Вы тут

У Мінску праходзіць інтэрактыўная выстава «Экатэхнум»


На інтэрактыўнай выставе «Экатэхнум» можна выклікаць дождж рухам пальца, запаліць лямпачку без падключэння да электрасеткі і падняць сябе ў паветра адной рукой, нібы знакаміты барон Мюнхгаўзен. Займальныя фізічныя вопыты дазваляюць паверыць, што вырашыць можна любую задачу, нават калі гэта падаецца немагчымым на першы погляд.


Выстава разлічана на дзяцей ад 10—12 гадоў. У будучыні арганізатары з Цэнтра экалагічных рашэнняў мяркуюць распрацаваць спецыяльную праграму для першакласнікаў. Пакуль жа эфект ад наведвання бачны на прыкладзе дарослых: спачатку насцярожаныя, яны ўжо праз дзесяць хвілін самі ахвотна мацаюць экспанаты і ўдзельнічаюць у даследаваннях, а праз паўгадзіны ўступаюць у дыспут з трэнерам Антонам Гаховічам.

— Многія адчуваюць сябе некамфортна, калі спрабуеш з імі пагаварыць на тэмы экалогіі. Чалавек чуе пра розныя праблемы: змену клімату, мадыфікаваныя прадукты харчавання, небяспечныя выкіды ў паветра, зямлю... Усе гэта без дастатковай інфармаванасці можа ператварыцца ў «страшылкі», балючыя тэмы, пра якія складана гаварыць і невядома як вырашаць. Наша задача не запалохаць, а растлумачыць, што пры дасведчаным падыходзе, пры ўнутраным самакантролі можна жыць у гармоніі з навакольным светам, быць дружалюбным да прыроды і пры гэтым не адмаўляцца ад сучасных магчымасцяў. Гэтая думка і рэалізаваная ў «Экатэхнуме». Мы перакананыя самі і хочам расказаць іншым, што ў экалагічна дружалюбных паводзінах няма нічога страшнага і складанага, наадварот, гэта карысна, лёгка, весела, — кажа намеснік дырэктара па праграмнай дзейнасці Цэнтра экалагічных рашэнняў Дар'я Чумакова.

Вандроўка паміж стэндамі цягнецца крыху болей за гадзіну. Для дзяцей большую частку праграмы займаюць інтэрактыўныя гульні. Можна папрасіць і індывідуальны падыход, тады трэнер падрабязна спыніцца на цікавай для наведвальніка тэме. Хутка ў «Экатэхнуме» з'явіцца і аўдыягід. Арганізатар экскурсіі зможа ўключаць яго для групы альбо папярэдне праслухаць і пераказаць матэрыял.

— Сюды прыходзяць школьнікі, метадысты. Мяркую, дзецям куды цікавей апынуцца ў інтэрактыўнай лабараторыі, чым на ўроку экалагічнай бяспекі. Зацікавіліся новай формай адпачынку на выхадных і сем'і з малымі дзецьмі. На вандроўку паміж стэндамі запісваюцца кожны дзень, а працуе «Экатэхнум» пакуль бясплатна, у тэставым рэжыме, — расказвае Дар'я Чумакова. — Раней Цэнтр экалагічных рашэнняў працаваў толькі з мабільнымі выставамі, мы загружалі некалькі стэндаў у машыну і ехалі ў той куточак Беларусі, адкуль прыйшло запрашэнне. Упершыню такое мерапрыемства зладзілі каля шасці гадоў таму. На выездах было здорава, але нам заўсёды хацелася займець пастаяннае месца, дзе б маглі грунтоўна расказваць пра экалагічную дружалюбнасць. Сёлета разам з Рэспубліканскім цэнтрам інавацыйнай і тэхнічнай творчасці ідэю ўдалося ператварыць у паўнавартасны інтэрактыўны праект.

Каб увасобіць задуму, спатрэбілася паўгода. Тэма экалогіі занадта маштабная, каб змясціцца ў адной выставе, таму на стэнды трапілі толькі некаторыя аспекты «зялёнага» жыцця: энергазберажэнне і энергаэфектыўнасць, экалагічная дружалюбнасць, адходы і іх утылізацыя, узнаўляльная энергетыка... Падаецца, усяго пакрысе, але гэты набор, на думку арганізатараў, дае ўяўленне, што адбываецца ў навакольным асяроддзі і што мы можам зрабіць, каб не дапусціць неспрыяльных змяненняў.

Адначасова з энтузіястамі Цэнтра экалагічных рашэнняў над выставай працавала дызайнер Людміла Шыдлоўская. Гэта яна ўпрыгожыла стэнды, аформіла інфармацыю ў выглядзе малюнкаў, каляровых схем. Яна ж ператварыла галоўных персанажаў выставы — Ваду, Сонца, Біямасу, Вецер — у супергерояў. Любы, хто прыходзіць на выставу, таксама быццам бы далучаецца да каманды самых магутных сіл у нашым свеце. Яны сваім выглядам нечым падобны на вядомых мультыплікацыйных герояў, што павінна спадабацца малым наведвальнікам.

Рагнеда ЮРГЕЛЬ

yurgel@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Экалагічная дружалюбнасць?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».