Вы тут

Як дзяўчына з Беларусі працуе кіраўніком турыстычных груп па Еўропе


Сачыць за жыццём Ірыны Мілашэўскай у сеціве — адно задавальненне: амаль кожны тыдзень у яе профілі ў «Інстаграме» з'яўляюцца новыя фотаздымкі з розных краін і гарадоў. Але гэта не кадры з адпачынку, проста дзяўчына ўжо шосты год працуе кіраўніком турыстычных груп у турах па ўсёй Еўропе, цікавыя фота — ні што іншае, як кадры працоўных момантаў. Я распытала Ірыну пра тое, як ёй удалося ўладкавацца на работу-мару, пра беларускіх турыстаў і не толькі.


Рэд­кі кадр пад­час ра­бо­ты ў Па­ры­жы:  без гру­пы на зад­нім пла­не.

— У свае 23 гады ты ўжо спецыяліст з сур'ёзным стажам у такой далёка не лёгкай прафесіі...

— Я заўсёды прытрымлівалася таго пункту гледжання, што чалавек, якому споўнілася 18 гадоў, ужо самастойны, а гэта значыць, што ён павінен зарабляць сам і, пажадана, дапамагаць бацькам, а не сядзець у іх на шыі. Калі вучылася на другім курсе гуманітарнага факультэта БДУ, адчула, што атрымліваць веды, вучыцца, канешне, добра, тым не менш забяспечваць сябе таксама неабходна. Таму вырашыла паўдзельнічаць ва ўсім вядомай праграме «Wоrk аnd Trаvеl» і паехаць у Амерыку. Падчас падрыхтоўкі аднойчы выпадкова ўбачыла аб'яву аб тым, што ідзе набор студэнтаў, якія хацелі б паспрабаваць свае сілы, працуючы ў Грэцыі з турыстамі. Вырашыла адправіць заяўку і сюды. Як высветлілася пазней, было пададзена 150 рэзюмэ, на падставе якіх адабралі і запрасілі на гутарку 50 кандыдатаў. Конкурс быў жорсткі: білеты да Грэцыі атрымалі толькі трое, у тым ліку і я. Так вызначыліся мае планы на бліжэйшыя паўгода.

На месцы першыя некалькі тыдняў праходзіла навучанне. Мы паглыблена вывучалі гісторыю і міфалогію, аб'ездзілі ўсю краіну, каб дазнацца як мага больш пра яе культуру і традыцыі. Для таго каб лепш адчуць усю спецыфіку, некалькі дзён было адведзена на знаёмства з работай так званых гатэльных гідаў (прадстаўнікоў турфірмы, што сустракаюць адпачывальнікаў у тым ці іншым гатэлі і суправаджаюць іх падчас усяго адпачынку). Таксама давялося паспрабаваць сябе ў ролі прадстаўніка фірмы ў аэрапорце, дзе мы сустракалі турыстаў з самалёта ў пачатку адпачынку, а напрыканцы праводзілі, дапамагаючы зарэгістравацца на рэйс. Але асноўная частка работы прысвячалася таму занятку, у якім я пасля і знайшла сябе, — кіраўнік групы. У такой якасці мы з калегамі адпраўляліся на розныя экскурсіі па Грэцыі: паднімаліся на Алімп, наведвалі старыя гарады, маляўнічыя астравы... За паўгода я атрымала каштоўны досвед і, самае галоўнае, навучылася ўзаемадзейнічаць з людзьмі ў якасці кіраўніка. А пасля закруцілася: я здала сесіі ва ўніверсітэце экстэрнам і на наступны год зноў паехала ў Грэцыю на работу.

— Два гады, праведзеныя там, — не такі кароткі тэрмін. Чаму вырашыла вярнуцца дадому?

— Лічу, што чалавек імкнецца з'ехаць у іншыя краіны, пазнаёміцца з новымі людзьмі, каб запоўніць сваё жыццё. Такім юнацкім максімалізмам пакутавала і я. Былі моманты, калі планавала застацца ў чужой краіне, разглядала і Грэцыю, і Германію ў якасці варыянтаў для пераезду на ПМЖ. І толькі адпрацаваўшы за мяжой два гады, зразумела відавочную ісціну: твой дом там, дзе твае родныя. І я вярнулася, каб прапаноўваць якасныя паслугі сваім землякам. Прыемна адкрываць для людзей свет, паказваць, наколькі ён цікавы. Дагэтуль з задавальненнем езджу ў іншыя краіны, але яшчэ з большым задавальненнем вяртаюся дадому. Я зразумела, што прыстойны ўзровень жыцця трэба не шукаць, а выбудоўваць самому сваёй працай.

— Напэўна, быў нейкі павучальны ўрок, які ты часта ўспамінала...

— У 18 гадоў, апынуўшыся ў чужой краіне адна, без родных і блізкіх, я выразна зразумела: немагчымае — магчыма. Галоўнае, не баяцца. Ты можаш дасягнуць усяго, але толькі калі сапраўды гэтага хочаш. Было мноства выпадкаў, калі мяне адпраўлялі на незнаёмыя маршруты. Гэта жудасны стрэс: трэба хутка нешта вучыць, імгненна арыентавацца ў сітуацыі і не забываць, што ты адказны не толькі за сябе, а яшчэ і за 82 чалавекі, што сядзяць за тваёй спінай. Я стала не толькі камунікабельнай, але і стрэсаўстойлівай. Гэты досвед даў мне разуменне: няма таго, з чым ты не можаш справіцца, ёсць толькі тое, з чым не хочаш.

З ма­лень­кай ту­рыст­кай пе­рад чэш­скім зам­кам.

— Іра, праз цябе прайшло столькі людзей, ці можаш абагульніць вобраз беларускага турыста?

— Канешне! Гэта самыя цярплівыя і міралюбівыя людзі (смяецца)! Я працавала і з украінскімі, і з расійскімі турыстамі. Ва ўсіх краінах нашы групы любяць больш за астатнія. Асабліва хочацца адзначыць, што беларусы сапраўды ўмеюць атрымліваць асалоду ад жыцця. Яны цікаўныя, актыўныя, імкнуцца як мага больш убачыць і паспрабаваць. І гэта самы правільны падыход да адпачынку ў еўрапейскіх краінах.

— Ты пабывала ў розных краінах свету, многа бачыла. І калі вяртаешся дадому...

— ...Час ад часу чую, што «чагосьці нам не хапае, нешта не так». Але, калі паглядзець навокал, адчуваецца, што з кожным годам краіна змяняецца ў лепшы бок. Просты прыклад. Далёка не ў кожным еўрапейскім горадзе пасля васьмі гадзін вечара можна знайсці адкрытую краму ці тую ж кавярню. У маім родным Мінску такога пытання не паўстае. Культурнае жыццё таксама на вышыні — прыемна бачыць столькі таленавітай моладзі. І я дакладна ведаю, што дзяржава падтрымлівае цікавыя ініцыятывы, менавіта таму кожныя выхадныя, асабліва летам, паўстае пытанне «куды б схадзіць», але толькі ў кантэксце таго, што цяжка выбраць сярод мноства варыянтаў баўлення часу. Пра прыгажосць нашай прыроды ў Еўропе ходзяць легенды. А кухня! Кожны раз, вяртаючыся з групай дамоў, я чую, што людзі за тыдзень паспелі засумаваць па бульбе.

Дар'я АРЭФ'ЕВА, студэнтка VІ курса Інстытута журналістыкі БДУ

Загаловак у газеце: Чаго няма нават у Грэцыі, ці Разгледзець радзіму здалёк

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».