Вы тут

З якімі пытаннямі звяртаюцца да дэпутата Дзмітрыя Гурскага


Камп'ютарныя гульні, уладкаванне ў садок, упарадкаванне веладарожак, рахункі за тэлефон і асабістыя канфлікты...

З гэтымі і іншымі пытаннямі звяртаюцца выбаршчыкі да дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Дзмітрыя Гурскага па месцы жыхарства. Каб трапіць на чарговы прыём у Гомелі, людзі тэлефанавалі загадзя. Хваляваліся, ці не перанесена сустрэча.


— Усё згодна з графікам, — адказвае памочнік Вольга Крупянка.

І роўна ў 16.00 — першы наведвальнік, першая скарга.

Гамяльчанка Іна Аксёнчык эмацыянальна спрабуе даказаць, што яе сын не заслугоўвае статус утрыманца:

— Сын прыйшоў з арміі 15 мая 2015 года. Праз тыдзень ён падаў дакументы у Дэпартамент аховы Савецкага раёна, дзе на працягу 4 месяцаў праходзіў медыцынскую камісію. Урэшце яму сказалі, што ён непрыгодны — камісію ён не прайшоў. 5 кастрычніка яго ўзялі па працоўным дагаворы ў гандлёвы дом «Рагачоў», а з 1 снежня сына перавялі на кантракт. Тым не менш нам прыйшоў ліст — трэба заплаціць. У выніку мы з мужам павінны аддаць за сына гэтыя грошы.

З аналагічным пытаннем да дэпутата звяртаецца і ваенны пенсіянер Міхаіл Ганчароў, які таксама просіць дапамогі ў сувязі з «лістом шчасця» ад падатковай. Ён таксама расказвае пра свайго сына:

— Ён хварэе на псіхічную хваробу, стаіць на ўліку ў адпаведным дыспансеры. Інваліднасць яму не даюць, але з уліку не здымаюць. На працу ўладкавацца не можа. Адкуль у яго грошы? Мы павінны іх выплачваць за хворага сына. Нам кажуць у падатковай: як чалавек вас разумею, але як чыноўнік павінен выконваць дэкрэт.

Дзмітрый Гурскі ўважліва выслухоўвае бацькоў і абяцае разабрацца ў кожнай сітуацыі персанальна. Дае парады, куды звярнуцца па неабходныя даведкі, і каментуе, што дакумент «аб дармаедах» патрабуе сур'ёзнага ўдасканалення. Заўважвае: часам людзі расказваюць толькі тую інфармацыю, якая ім выгадна, і нешта не дагаворваюць. Таму пра кожны выпадак абавязкова трэба даведацца і з іншага боку.

У старшыні вулічнага камітэта вуліцы Яраслаўскай Валерыя Рошчына прапаноў шмат. Былы інжынер-дарожнік сёння незадаволены тым, як уладкаваны тратуары, асабліва ў прыватным сектары горада. Да таго ж дадае, было б зручна, каб веласіпедыстам дазволілі ў межах горада ездзіць па праезнай частцы, а не па тратуарах.

Дзмітрый Гурскі не згодзен з наведвальнікам:

— Мы знаходзімся ў цэнтры Еўропы і не можам не ўлічваць вопыт нашых заходніх суседзяў. Там ўсюды веласіпедысты ездзяць па тратуарах. У нас сапраўды пакуль не паўсюдна ёсць абазначэнне паласы руху для іх, але ж працэс паступова ідзе. Да таго ж, калі веласіпедыстам было дазволена ездзіць па аўтадарогах, няшчасных выпадкаў з цяжкімі наступствамі было значна больш.

Другая прапанова пенсіянера датычыцца камп'ютарных гульняў. Ён выказвае меркаванне, што пры іх продажы павінна быць абавязковае папярэджанне, што гульня можа быць небяспечнай:

— Можа, трэба пісаць, колькі дзецям можна гуляць часу і гэтак далей?

