Вы тут

Сталічная сістэма ЖКГ падводзіць вынікі рэформы


Новаўвядзенні, якія пачалі ўкараняць каля двух гадоў таму, у першую чаргу закранулі падзел функцый заказчыка і выканаўцы. Раней ЖРЭА, па сутнасці, аказвалі паслугі самім сабе, што ў пэўнай ступені паслабляла кантроль за якасцю. Цяпер за права праводзіць пэўныя работы, напрыклад, прыбіраць пад'езды, дзяржаўныя арганізацыі і прыватныя кампаніі, змагаюцца на тэндарнай аснове.


Яшчэ адной важнай навіной стала стварэнне кантакт-цэнтра ЖКГ і ўвядзенне адзінага тэлефоннага нумара 115. У лістападзе 2015 года кантакт-цэнтр пачаў сваю работу ў двух раёнах горада: Партызанскім і Першамайскім, ужо да канца лютага 2016-га да службы паступова далучыліся і астатнія раёны.

Як адзначыў начальнік упраўлення кантакт-цэнтра г. Мінска Ігар КІРЫЛЕНКАЎ, служба працуе ў рэжыме 24/7. Усе выклікі, якія паступаюць на нумар 115, фіксуюцца. Раней, калі не існавала адзінага нумара, толькі кожны чацвёрты выклік афармляўся ў заяўку, цяпер можна пракантраляваць нават тое, колькі разоў мінчане звяртаюцца па адным і тым жа пытанні. Работа тэлефоннай лініі арганізавана па прынятым ва ўсім свеце стандарце 80/40: на працягу 40 секунд 80% заяўнікаў павінны датэлефанавацца. Аднак гэтыя параметры не выконваюцца ў выпадку буйной аварыі. Калі ж з праблемай жыхар сталіцы звяртаецца на інтэрнэт-партал 115.бел, адказ павінен паступіць на працягу васьмі рабочых дзён. За час існавання партала было прынята каля 48 тысяч заявак, больш за 90% праблем атрымалася вырашыць.

— Здавалася б, кароткі просты нумар — гэта добра, аднак на 115 нярэдка тэлефануюць, каб выклікаць таксі, заказаць піцу ці ўдакладніць расклад руху аўтобусаў, — з усмешкай расказаў Ігар Кірыленкаў.

Па словах начальніка ўпраўлення кантакт-цэнтра, тэматыка зваротаў носіць сезонны характар: узімку цікавяць пераважна пытанні ацяплення і энергазабеспячэння, а летам — санітарнага стану і водазабеспячэння. Адна з задач кантакт-цэнтра — аналізаваць характар выклікаў. Дзякуючы гэтаму, у кожным раёне былі вызначаны 10 самых «праблемных» па розных параметрах дамоў.

Генеральны дырэктар дзяржаўнага аб'яднання «Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка» Віталь СМІРНОЎ нагадаў, што з мэтай аптымізацыі 131 ЖЭС была ператворана ў 48 ЖЭУ. Саму арганізацыю ўзбуйнілі: да яе далучыліся «Ліфтсэрвіс», «Белліфт», «Мінскводаканал», «Мінсккамунцепласеткі». У той жа час няпрофільныя актывы — фарфоравы завод, ваенкаматы, кароўнікі, цеплатрасы, кабельныя сеткі, вадаводы — перасталі адносіцца да арганізацыі. Аб'екты, якія доўгі час не эксплуатаваліся, былі знесены. Усе разрозненыя разлікова-даведачныя цэнтры аб'яднаны ў адзіны. Каля 650 адзінак тэхнікі, якія былі задзейнічаны зрэдку, перададзены спецыялізаваным арганізацыям.

Што датычыцца машыннай уборкі двароў ад снегу, то рабіць гэта з прычыны занятасці двароў аўтамабілямі вельмі цяжка. Ёсць вялікая рызыка пашкодзіць іх. Акрамя таго, мінчане адгукнуліся на пастанову, якая датычыцца ўборкі сваіх машына-месцаў. У перыяд моцных снегападаў мінімум траціна з іх была расчышчана.

Складаным пытаннем застаецца ўкараненне пакватэрнага ўліку цяпла. цяпер у Мінску ёсць 600 дамоў, дзе ўжо можна весці падобны тып уліку, аднак паслугай карыстаюцца жыхары толькі 200 з іх. Астатніх бянтэжыць тое, што спачатку трэба будзе аплаціць поўны кошт, а пра пераразлікі, а адпаведна і вяртанне грошай, можна будзе казаць толькі пасля заканчэння ацяпляльнага сезона. Аднак тыя, хто ўжо карыстаецца паслугай, лічаць яе вельмі зручнай.

Дырэктар аб'яднання выступіў супраць павелічэння пені за неўплату паслуг. Даўжнікі складаюць менш за 3% ад агульнай колькасці плацельшчыкаў, большасць з іх трапляюць у спісы з-за непамятлівасці, такім чынам праблема вырашаецца на працягу 2—3 дзён.

Высяленне — гэта крайняя мера. У мінулым годзе было вынесена такое рашэнне толькі ў шасці выпадках, аднак жыльцы пакуль не выселеныя, у іх усё яшчэ ёсць права пагасіць запазычанасць.

— Сярод нашых асноўных задач — палепшыць якасць паслуг без павышэння тарыфаў. У 2016 годзе насельніцтва Беларусі аплачвала каля 60% кошту жыллёва-камунальных паслуг, да 2018 года лічба павінна дасягнуць 100%, — сказаў Віталь Смірноў. — Дзякуючы рэформе ЖКГ Мінска ў мінулым годзе ўдалося сэканоміць 35 мільёнаў дэнамінаваных рублёў.

Дар'я КАСКО

kasko@zvіazda.by

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Аварыя ліквідуецца неадкладна

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.