Вы тут

Юльяна Пятрэнка. Няпрошаныя госці (Урывак)


«А ну-ка, хуценька адарвіцеся ад сваіх клопатаў, рондаляў і мігрэняў, распраўце плечы і ўключыце бляск у вачах! Запрашаю вас у мой чароўны свет, дзе ажываюць дрэвы і размаўляюць птушкі», — так запрашае да чытання свайго чарадзейнага твора аўтарка, якая не перастае верыць у цуды.

Значыцца, маладая пара на аўтамабілі вяртаецца здалёк з пакупкамі для будучага вяселля. Машына ў дарозе ламаецца. Да дома яшчэ далёка, а ноч ужо блізка. Да таго ж завіруха...


Раптам з завірухі выплыла і паўстала перад вачыма невялікая крывенькая хацінка. Маленькае акенца кідала бледнае святло на маўклівы снег, патанала ў ім. Шызы дым, што выходзіў са старога коміна, не паспяваў узняцца ўгору, у чорнае неба, як адзічэлы вецер прыціскаў яго долу і бязлітасна матляў ва ўсе бакі. Пахла хвояй і смалой.

Старэнькі тын пакасіўся пад цяжарам снежных шапак. Купка высокіх раскідзістых дрэў навісала над хатай, змыкаючы чорнае вузлаватае галлё, і хвастала ім пад ударамі ветру па даху. За самай хатай злавесна ўзнімаліся змрочныя грабяні густога лесу.

Алесь спыніўся і насцярожана зірнуў на Аксану. Дзяўчына стаяла ў нерашучасці і трывожна ўглядалася ў маленькае акенца, вакол якога няспынна мітусіліся белыя снежныя мятлікі. Калі звярынае выццё пачулася зусім побач, Аксана мацней сціснула сваю торбачку і заспяшалася наперад. Яна з цяжкасцю прабралася праз рэдкі тын да старой хацінкі і нясмела загрукала ў размаляваную марозам шыбу. Пачакала з хвіліну і затарабаніла зноў. За акном мільгануў зыбкі цень, і праз колькі хвілін рыпнулі дзверы.

— Хто там? — пачуўся з цемры асіплы старэчы голас.

— Добры вечар! — Аксана ўзнялася на дыбачкі і выцягнула шыю, каб лепш разглядзець гаспадара. — У нас машына зламалася!

— Дзе можна трактар узяць, не скажаце? — смела ступіў наперад Алесь. — Я заплачу.

— Не ведаю, — пачулася ў адказ. — Там, за лесам, вёска.

На гэтым размова скончылася, дзверы грукнулі. Аксана не паспела адкрыць рот, каб упікнуць Алеся ў нерашучасці, як па храбусткім снезе заспяшаліся да веснічак мяккія таропкія крокі.

Неўзабаве над плотам паказалася сівая галава і кручканосы маршчыністы твар з доўгай ускудлачанай барадой, якая развявалася на ветры.

— Што трэба? — стары вышэй узняў каўнер кажуха, хаваючыся ад колкага снегу.

— Машына, кажу, заглохла, — паўтарыў хлопец. — Акумулятар, відаць, здох... «Падкурыць» бы.

Стары маўчаў у роздуме. Алесь маўчаў таксама, чакаючы адказу і якой-небудзь прапановы.

Нарэшце загаварыла Аксана:

— Змерзла я зусім, і печка не працуе, халера яе бяры!

Стары зразумеў гэта правільна: адразу заляпаў старымі веснічкамі, каб упусціць няпрошаных гасцей. Затым згорбіўся яшчэ больш, захутаўся ў стары кажух і пакрочыў у хату. Следам заспяшалася Аксана. Алесь сяк-так зачыніў веснічкі і пабег за ёю.

— Сюды, — вуглаватая постаць знікла за нізкімі дзвярыма, і госці нырнулі следам.

Хата дыхнула ў твар цяплом, гаркаватым пахам сасновай смалы і нейкіх зёлак. Стары скінуў у сенцах кажух і ў вялізных валёнках пакрочыў далей. Госці кінулі вопратку на стары куфар, пакінулі мокры абутак на плеценым палавічку і пашлёпалі па цёплай драўлянай падлозе ўслед. Мінулі яшчэ крэпкую драўляную лесвіцу наверх і, адкінуўшы зношаную занавеску, увайшлі ў цесную куханьку, палову якой займала даўно нябеленая печ. Над ёй звісалі пучкі сушаных зёлак і нанізаныя на нітку вялізныя шапкі грыбоў. На падлозе ляжалі абы-як зваленыя дровы.

Стары ўладкаваўся на абшарпаным зэдліку каля самага стала, на якім самотна прымасцілася газавая лямпа. Яе цьмянае святло дрыжэла і калыхалася на аконнай шыбе.

Алесь незадаволена разглядаў гаспадара. Залапленыя нагавіцы запраўлены ў валёнкі, брудная камізэлька, з-пад якой выглядала шэрая ільняная кашуля, зашпіленая на адзін гузік. Стары ссунуў густыя сівыя бровы і засяроджана стругаў нешта з палена ножычкам. Мяккая жоўтая стружка снегападам сыпалася на падлогу.

Аксана апусцілася на другі зэдлік і падціснула азяблыя ногі ў тонкіх калготках. Абвяла позіркам пакой. З цёмнага вугла выглядаў завалены хламам і старой вопраткай тапчан. Над ім — пасечаны моллю дыван з казулямі і паляўнічымі.

— Вёска за лесам, — хрыпла паўтарыў стары, не адрываючыся ад сваёй справы.

— Гэта мы ўжо зразумелі, — пагадзіўся Алесь, разглядаючы небагатую абстаноўку.

— А мы з рынку едзем, накуплялі ўсяго для вяселля. Адно мытню пераехалі, а тут завея, — весела шчабятала Аксана. — І ваўкі. Чулі, як выюць?

Яна сцепанулася.

Стары адклаў у бок ножычак і прымружыў глыбокія чорныя вочы:

— Спаць наверсе будзеце, — узняў ён тонкі вузлаваты палец, бледны, як печ. Затым падняўся, адкрыў брудную засланку і падкінуў у чорную пашчу печы некалькі паленцаў. Весела затрашчаў у ёй чырвоны агеньчык, які з задавальненнем заглытваў бярозавыя дровы. — Спаць трэба, — пазяхнуў стары. — А заўтра двор мне пачысціце.

— Дык не пытанне, — адказаў Алесь і прыціснуў да сябе разгубленую негасцінным прыёмам Аксану. — Але невядома, ці завея сціхне.

— Сціхне, — расшпіліў стары адзіны гузік патрапанай камізэлькі. — Ваўчок на надвор'е вые.

— А-а-а, зразумела... — нацягнута ўсміхнулася Аксана. Павярнулася да Алеся і закаціла вочы, каб паказаць, што стары ўжо зусім не цяміць. Ледзь утрымалася, каб не пакруціць пальцам каля скроні.

— Кавы? — спытаў стары, пільна ўглядаючыся ў расчырванелы ад цяпла твар дзяўчыны.

— Не. А мы гэта... перашкаджаць вам не будзем? — пацікавілася яна.

— Вы мне — не. Толькі сядзіце там наверсе ціхенька... Ох, і дрэнная ноч...

Юльяна Пятрэнка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».