Вы тут

Студэнтаў заразілі... «вірусам» навукі


«Сучасная навука — гэта камандная гульня. Час адзіночак прайшоў. Узровень даследаванняў і складанасці сучасных тэхналогій не дазваляюць вырашаць задачы ў адзіночку. Для гэтага патрабуюцца шматпрофільныя каманды спецыялістаў з самых розных галін, якія ўмеюць па-новаму паглядзець на праблему і знайсці нестандартныя рашэнні», — такую думку выказаў падчас фінальнага этапу Рэспубліканскага фестывалю маладзёжнай універсітэцкай навукі першы намеснік міністра адукацыі Вадзім БОГУШ.


Фестываль стартаваў у сценах Ліцэя БДУ ў студзені 2016 года і стаў адным з самых маштабных навуковых рэспубліканскіх маладзёжных мерапрыемстваў — за год ён завітаў ва ўсе рэгіёны краіны: фестывальныя мерапрыемствы праходзілі на базе БДУ, Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, Беларуска-Расійскага ўніверсітэта, Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта, БНТУ, БДПУ і Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Ідэя праекта заключалася ў тым, каб заразіць студэнтаў «вірусам» навуковых пошукаў, прадставіць маладым даследчыкам пляцоўку для прэзентацыі іх ідэй. Сімвалічна, што і апошняя кропка была пастаўлена таксама ў Ліцэі БДУ, дзе падвялі вынікі года.

— Дзякуй і моладзі, якая прымала самы актыўны ўдзел ва ўсіх этапах фестывальных мерапрыемстваў, і іх педагогам, навуковым кіраўнікам, без якіх, безумоўна, былі б немагчымыя самыя першыя, яшчэ нясмелыя, крокі ў навуку, — падкрэсліў Вадзім Богуш. — На працягу года ў маладых навукоўцаў была магчымасць устанавіць кантакты са старэйшымі калегамі. Яны маглі абмеркаваць з імі праблемныя пытанні, паказаць сябе і ўбачыць свае перспектывы для далейшага прафесійнага росту. Мяркую, усе гэтыя мэты дасягнуты.

Вадзім Богуш адзначыў, што ў апошнія гады назіраецца прырост ахвотных паступіць у аспірантуру. «У маладых людзей ёсць жаданне займацца навукай. Але прафесія вучонага — не для ўсіх, а толькі для тых, хто з'яўляецца даследчыкам па сваёй сутнасці... Затое навука — найлепшая магчымасць для самарэалізацыі... Інавацыі, крэатыў, пошук новага там, дзе, здавалася б, ужо ўсё вядома і адкрыта, — прэрагатыва маладых і энергічных, тых, хто прагне адкрыццяў і гатовы да іх».

Вадзім Богуш запэўніў, што галоўнае адукацыйнае ведамства заўсёды будзе падтрымліваць ініцыятыўную моладзь. У 2017 годзе Міністэрства адукацыі Беларусі плануе вылучыць не менш як 100 грантаў для маладых навукоўцаў на правядзенне даследаванняў па актуальных праблемах.

У беларускіх ВНУ сёння дзейнічае больш як 200 студэнцкіх навукова-даследчых лабараторый і 1000 навуковых гурткоў. Штогод у навуковых даследаваннях удзельнічаюць больш як 90 тысяч студэнтаў і аспірантаў.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.