Вы тут

Беларуская зборная па гандболе прайграла матч зборнай Харватыі


Спецыяльны карэспандэнт «Звязды» Дар'я Лабажэвіч перадае з Руана, дзе праходзіць 25-ы чэмпіянат свету па гандболе.

Пасля дзвюх гульняў з не самымі моцнымі дружынамі каманда Юрыя Шаўцова сустрэлася з больш грознымі харватамі. Гэтыя каманды гулялі адна з адной ужо больш за дзесяць разоў, але нашым хлопцам ніколі не ўдавалася ўзяць верх над сапернікам. Выключэння не здарылася і гэтым разам.


Вароты харватаў атакуе Арцём каралёк.

Балканцы, якімі кіруе добра знаёмы беларускаму балельшчыку Жэлька Бабіч, вядома, больш дасведчаныя і тытулаваныя. У гісторыі харвацкай дружыны былі перамогі і п'едэсталы Алімпійскіх гульняў, чэмпіянатаў свету і Еўропы. Дарэчы, на леташнім кантынентальным першынстве ў Польшчы менавіта харваты (з якімі мы таксама сустракаліся ў групе) сталі бронзавымі прызёрамі. Але гэта ўжо толькі гісторыя, з камандай, якая прыехала сёлета ў Руан, можна было змагацца.

Менавіта з такім настроем і выйшлі на пляцоўку нашы хлопцы.

Матч пачаўся з цудоўнага сэйва Вячаслава Салдаценкі, які абараняў вароты нашай каманды ў гэтай сустрэчы па чарзе з Іванам Мацкевічам. Гульня на сустрэчных курсах працягвалася аж да 50-й хвіліны, беларусы не пускалі фаварытаў сустрэчы далёка наперад, але і дагнаць іх ніяк не ўдавалася. Клас харватаў і маладосць нашых праявіліся бліжэй да канца матча, калі адрыў паступова стаў расці і ў выніку дасягнуў 6 мячоў. Фінішны свісток зафіксаваў такія лічбы на табло — 31:25, на жаль, не на нашу карысць.

— У патрэбны момант у іх выдатна згуляў варатар, а мы не змаглі давесці свае кідкі да лагічнага завяршэння. Гэтага хапіла для перамогі харватаў, — расказвае Барыс Пухоўскі. — Думаю, мы прайгралі больш, чым заслугоўвалі. У нас па-ранейшаму шмат праблем у абароне. У канцоўцы зрабілі акцэнт не на тыя рэчы, таму ўсё так выйшла. Калі параўноўваць гэтую гульню з папярэднімі... Усе яны былі цяжкімі, але ў матчы са зборнай Харватыі мы былі дастойныя 1-га ачка.

Самым выніковым у нашай зборнай стаў Арцём Каралёк, на яго рахунку 7 закінутых мячоў. Па 5 галоў у Сяргея Шыловіча і Дзяніса Рутэнкі.

— У параўнанні з папярэднімі матчамі мая каманда зрабіла крок наперад. Мы доўгі час змагаліся на роўных, але ў канцы сустрэчы ролю адыграў вопыт сапернікаў. Мае гульцы дзесьці рабілі памылкі, дзесьці нам не шанцавала, але ў цэлым перамога Харватыі цалкам заслужаная, — адзначыў галоўны трэнер беларусаў Юрый Шаўцоў.

Сёння наша зборная сустракаецца з адным з прэтэндэнтаў на перамогу ў сусветным першынстве — зборнай Германіі, а завяршальны матч групавой стадыі беларусы правядуць 20 студзеня супраць зборнай Венгрыі.

Нагадаем, у плэй-оф з кожнай групы выйдуць каманды, якія занялі першыя 4 месцы ў сікстэце.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Не хапіла вопыту

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.