Вы тут

Каб было цёпленька!


Памятаеце, як мы жартавалі, калі першае снегавое покрыва імгненна знікла і перспектывы яго аднаўлення да зімовых свят былі цьмяныя? «Я выпаду зараз, але гэта вам як быццам бы на Новы год. Снег». А зусім нядаўна градус гумару істотна змяніўся. «Самае здзеклівае, калі пры мінус 37 градусах далей пішуць «сонечна». Так што прыціснула, дык прыціснула. Маю на ўвазе не столькі ўласна маразы, як тое, наколькі яны адбіліся на нашых паводзінах. («— За апошнія дні выпала 5—6 сантыметраў снегу. Ці, як гавораць хлопцы, 16—20 сантыметраў. — Гэта далёка не адзіны выпадак выпадзення снегу. Ці, як кажуць дзяўчаты, «канешне, ён першы».) Іншымі словамі, часам у галаву б'е не толькі спёка, але і сцюжа.


Ну, вось хоць бы апошні прыклад, калі ў сеціве з'явіўся ролік, дзе мінчанін на марозе б'ецца з... дываном. Яго за тры дні праглядзела больш за мільён чалавек. Дык вядома, тое яшчэ відовішча! Тым больш што дывану ў схватцы ўдавалася нават адпор «крыўдзіцелю» даваць. Злыя языкі кажуць, што такім незвычайным чынам мужчына спаганяў злосць на жонку, якая ў мінусавое надвор'е выгнала яго з дому выбіваць той самы дыван. Ну, вось ён і разышоўся... («Калі мужчына нясе на плячы выбіваць скручаны дыван, ён проста абавязаны стрэліць з яго па гаражах, як з базукі».)

А яшчэ прыгадваю выпадак, як адзін хлопец паспрачаўся, што дойдзе да суседняй вёскі ў... сланцах. Гэта ў мароз, і бліжэй да вечара! Небараку, на шчасце, паспелі выратаваць, але ўсё магло скончыцца вельмі трагічна. У гэтай сувязі прыгадваецца выступленне аднаго стэндапера па тэлебачанні. «У 20 гадоў уражанне, што ўзяў арганізм напракат. Проста глядзіш: выжыве ён ці не?» Пра сябе выступоўца кажа: «У 35 гадоў ты апранаешся, як у шэсць гадоў: пухавік, шапка і калготкі... А мне цёпленька, зразумела?!» А што, нават у такім прыкідзе можна прыцягваць увагу процілеглага полу. Не верыце? «На вуліцы галалёдзіца. Мара пра тое, што ўсе дзяўчаты будуць каля маіх ног, пачынае збывацца. Пакуль схадзіў у краму, дзвюм дапамог устаць, а з адной... нават паляжаў». І не кажыце, што з вамі такога ніколі не здаралася. «Мінус 35 — гэта такое надвор'е, калі якую песню табе плэер уключыў, такую ты і слухаеш».

Мужчыны, канешне, часам бываюць дзівакамі, але пальма першынства, несумненна, застаецца за жанчынамі. У любую пару года. («Дзень быў дзіўным. Прырода строіла з сябе зіму, аўторак «касіў» пад пятніцу».) Вось самы просты прыклад. Стаяць каля Дома прэсы мужыкі, размаўляюць. Міма праходзіць уся з сябе такая «фіфа». Футэрка, доўгія распушчаныя валасы, такія ж доўгія ногі, зацягнутыя ў ультрамодныя вузкія штаны (ну, памятаеце адзін з кліпаў «Ленінграда»?), абедзве рукі глыбока ў кішэнях. (Як у «Службовым рамане»: «Паходка свабодная ад сцягна. Разняволеная свабодная пластыка пантэры перад скачком. Мужчыны такую жанчыну не прапускаюць!») І, галоўнае, крочыць яна... Не, не на лабутэнах. Ёсць такія жаночыя боцікі на высокім абцасе кшталту «капыток». (З вышэйзгаданага фільма: «Менавіта абутак робіць жанчыну жанчынай».) Не вельмі ўстойлівы, скажам так, абутак. Дык вось, усе мужчыны моўчкі самі сабе ацанілі даўжыню і стройнасць ног прахожай («Колькі дзяўчыну не кармі, яна ўсё роўна ў ласіны ўлезе»), але ўслых толькі адзін з прысутных выказаў адну агульную думку: «Шкада, спатыкнецца — паб'ецца...» Прычым тут гэта? Паўтараю спецыяльна для дзяўчат: абедзве рукі прыгажуні былі глыбока засунутыя ў кішэні тых самых «вельмі модных» штаноў. Простая логіка любога мужчыны падказвае: калі дзяўчына паслізнецца — паб'ецца, бо не зможа балансаваць рукамі. («Дакладна старэю: без шапкі холадна, на абцасах — нязручна!»)

Спадзяюся, усё з той прахожай абышлося, яна хоць у шубцы была, прынамсі, не мерзла. («Софа ніколі б не даравала Яшу яго чарговую здраду, але ўсё сапсавала новае норкавае футра».) А вы бачылі юных стварэнняў у самую халадэчу, апранутых так, што толькі ад позірку на іх самому робіцца ніякавата? Памятаеце мініяцюру «Уральскіх пельменяў» «Дзяўчына і рыбак на прыпынку»? Так і хочацца падысці да гэтай дзяўчыны і спытаць словамі з яе: «Ці цёпла табе, дзеўчына, ці цёпла табе... сіняя»?... Жонка расказвала, што неяк у юнацтве адзін хлопец з іх кампаніі вырашыў праверыць, як адчуваюць сябе дзяўчаты на марозе ў танюткіх калготках. Увечары, калі сцямнела (каб ніхто не бачыў), нацягнуў іх на сябе і збегаў у двор. Калі вярнуўся праз некалькі хвілін, вочы ў яго былі, як тыя сподачкі... («Толькі нараджаючы дзіця, жанчына набліжаецца да таго болю, які адчувае мужчына з тэмпературай 37,2».) Карацей, нягледзячы на маразы, у некаторых прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва — непакрытыя галовы, голыя ногі. (З той жа мініяцюры. «Можа табе шапку даць? — Я прычоску сапсую! — А мазгі не сапсуеш? — Каму я на дыскатэцы буду патрэбная з мазгамі і без прычоскі?»)

Так, напэўна, у маладосці бывае з кожным, калі грэе «прыродная батарэйка». Ну, і не толькі яна, яшчэ «падаграе» імкненне некаму спадабацца хоць бы і такім чынам. («Малады чалавек, купіце кветкі сваёй дзяўчыне, а то я ўжо замерзла тут стаяць... — А пачым кветачкі? — Дзесяць рублёў штучка. — Вам трэба цяплей апранацца».) Таму зычу ўсім цяпла, у тым ліку, найперш, душэўнага. Зрэшты, дзяўчаты, апранацца ўсё ж такі трэба. У гэтым таксама можа быць інтрыга. («Дзяўчына, які ў вас прыгожы світар! — Гэта сапраўдная вярблюджая шэрсць. — Так, я адразу пазнаў па двух горбіках».)

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».