Вы тут

Нашымі беспілотнікамі цікавяцца ў Эквадоры


19 студзеня ў Беларусі адзначаецца Дзень ратавальніка. Напярэдадні прафесійнага свята міністр па надзвычайных сітуацыях Уладзімір Вашчанка падвёў вынікі работы ведамства.


Ад 2015 года ў краіне развіваецца сетка грамадскіх цэнтраў бяспекі жыццядзейнасці. Першы такі цэнтр быў створаны на базе спецыялізаванага ліцэя пры Універсітэце грамадзянскай абароны МНС, што месціцца пад Гомелем.

— З улікам яго напрацовак пастаўлена задача мець такія цэнтры ў кожнай вобласці, — зазначыў Уладзімір Вашчанка. — Сёлета такую ўстанову плануецца адкрыць у Лідзе, аналагічныя цэнтры абсталёўваюцца ў Магілёве і Віцебску, Брэсце. Крыху стрымліваецца будаўніцтва ў Мінску. Мы выкарыстоўваем усю матэрыяльную базу, каб людзі, якія жадаюць навучыцца аказваць першую дапамогу, атрымалі гэтую магчымасць. Напрыклад, калі чалавек пажадаў займацца спортам, яму ёсць куды пайсці. А вось з месцамі, дзе можна атрымаць веды па бяспецы, цяжэй. Мы прыходзім у калектывы, усё добра расказваем у тэорыі, але практычны складнік не заўсёды магчыма задзейнічаць. Мы спрабуем данесці людзям, да чаго прыводзіць бесклапотнасць. Бо гэта адна з асноўных прычын усіх бед і непрыемнасцяў.

Летась у красавіку Эквадор перажыў разбуральны землятрус. Тады 660 чалавек загінулі, а дзясяткі тысяч засталіся без даху над галавой. МНС Беларусі дапамагло пацярпелым істотным гуманітарным грузам.

Цяпер жа ў Беларусі знаходзіцца дэлегацыя з Эквадора. Узначальвае яе міністр-каардынатар па пытаннях бяспекі Сэсар Навас Вера. Бакі ўчора падпісалі мемарандум аб узаемаразуменні па пытаннях супрацоўніцтва ў галіне папярэджання і кіравання ў катастрофах і надзвычайных сітуацыях.

— Акрамя таго, эквадорскі бок выказаў зацікаўленасць у падрыхтоўцы кадраў і закупках нашага выратавальнага абсталявання, — паведаміў Уладзімір Вашчанка. — Напрыклад, падчас наведвання Акадэміі навук увагу замежных гасцей прыцягнулі айчынныя беспілотнікі. Эквадор хацеў бы набываць гэтыя апараты ў нас.

Апошнім часам тэма бяспекі на будучай атамнай электрастанцыі гучала неаднаразова. Досвед аховы такіх збудаванняў беларускія ратавальнікі вывучаюць за мяжой.

— Ужо ўзведзена пажарнае дэпо, — паведаміў міністр. — Яно цалкам укамплектавана сучаснай тэхнікай і асабовым складам. Акрамя таго, працягваюцца сумесныя практычныя вучэнні з расійскімі ратавальнікамі па ліквідацыі надзвычайных сітуацый на атамных электрастанцыях. Напрыклад, гэты сцэнарый адпрацоўваўся на Смаленскай АЭС.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

schklennіk@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?