Вы тут

І ляцяць галасы, даносяць гісторыі...


Я вельмі добра памятаю дзень, калі з хору малодшых класаў перайшла ва ўзорны хор «Журавачка». Для нас, малых, ён заўсёды быў марай. Мы заслухоўваліся дзівоснымі галасамі яго ўдзельнікаў, якія даносілі да нас сваімі спевамі цэлыя гісторыі...


Узорны хор «Журавачка» больш за дваццаць гадоў прапісаны ў Маладзечанскай дзіцячай школе мастацтваў. Калектыў з'яўляецца стыпендыятам Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, неаднаразовым лаўрэатам абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў. Адораных дзяцей пад сваім крылом збірае Вольга Паўлаўна Бялько, якая спаўна аддае сябе творчасці. «Дзяўчынкі, мы зможам усё!» — вось яны, словы вопытнага кіраўніка, якія распальваюць агонь у дзіцячых сэрцах.

— Усе чатыры гады ў калектыве я жыву ад рэпетыцыі да рэпетыцыі. На іх заўсёды пануе цудоўная атмасфера! Я вельмі ўдзячная хору і нашаму кіраўніку за незабыўныя гады ў маім жыцці, — падзялілася ўражаннямі вучаніца 9 класа гімназіі №6 Яна Пракаповіч.

«Журавачка» з'яўляецца пастаянным госцем міжнародных фестываляў. У жніўні 2016 года калектыў прыняў удзел у «11. іntеrnаtіоnаl уоuth сhоіr mееtіng Usеdоm» у Германіі. Незабыўныя эмоцыі і багаж новага вопыту прывезлі з сабой у Беларусь і дзеці, і педагогі.

— Работа з выдатнымі дырыжорамі з Іспаніі, Швецыі і Амерыкі, знаёмства з хорамі з Італіі, Эстоніі і Германіі, адпачынак на беразе мора і, вядома ж, музыка... — вось як апісваюць паездку ў Германію самі «журавачкі».

Рэпертуар у калектыва багаты, пачынаючы з духоўнай музыкі і заканчваючы беларускай народнай «Касіў Ясь канюшыну». Спяваем песні на англійскай, французскай, іспанскай і нават афрыканскіх мовах! Хор не баіцца эксперыментаваць і заўсёды дамагаецца пастаўленых мэт. Голас — гэта найскладанейшы інструмент, які патрабуе вялікай працы, і толькі рэгулярныя рэпетыцыі і жаданне быць лепшымі даюць вынік.

Сярод харыстаў вельмі цёплыя сяброўскія адносіны. Мы праводзім час разам не толькі на рэпетыцыях і канцэртах, але і ў паўсядзённым жыцці. Імяніннікаў заўсёды віншуем песняй і цукеркамі, кажам цёплыя словы і жадаем поспехаў. Кожны год у хор прыходзяць малодшыя дзяўчынкі, якія толькі робяць свае першыя крокі ў музыцы, і мы заўсёды імкнёмся дапамагчы ім. «Журавачка» — не проста хор, гэта адна вялікая сям'я!

Выпускнікі доўга не могуць развітацца з хорам і нават пасля заканчэння музычнай школы працягваюць наведваць заняткі. Некаторыя пазней паступаюць у музычны каледж імя М.К. Агінскага, Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі, становяцца выдатнымі музыкантамі і педагогамі. Але ніхто і ніколі не забудзе «Журавачку».

Паліна Бараноўская, вучаніца 10 класа СШ №8 г. Маладзечна

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».