Вы тут

Усіх немаўлят у радзільнях ацэньваюць па шкале Апгар


Шкалу прыдумала амерыканскі ўрач-анестэзіёлаг Вірджынія Апгар для ацэнкі стану здароўя нованароджанага. У 1952 годзе яна прадставіла гэту сістэму на кангрэсе анестэзіёлагаў.


Для запамінання крытэрыяў прапанавала выкарыстоўваць пяць літар свайго прозвішча:

  • арреаrаnсе — знешні выгляд (колер скуры);
  • рulsе (hеаrt rаtе) — пульс (частата сардэчных скарачэнняў);
  • grіmасе (rеsроnsе tо stіmulаtіоn) — грымаса, якая ўзнікае на нейкае раздражненне;
  • асtіvіtу (musсlе tоnе) — актыўнасць рухаў, мышачны тонус;
  • rеsріrаtіоn — дыхальныя рухі.

У балах ацэньваюцца пяць асноўных прыкмет здароўя/нездароўя: афарбоўка скуры, частата сардэчных скарачэнняў за 1 хвіліну, рэфлексы, мышачны тонус і дыханне. 7—10 балаў — гэта здароўе, менш за 3 — крытычны стан.

— Усе немаўляты, якія з'явіліся на свет у радзільні, ацэньваюцца па шкале Апгар урачом-неанатолагам, які прысутнічае пры родах, — тлумачыць загадчыца лабараторыі клінічнай неанаталогіі, рэабілітацыі нованароджаных і дзяцей першага года жыцця РНПЦ «Маці і дзіця», кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт Таццяна ГНЯДЗЬКО. — Кантроль пяці паказчыкаў праводзіцца праз 1 і 5 хвілін пасля нараджэння. У некаторых выпадках, пры пярвічнай суме балаў ніжэйшай за 7, ацэнка выстаўляецца і пасля 10-й хвіліны жыцця, калі можа ісці размова аб правядзенні неадкладнай рэанімацыі. 0—7 балаў па шкале Апгар паказваюць на неспрыяльныя фактары развіцця плода, паталогію ў родах, нізкую жыццяздольнасць, магчымасць узнікнення неўралагічных парушэнняў да 1 года, неабходнасць правядзення рэанімацыйных мерапрыемстваў урачом-неанатолагам або анестэзіёлагам-рэаніматолагам. Павелічэнне сумы балаў праз 5 хвілін пасля нараджэння на фоне праведзенай рэанімацыі сведчыць аб эфектыўнасці лячэння...

Шкала Апгар — простая і даступная сістэма падліку балаў у сумарную колькасную ацэнку стану немаўлят. Яна вызначае ўрачэбную тактыку назірання і лячэння пасля нараджэння. Матулі паведамляюць звычайна дзве лічбы, напрыклад, 8—9 балаў. Ацэнка фіксуецца ў медыцынскай дакументацыі, выпісным эпікрызе, абменнай картцы, улічваецца для вызначэння групы здароўя.

Да 80 працэнтаў немаўлят у Беларусі — здаровыя і атрымліваюць 8 балаў праз 1 хвіліну і 8—9 балаў праз 5 хвілін пасля з'яўлення на свет (ад 0 да 7 балаў праз хвіліну пасля нараджэння атрымліваюць апошнімі гадамі каля 3 працэнтаў). 10 балаў сустракаецца рэдка. Колькасць дзяцей з нізкай ацэнкай па шкале Апгар апошнімі гадамі змяншаецца дзякуючы арганізацыі перынатальнай дапамогі, укараненню абсталявання высокага класа, новых метадаў прагназавання, лячэння і прафілактыкі захворванняў у цяжарных і нованароджаных, павышэнню кваліфікацыі спецыялістаў у радзільнях.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: 10 балаў — гэта рэдкасць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».