гэтых месцаў, але
40 гадоў жыла ў Мінску. Цяпер пацягнула на радзіму. Абрад ведае з маленства, але крыху ўжо забываць стала. І вось быццам зноў вярнулася ў дзяцінства.

Кураняты ў гэтым складзе калядуюць ужо пяты год. Кажуць, што падабаецца хадзіць, дарыць радасць людзям. «Наш візіт — гэта добры знак, будзе шанцаваць увесь год, ураджай будзе добры», — з веданнем справы кажа Міхаіл. Да народнай традыцыі дзеці адносяцца адказна. Міша, напрыклад, сам шасціканцовую звязду рабіў. І ўпрыгожыў яе абразом Казанскай Божай Маці. Але з дзіцячай непасрэднасцю лічыць яе Віркаўскай, бо верыць у тое, што яна вёску аберагае.

Па­час­тун­кі для цы­га­ноў.

Курэй змяняюць цыганы

На вёску апускаецца вечар, і дзеці бягуць па дамах. Але свята працягваецца. Ініцыятыву ў свае рукі бяруць... цыганы.

— Адбіліся некалькі цыганоў ад табара і засталіся ў вёсцы, пазнаёміліся з паннай і панічам, потым да іх далучыліся нявеста з жаніхом — і пайшлі хадзіць па хатах, — знаёміць з паходжаннем абраду Жанна Васькова. Яна ж па сумяшчальніцтве цыганка. Абрад, у адрозненне ад Курэй, пакуль яшчэ не набыў статусу нематэрыяльнай каштоўнасці. Але тут рыхтуюцца да справаздачы.

Удзельнікі вопытныя, калядуюць ужо трэці год. Адзенне падбіралі па апісаннях старых людзей. Бізун, напрыклад, абавязковы атрыбут цыгана. А ў механошы павінен быць свісток. А яшчэ трэба мець звон на палачцы. Каб было здаля чуваць, што цыганы ідуць.

Стракатай кампаніяй рушым па вуліцы. Грукаемся ў хату: «Дазвольце цыганам пагрэцца. Раз у год бываем, нікому не дакучаем». І гаспадары дазваляюць, запрашаюць у пакой да навагодняй ёлкі. Госці спяваюць калядныя песні, потым прапануюць паваражыць. Цыганка бярэ гаспадыню за далонь і, хто б сумняваўся, просіць спачатку «пакласці на ручку грошай кучку». За шчодрасць абяцае шчаслівае жыццё і багацце на цэлы год. Потым дастае з кішэні саломінкі і прапануе цягнуць. Калі пападзецца доўгая і тоўстая, то ўраджай будзе добры і багаты. «Каб была пшаніца, як прыгожая дзяўчына, каб капуста ўрадзіла ўсім на дзіва, каб вяліся свінні, цялушкі і розныя птушкі, каб хата была заўсёды багатая. Жадаем шчасця, здароўя і долі, а гора ніколі», — калядоўшчыкі наперабой так і сыплюць пажаданнямі. Гаспадыня задаволена, запрашае прыйсці на наступны год.

Ня­вес­та з жа­ні­хом вы­гля­да­юць на­ту­раль­на.

«Як пачастуеце, так і прыйдзем», — абяцаюць бойкія на язык госці. Жанчына ідзе па прысмакі і хутка вяртаецца з блінамі, яблыкамі, салам і хлебам. «Дзякуй за падарункі, а мы пойдзем далей калядаваць, добрых людзей са святам віншаваць», — развітваюцца цыгане.

У наступным доме калядоўшчыкам аддзячылі сасіскамі. «Сваёй каўбасы, на жаль, няма, толькі гарадская, — апраўдваўся гаспадар, працягваючы падарунак. — Мы з жонкай хоць і нарадзіліся ў Віркаве, але ўсё жыццё пражылі ў Мінску. Вось крыху і забыліся традыцыі, але наступным разам абавязкова падрыхтуемся».

