Вы тут

Як жывуць лідары-актывісты пасля ВНУ?


У кожнай навучальнай установе абавязкова знойдуцца хлопцы і дзяўчаты, якіх называюць актывістамі. Хто яны такія і чым займаюцца, тлумачыць не трэба. А вось што адбываецца з маладымі людзьмі пасля заканчэння вучобы, мала хто ведае. Мы папрасілі былых студэнцкіх лідараў прыгадаць сваё нядаўняе жыццё і расказаць, ці дапамагае ім досвед, набыты ў тыя часы.


Іры­на До­раш пад­час ву­чо­бы (у цэнт­ры).

Знайсці другую палавінку

Юлія Столяр, выпускніца факультэта міжнародных адносін БДУ 2015 года, прызналася, што ў студэнцкае самакіраванне імкнулася трапіць галоўным чынам дзеля таго, каб атрымаць месца ў інтэрнаце. Дзяўчына з першых месяцаў вучобы старалася быць актыўнай: хадзіла на ўсе магчымыя мерапрыемствы, малявала плакаты, насценгазеты і інш.

— Калі мне прапанавалі далучыцца да грамадскай інфармацыйнай службы студгарадка БДУ, тут жа згадзілася. Памятаю, нібыта гэта было ўчора, як мне далі першае заданне — напісаць матэрыял пра сустрэчу студэнтаў з тагачасным трэнерам БАТЭ Віктарам Ганчарэнкам. Было незвычайна спрабаваць свае сілы ў якасці журналіста (па спецыяльнасці я эканаміст-перакладчык), тым больш што адчувала: у мяне атрымліваецца. У тым годзе інтэрнат мне так і не далі, але ў службе мне спадабалася...

Студэнцкае самакіраванне «зацягнула» Юлю на тры гады, два з паловай з якіх яна была старшынёй грамадскай інфармацыйнай службы. Паралельна некаторы час дзяўчына з'яўлялася галоўным рэдактарам факультэцкага выдання «ФМА-анлайн». Па факце і там, і там Юля шукала людзей, якія хацелі б пісаць тэксты, здымаць фота і відэа, рабіць афішы. Размяркоўвала заданні, а пасля кантралявала іх выкананне. Яна прызнаецца, што досведу ў гэтай справе дагэтуль не мела і толькі падчас працы вучылася матываваць, заахвочваць і... крытыкаваць калектыў.

— Некаторыя хлопцы і дзяўчаты, з якімі мы разам былі ў грамадскай інфармацыйнай службе, пасля выпуску працягваюць свой журналісцкі шлях, працуючы карэспандэнтамі, фатографамі, відэааператарамі ўжо на больш сур'ёзным узроўні, хоць і вучыліся на факультэтах, ніяк не звязаных з гэтай сферай. Я зрабіла выбар на карысць работы па спецыяльнасці, таму пакуль не магу сказаць, што досвед, атрыманы ў студэнцтве, карысны для мяне ў прафесійным плане. Затое ён дапамагае мне па жыцці, — кажа Юля. — Азіраючыся назад, я разумею, што ні за што б не выкрасліла самакіраванне са свайго студэнцтва. Дзякуючы яму адбылося шмат знаёмстваў з цудоўнымі людзьмі, з якімі я сябрую і цяпер. А за аднаго з іх я зусім нядаўна выйшла замуж!

Дадатковы аргумент для наймальніка

Ірына Дораш атрымала дыплом БДУІР толькі летась. Малады спецыяліст прызнаецца, што яшчэ не зусім адышла ад студэнцкіх спраў: «Я пастаянна падтрымліваю сувязь са сваімі былымі калегамі па студсавеце, пытаюся ў іх што ды як. Яны таксама час ад часу просяць парады. Мне не хапае каманды, не хапае абмеркаванняў, ідэй, ініцыятыўнасці. Нідзе больш не знайсці столькі энергічных і натхнёных людзей, як у студэнцкім самакіраванні».

Іра прыгадвае, што пастаянна знаходзілася ў пошуках новых, незвычайных заняткаў для сябе. Дзяўчына была кіраўніком валанцёрскай групы БДУІР «Сузор'е», пасля ўзначальвала студсавет універсітэта, а калі з'явіўся грамадскі рэспубліканскі студэнцкі савет пры міністры адукацыі, далучылася і да яго. Па словах Іры, адным з самых цяжкіх у плане падрыхтоўкі і ў той жа час самым цікавым праектам, над якім ёй даводзілася працаваць, стала першая міжнародная студэнцкая канферэнцыя па самакіраванні. «Затое як класна было аб'яднаць столькі моладзі з розных гарадоў!»

— Падчас удзелу ў студсамакіраванні я навучылася знаходзіць агульную мову са студэнтамі, выкладчыкамі і адміністрацыяй свайго ўніверсітэта, акрамя таго, даволі часта ўзаемадзейнічала з прадстаўнікамі іншых ВНУ і арганізацый. Гэта дазволіла мне развіць упэўненасць у сабе, знікла боязь кантактаў з незнаёмымі людзьмі. Упэўнена, што спатрэбіцца ў далейшым і досвед публічных выступленняў, і ўменне аргументавана адстойваць свой пункт гледжання. Як мне здаецца, студэнцкае самакіраванне дае цудоўны шанц рэалізаваць сябе па спецыяльнасці яшчэ да выпуску з універсітэта. Мая прафесія — маркетолаг, і я ўжо паспела пераканацца: шмат якія з цяперашніх працоўных абавязкаў выконвала і дагэтуль.