Дзмітрыю Гурскаму разважанні пра камп'ютарныя гульні падабаюцца. Ён згодны: сапраўды, іх продаж павінен ажыццяўляцца асобам, старэйшым за 18 гадоў:

— Важна, каб не дзеці самі сабе куплялі гульні, а каб бацькі неслі за гэта адказнасць. Тым больш, што многія камп'ютарныя гульні ўтрымліваюць элементы жорсткасці, эротыкі і іншыя небяспекі для псіхічнага здароўя непаўналетніх.

У Алены Маслянковай, шматдзетнай маці, пытанне датычыцца ўладкавання ў садок малодшага сына, з якім яна цяпер у водпуску па доглядзе дзіцяці. Па былым месцы жыхарства яны стаялі ў чарзе на месца ў садку, але ж па прыватных прычынах сям'я пераехала ў аддалены раён горада, дзе месцаў у школе-садку няма:

— У Прыбарскай школе-садку перад намі яшчэ 9 дзяцей у чарзе. Мне прапанавалі Урыцкае. Але маё дзіця не пераносіць перавозак — у яго слабы вестыбулярны апарат. У мяне няма бабулек, і застаецца толькі звальняцца з працы ці мне, ці мужу, каб даглядаць дзіця.

Жанчына — юрыст па адукацыі, і сама разумее, што ў гэтай складанай жыццёвай сітуацыі няма іншага выхаду. Дарэчы, яшчэ адна наведвальніца просіць дэпутата пазбавіць яе... ад пастаянных абраз 19-гадовага сына:

— Мы жывём у трохпакаёвай кватэры ўтраіх. Сын, дачка з сіндромам Даўна, якой 21 год, і я. Сын затэрарызаваў мяне і дачку. Міліцыя сітуацыю ведае. Што рабіць далей? Ён не дае нам спакойна жыць.

Дэпутат не псіхолаг, але ж спрабуе пагаварыць з жанчынай пра тое, што прыватнае жыццё сям'і прыйдзецца наладжваць асабістымі намаганнямі. Размяняць жылплошчу ці заяўляць у міліцыю на сына з мэтай выселіць яго з кватэры — гэта выбар самой маці і ніхто за яе яго не зробіць.

Пенсіянер Васіль Лісіцкі незадаволены рахункамі, выстаўленымі яму за карыстанне стацыянарным тэлефонам:

— Чаму бяруць грошы, калі ты здзейсніў званок, але не дазваніўся? У мяне за месяц так атрымалася аж 12 разоў!

Між тым, каментуе сітуацыю Дзмітрый Гурскі, прадпрыемства, якое ажыццяўляе паслугі стацыянарнай тэлефоннай сувязі, можа дыктаваць умовы — бо яно манапаліст у краіне і выбару ў кліента няма. Калі б была сапраўдная канкурэнцыя паміж пастаўшчыкамі такіх паслуг, магчыма, тарыфы былі б больш гнуткімі:

— Пакуль не сутыкаешся асабіста — не бачыш, якія ў людзей набалелыя праблемы. Што тычыцца жыровак, тут павінен быць узаемны працэс. Сёння атрымліваецца, калі кліент пратэрмінаваў і своечасова не аплаціў паслугі ЖКГ, яму выстаўляюць пеню. А чаму прадпрыемствы гэтай галіны, калі няправільна зрабілі разлікі, не выплачваюць людзям кампенсацыю? Яны ж грашыма кліента скарысталіся. Наша камісія па жыллёвай палітыцы і будаўніцтве цяпер займаецца і законапраектам, які павінен рэгламентаваць утрыманне жывёл. Пытанняў многа. Трэба ўвесці абмежаванне па колькасці хатніх жывёл, якіх можна трымаць у кватэры. Трэба вызначыць асобна, што гаспадары павінны прыбіраць за жывёламі, якіх выгульваюць на вуліцы.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

іost@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Пакуль не сутыкаешся — не бачыш

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.