— У нас тут весела, — кажа Жанна Васькова па дарозе да наступнай хаты. — На Вялікдзень валачобныя песні спяваем. На Купалу збіраемся. Людзі тут так заўсёды жылі.

Віркаў — вёска хоць і маланаселеная, але па памерах вялікая, дамы або ціснуцца адзін да аднаго, або стаяць на вялікай адлегласці. Раней, кажуць, месца вольнага не было. За апошні час шмат дамоў знеслі. Але народныя паданні не забываюць. Напрыклад, той ручай, што трапіўся нам па дарозе, калісьці быў вялікай ракой. Але пасля таго, як тут патануў 7-гадовы хлопчык, маці пракляла рэчку, і яна змялела. Адзін вядзьмар прапанаваў вярнуць ёй былую моц, але патрабаваў у водкуп сямігадовых каня, пеўня і хлопчыка. Каня і пеўня знайшлі, а вось хлопчыкам ахвяраваць не сталі. Так і засталася рэчка ручаём. За ім якраз жывуць Галіна і Васіль Умец. Для калядоўшчыкаў яны нават багаты стол накрылі.

— Калядую-калядую, каўбасу чую, — смяюцца калядоўшчыкі і ахвотна прымаюць запрашэнне. Катлеты, бульба, квашаная капуста, хатнія разнасолы — нічога смачнейшага за гэтыя простыя вясковыя стравы, здаецца, у жыцці не існуе.

Усё ж такі весела жылі нашы продкі. Ехала дадому, а ў вушах усё яшчэ гучала. «Мы прыпеўкі на калядкі развясёлыя пяём. Вы нас добра пачастуйце, бо пакрыўдзімся, пайдзём». «І сёння Куцця, і заўтра Куцця, завітайце на Калядкі, пагуляем хаця». «Сеем, веем, развіваем, дабрабыту ўсім жадаем, вы гатуйце нам бліны, каб прыгожа пелі мы». «Каляда, Каляда, хай абходзіць вас бяда. І няхай на ваш парог прыйдзе радасць у Новы год».

Дарэчы, абодва абрады — «Куры» і «Цыганы» — на Клічаўшчыне адрадзіліся дзякуючы неабыякаваму да народных традыцый чалавеку Жанне Ачыновіч. Менавіта яна паклапацілася, каб занатаваць абрадавыя песні, якія яшчэ ведаюць мясцовыя бабулькі. Цяпер яны ў агульнай скарбніцы нашай краіны.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zіgulуа@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Куры прынеслі ў Віркаў шчасце

Каментары

Рэд. Дзякуй, выправілі.

Выбар рэдакцыі

Культура

Бландзінкі за шпільцішам. Карэспандэнт «Звязды» зазірнуў углыб аргана

Бландзінкі за шпільцішам. Карэспандэнт «Звязды» зазірнуў углыб аргана

Прыгажуні-гераіні паралельна — выкладчыцы Віцебскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Салярцінскага.

Грамадства

Як кадравыя агенцтвы падманваюць даверлівых грамадзян

Як кадравыя агенцтвы падманваюць даверлівых грамадзян

Калі ў кадравым агенцтве вам прапануюць заплаціць грошы і гарантуюць стапрацэнтнае працаўладкаванне, смела разварочвайцеся і сыходзьце: перад вамі, напэўна, ашуканцы.

Грамадства

Прыродныя антыбіётыкі: Лекі, якія дапамагаюць перамагчы інфекцыю і ўмацоўваюць ахоўныя ўласцівасці арганізма

Прыродныя антыбіётыкі: Лекі, якія дапамагаюць перамагчы інфекцыю і ўмацоўваюць ахоўныя ўласцівасці арганізма

У адрозненне ад «хімічных антыбіётыкаў», прыродныя лекі не толькі дапамагаюць перамагчы інфекцыю, але і ўмацоўваюць ахоўныя ўласцівасці арганізма.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

СКАРПІЁН. На гэтым тыдні традыцыйны падыход да вырашэння праблем не заўсёды будзе ўдалы.