Іра расказвае, што калі ўладкоўвалася на працу, пазначала ў рэзюмэ, што мела дачыненне да студэнцкага самакіравання. На гутарцы ў арганізацыі гэтым фактам зацікавіліся, пыталіся, чым канкрэтна займалася, якіх поспехаў дасягнула. «Канешне, у першую чаргу глядзяць на прафесійныя навыкі, але і студэнцкі досвед без увагі не пакідаюць. Таму не саромейцеся і пры працаўладкаванні заўсёды пра яго кажыце, лішнім дакладна не будзе», — раіць дзяўчына цяперашнім студэнцкім лідарам, у якіх выпуск яшчэ наперадзе.

Валанцёрства — школа людскасці

Максім Бялец, будучы студэнтам Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны, не абмяжоўваў сябе адным кірункам: меў дачыненне і да студсавета, і да БРСМ.

— Надзвычай важным для мяне стаў удзел у валанцёрскай арганізацыі «Сябра дзяцей». Кожны Новы год мы ставілі казкі, збіралі гуманітарную дапамогу для выхаванцаў Журавіцкага дома-інтэрната. Малявалі дэкарацыі, стваралі касцюмы, рэпеціравалі да дзясятай гадзіны вечара! Затое дзень выступлення на сцэне інтэрната заўсёды быў запамінальным.

Праз валанцёрскую арганізацыю Максім упершыню трапіў у інтэрнат. Ён мяркуе, што далёка не кожны гатовы да стасункаў з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. «У нас, студэнтаў-валанцёраў, ніякай боязі не было, магчыма, таму, што мы бачылі: дзеці цягнуцца да нас, заўсёды чакаюць сустрэчы». Максім тлумачыць, што валанцёрства зрабіла яго не жаласлівым чалавекам, а, наадварот, больш моцным, дазволіла перагледзець уласныя магчымасці.

Нават летам, калі студэнцкія справы заціхаюць у сувязі з канікуламі, хлопец не адпачываў на канапе:

— У 2014 годзе падчас правядзення цэнтралізаванага тэсціравання ў нашым універсітэце быў арганізаваны студэнцкі атрад «Дэльта», — расказвае хлопец. — А годам пазней мне давялося стаць камісарам сэрвіснага атрада імя Ільі Катуніна ва Усерасійскім дзіцячым цэнтры «Арляня». Там атрымалася не толькі папрацаваць, але і адпачыць на моры. Цудоўная магчымасць з мінімальнымі фінансавымі выдаткамі.

Цікава, што такая актыўная дзейнасць не пасунула вучобу хлопца на другі план: Максім з'яўляецца аўтарам пятнаццаці навуковых публікацый і мае дыплом з адзнакай.

Уменне ствараць каманду

Аляксандр Сянчук за сем гадоў у студэнцкім самакіраванні прайшоў літаральна ўсе ступені: ад старасты паверха ў інтэрнаце Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта да намесніка рэспубліканскага студэнцкага савета БРСМ. Аднак немагчыма вучыцца вечна. Аляксандр, які мае два дыпломы аб вышэйшай адукацыі, сёння працуе намеснікам генеральнага дырэктара «Брэстаблаўтатранс» — дырэктарам філіяла «Аўтавакзал г. Брэста».

— У студсаветах я навучыўся кіраваць людзьмі, якія працуюць за ідэю, а таксама вырашаць пытанні з вышэйстаячым кіраўніцтвам. Але галоўнае, што мне дало студэнцкае самакіраванне, — гэта ўменне падбіраць кадры і ствараць каманду.

І не паверыць хлопцу нельга, бо менавіта ён стаў ініцыятарам правядзення ў сваёй альма-матар студэнцкага форуму «Прывітанне, Універ!» Гэты праект накіраваны на знаёмства першакурснікаў з універсітэтам да 1 верасня, каб ім лягчэй было адаптавацца ў новым асяродку. Таму думаецца, што ва ўсіх, хто сёння прыходзіць працаваць у калектыў Аляксандра, не ўзнікае ніякіх праблем з адаптацыяй — такі кіраўнік дакладна ведае сакрэты добрай рабочай атмасферы.

...Відавочна, што студэнцтва актывіста насычана цікавымі падзеямі, знаёмствамі, яно сапраўды запомніцца на ўсё жыццё. З іншага боку, удзел у бясконцых мерапрыемствах і падрыхтоўка да іх забіраюць шмат часу, і тады паўстае пытанне: а вучыцца калі? Усё індывідуальна. Нехта намагаецца паспець паўсюль, забываючыся на сон і ежу. А хтосьці выбірае нешта адно, ахвяруючы іншым, і тут галоўнае — правільна расставіць прыярытэты, каб пазней не пашкадаваць.

Ганна КУРАК, студэнтка V курса Інстытута журналістыкі БДУ

Загаловак у газеце: Першыя на шляху да мэты

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.