Сяброўка запрасіла на дзень нараджэння. Цудоўна! Падарунак? Кубак з фотаздымкам? Калаж і рамку? Фен, туш, памаду? Загугліўшы «незвычайны падарунак», натыкаюся на кветкі, сэрцайкі, пірожныя і тарты... з мыла. А што, можа, заняцца мылаварэннем і зрабіць прэзент сваімі рукамі? Аказваецца, не ўсё так проста, як мне падалося, таму звяртаюся па майстар-клас да Ганны Дундуковай, мылавара з Бабруйска.
— Зрабіць мыла можа кожны! — узрадавала яна мяне. — Іншае пытанне, які выгляд яно будзе мець. Успамінаю свае першыя вопыты. Неяк убачыла фабрычнае мыла-скраб з кавай. Хм, можна ж самой паспрабаваць. Набыла дзіцячае мыла, надзерла яго на тарцы, расплавіла на вадзяной лазні, дадала кавы і заліла ў пластмасавы кантэйнер. Скажу шчыра, атрымалася нешта незразумелае, водар быў жудасны. Але гэта мяне не спыніла. Перачытала шмат літаратуры і паступова «набіла руку»: колькі чаго дабавіць, як фарбаваць, якія алеі для якога тыпу скуры падыходзяць, іх уласцівасці...
Дарэчы, неяк «мылаварыла» з дзеткамі 6—7 гадоў, і яны выдатна спраўляліся! Сапраўды, расплавіць аснову, дадаць усе патрэбныя «інгрэдыенты» і заліць у форму — нескладана. Куды больш цяжка кожны раз прыдумляць нешта эксклюзіўнае, сваё, тое, чаго няма ў іншых мылавараў. Гэта ж цікавей, чым капіраваць чужую ідэю.
А натхняе мяне абсалютна ўсё — сям'я, сябры, прырода, музыка, ежа. Літаральна на днях зрабіла мужу, які працуе вадалазам-выратавальнікам, мыла — мора з вадалазамі.
— Як жа ўсё-такі зрабіць яго? — пытаюся я з нецярплівасцю.
— Існуе ўсяго тры віды дамашняга мылаварэння. Напэўна, самы просты, з якога ўсе пачынаюць, — пераплаўленне дзіцячага мыла. Здаецца, нічога складанага, набыў патрэбны матэрыял, расплавіў і дадаў, напрыклад, какосавы алей. Але ж не так проста пераплаўленае «скруціць» у патрэбную форму, ды і гатовы выраб мае не вельмі прыемны пах. «З нуля» альбо «жывое» мыла раблю пакуль рэдка, бо дома маленькі сын, а трэба працаваць са шчолаччу. У крыху падагрэтую сумесь алеяў дабаўляю моцны шчолачны раствор і змешваю блэндарам. Далей атрыманую «сырую» мыльную масу апрацоўваю — фарбую, араматызую, заліваю ў розныя формы... Безумоўна, мыла «з нуля» — самае карыснае, але і самае цяжкае і небяспечнае ў прыгатаванні.
А вось сувенірнае альбо «звычайнае», якое «гатую» з мыльнай асновы, — маё хобі. Самай простай формы яно робіцца даволі лёгка: расплавіць аснову («пустое» мыла без колеру, паху, формы), дабавіць, напрыклад, базавы алей (абляпіхавы, какосавы ці іншы), фарбавальнікі, эфірны алей... і заліць у форму. Усё! Праз суткі гатова!
Часцей за ўсё раблю сувенірнае, а тэматыка залежыць ад свята: мандарыны, шампанскае, сняжынкі, кветкі, танкі, гранаты. Цікавае «наразное» мыла, напрыклад лавандавае ці мядовае, малюнак якога невядомы, пакуль не разрэжаш. Самае звычайнае аднакаляровае раблю прыкладна 15 хвілін, у выглядзе шматслаёвага пірожнага з ягадкамі — каля гадзіны, наразное — гадзіну-дзве ў залежнасці ад колькасці слаёў, абранай тэхнікі, складанасці. А вось у выглядзе торта — восем-дзевяць гадзін, гэта даволі працаёмкі працэс, але вынік таго варты! — дзеліцца мылавар.
Аказваецца, мылаварэнне даволі дарагое захапленне. Напрыклад, адна добрая сіліконавая крэатыўная форма каштуе каля 30 рублёў. Ёсць, канешне, і значна таннейшыя — пластыкавыя, але і мыла ў іх атрымліваецца менш цікавае.
— Пасля кожнай набытай формы я абяцаю сабе, што гэта апошні раз, а праз месяц зноў любуюся новай формай, — смяецца Ганна. — Вось і зараз набыла некалькі: планую «выстаўляцца» на кірмашы рамеснікаў, а муж з сынам усяляк дапамагаюць мне.
Сапраўды, «складаны» падарунак! Але ж паспрабаваць трэба, таму пайду набываць «аснову», алеі і фарбавальнікі. Можа, што-небудзь ды і атрымаецца.
Юлія БУКЕЛЬ
Набор на бюджэтныя месцы павялічыцца.
Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?
Не выявіць ні секунды абыякавасці.