Вы тут

Кодэкс аб адукацыі: што чакае вышэйшую школу?


Гарантыі працаўладкавання для выпускнікоў ВНУ, якія навучаліся не толькі на бюджэтнай, але і на платнай аснове, будуць прадугледжаны ў новай рэдакцыі Кодэкса «Аб адукацыі». Як растлумачылі ў галоўным адукацыйным ведамстве краіны, студэнты платнай формы навучання, якія заявяць пра сваё жаданне размеркавацца і атрымаць накіраванне на працу, разам з першым працоўным месцам атрымаюць і статус маладога спецыяліста плюс усе прывілеі, якія ён дае.


Якія яшчэ змяненні прапануюцца на ўзроўні вышэйшай адукацыі?

Усе ўстановы вышэйшай адукацыі плануецца прывесці да трох асноўных відаў: універсітэт, інстытут і акадэмія. Некаторыя з іх атрымаюць статус нацыянальных, іншыя будуць лічыцца вядучымі, астатнія застануцца звычайнымі навучальнымі ўстановамі вышэйшай адукацыі.

У новай рэдакцыі кодэкса будзе замацавана шматступеньчатасць вышэйшай школы, а таксама магчымасць для арганізацыі новых формаў адукацыйнага працэсу — такіх як дыстанцыйнае навучанне і сеткавае ўзаемадзеянне. Рэалізацыя сеткавага навучання дазволіць універсітэтам аб'ядноўваць свае рэсурсы ў падрыхтоўцы кадраў па той ці іншай спецыяльнасці, тым самым дасягаць большага эфекту ў навучанні і эканоміць фінансавыя сродкі. Такое ўзаемадзеянне магчымае як з беларускімі ўніверсітэтамі, так і з установамі вышэйшай адукацыі іншых краін, у першую чаргу краін Садружнасці.

Тэрмін адукацыйнай праграмы першай ступені, эквівалентнай бакалаўрыяту, будзе складаць 4—4,5 гады. Таксама прадугледжаны і трохгадовыя праграмы для выпускнікоў ССНУ.

Другі ўзровень — магістратура — паглыбленая вышэйшая адукацыя — прадугледжвае навучанне тэрмінам ад года да двух. Таксама будуць рэалізоўвацца бесперапынныя адукацыйныя праграмы. Гэты ўзровень прадугледжвае навучанне па спецыяльнасцях, напрыклад, медыцынскага профілю, па складаных тэхнічных спецыяльнасцях. Такія праграмы не дзеляцца на два ўзроўні і маюць тэрмін навучання ад 5 да 6 гадоў.

Плануецца істотнае пашырэнне акадэмічнай аўтаномнасці ВНУ за кошт пераходу ад тыпавой вучэбна-праграмнай дакументацыі да прыкладнай. Абавязковы кампанент, зафіксаваны на ўзроўні адукацыйнага стандарту, будзе складаць у адукацыйных праграмах бакалаўрыята да 50 працэнтаў. Астатнія 50 працэнтаў зместу будуць фарміраваць непасрэдна ВНУ з улікам тых задач, якія яны вырашаюць ва ўзаемадзеянні з заказчыкамі кадраў.

У магістарскіх адукацыйных праграмах на ўзроўні стандарту будзе фіксавацца і ўвогуле толькі 30 працэнтаў іх напаўнення, а 70% — аддаецца на разгляд ВНУ.

Цяпер у беларускіх ВНУ — занадта шырокі спектр спецыяльнасцяў і спецыялізацый: на першай ступені — каля 400 і больш як тысяча спецыялізацый і каля 300 спецыяльнасцяў прапануюць у магістратуры. Натуральна, што структура вышэйшай адукацыі павінна быць аптымізаваная. У новым агульнадзяржаўным класіфікатары «Спецыяльнасці і кваліфікацыі», работа над якім завяршаецца, агульная колькасць спецыяльнасцяў вышэйшай адукацыі скарачаецца па асобных кірунках на 35—40%. Вылучаюцца 10 профіляў адукацыі, 26 кірункаў і 72 групы спецыяльнасцяў. Новы класіфікатар дазволіць дасягнуць больш высокага ўзроўню адпаведнасці патрэбам рынку працы і ўзгадніць нашы падыходы з сусветнымі і еўрапейскімі тэндэнцыямі.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkаlаеvа@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.